16 красавiка 2024, aўторак, 11:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Маладыя беларусы спяваюць хіты Уладзіміра Мулявіна

14
Маладыя беларусы спяваюць хіты Уладзіміра Мулявіна

12 студзеня споўнілася б 72 гады народнаму артысту СССР, заснавальніку ансамбля «Песняры» Уладзіміру Мулявіну.

Дзень нараджэння вялікага музыкі адзначылі ў Вялікай зале Белдзяржфілармоніі, пішуць «Беларускія навіны».

Дзень нараджэння

З 2009 года ў Нацыянальным акадэмічным народным аркестры Беларусі ім. Жыновіча пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, прафесара Міхаіла Казінца склалася традыцыя адзначаць дзень нараджэння Уладзіміра Мулявіна канцэртам з ягоных твораў. У гэтым годзе канцэрт складаўся з дзвюх частак. У першай прагучала рок-опера «Песня пра долю», у другой - песні з рэпертуару папулярнага ВІА.

Рок-оперу «Песня пра долю» аркестр імя Жыновіча аднавіў у мінулым годзе, прымеркаваўшы яе да 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы, бо менавіта ягоная паэма «Адвечная песня» легла ў аснову музычнага твора Уладзіміра Мулявіна.

Прэм'ера рок-оперы адбылася ў 1976 годзе, але тады «Песняры» і не падазравалі, што робяць музычную гісторыю вялікай краіны. Рок-оперу не запісалі на вініл, не было ніводнага прафесійнага запісу на радыё або тэлевізіі.

Кампазітар і дырыжор аркестра імя Іосіфа Жыновіча заслужаны артыст Беларусі Аляксандр Крамко аднавіў партытуру, слухаючы аматарскі запіс «Песні пра долю». Музыказнаўца аркестра Вольга Брылон не раз пабывала ў музеі Янкі Купалы, спраўджваючы тэкст паэмы. Затым правялі кастынг вакалістаў на вядучыя ролі ў рок-оперы. У мінулым годзе прэм'ера адноўленай рок-оперы прайшла з аншлагам!

І вось у дзень нараджэння Уладзіміра Мулявіна на сцэну выйшлі Пётр Ялфімаў у ролі Янкі Купалы, Кацярына Дзегцярова ў ролі Маці і Жонкі і Ян Жанчак у ролі Мужыка.

У мінулым годзе Пётр Ялфімаў, як заўсёды, прафесійна праспяваў, у гэтым - ён яшчэ і пражыў на сцэне ўсю оперу ад першай да апошняй ноты. Салістка Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Кацярына Дзегцярова пышна па-акторску абыграла ролі Маці і Жонкі, а ейныя вакальныя характарыстыкі вышэй за усялякую пахвальбу.

Ян Жанчак - малады спявак, талент якога з кожным выступам усё яскравей раскрываецца, быў пераканаўчы ў ролі Мужыка.

Андрэй Коласаў, Сяргей Савіцкі, Андрусь Данілевіч і Уладзіслаў Даніловіч выдатна далі рады васьмі эпізадычным ролям. А дуэт Вясны (Андрэй Коласаў) і Мужыка - адна з найпрыгажэйшых музычных сцэн рок-оперы.

Неадназначнае ўражанне засталося ад удзелу ў рок-оперы «Песня пра долю» самабытнага музычна-харэаграфічнага калектыву «Госціца», дэманстравала нейкія паганскія танцы, якія здаваліся іншародным целам у раскошным музычным палатне. Увогуле, танцавальная задума рэжысёркі рок-оперы і кіраўніцы «Госціцы» Ларысы Сімаковіч малазразумелая.

У другой частцы канцэрта Ян Жанчак, Андрэй Коласаў, Сяргей Савіцкі, Пётр Ялфімаў і ансамбль «Дыямент» пад кіраўніцтвам Наталлі Шэсцярэнь выдатна выканалі хіты Уладзіміра Мулявіна, у прыватнасці: «Ручнікі», «Александрына», «Завушніцы», «Калядачкі», «Ой, ляцелі гусі з броду», «А Ў полі Вярба», «Чырвоная ружа».

Публіка выкупала артыстаў у воплесках. На канцэрце прысутнічаў намеснік міністра культуры Тадэвуш Стружэцкі, ён таксама не шкадаваў далоняў, пляскаючы артыстам. Засмучае толькі, што Міністэрства культуры не даслала кветак музыкам.

Канцэрт 12 студзеня ў Белдзяржфілармоніі памяці Уладзіміра Мулявіна адбыўся пад патранатам ягонай ўдавы Святланы Пенкінай, якая пераканала кіраўніцтва тэлеканала «Беларусь 1» запісаць праграму, трансляцыя якой запланаваная на 26 студзеня.

Дата смерці

26 студзеня 2013 спаўняецца 10 гадоў з дня смерці Уладзіміра Мулявіна. У лістападзе мінулага года ў Дзяржаўным Крамлёўскім Палацы з'ездаў прайшоў канцэрт «Песняры» на ўсе часы, прымеркаваны да гэтай даты. Для ўдзелу ў ім запрашалі Беларускі дзяржаўны ансамбль «Песняры» і гурт «Беларускія песняры». Таксама ўдзельнічалі артысты старэйшага пакалення, якія выступалі ў часы СССР у адных канцэртах з «Песнярамі» Уладзіміра Мулявіна.

БДА «Песняры» адмовіўся ад выступу ў канцэрце. Цалкам верагодна, што кіраўніцтва Дзяржансамбля слушна разважыла, што ў такім канцэрце больш лагічным будзе ўдзел артыстаў, якія дзясяткі гадоў працавалі поплеч з Уладзімірам Мулявіным, а гэта і ёсць музыкі «Беларускіх песняроў», чым навабранцаў дзяржаўнага ансамбля.

Са слоў мастацкага кіраўніка БДА «Песняры» Вячаслава Шарапава, пытанне аб усталяванні помнікаў Уладзіміру Мулявіну ў Екацярынбургу і Менску разглядаецца на ўзроўні дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы Рыгора Рапоты. У Екацярынбургу ўзніклі праблемы з пляцоўкай - гарадскія ўлады не ўзгадняюць абранае месца, а вось грошы на помнік практычна сабраныя. У Менску пакуль, фактычна, няма нічога, акрамя намераў.

А як вы ўспамінаеце Уладзіміра Мулявіна?

Уладзімір Марусіч - бубнач, працаваў у «Песнярах» пад кіраўніцтвам Мулявіна, у «Беларускіх песнярах», цяпер - у адным са складаў «Песняроў», зарэгістраваных у Расеі:

- У памятныя даты прыходжу на магілу Уладзіміра Георгіевіча. Выбіраю такі час, каб пабыць там адному: мяркую, што могілкі не тое месца, дзе дарэчы пафас і тлум.

Уладзіміра Мулявіна ў нашым калектыве памятаюць заўсёды. Больш за тое, калі нас называюць «Песняры» Ігара Свечкіна, гэта не зусім так. Мы па-ранейшаму уважаем Уладзіміра Мулявіна за нашага кіраўніка, кажам пра гэта публіцы, і людзі нас разумеюць. Ігар жа, як і калісьці за Мулявіным - дырэктар ансамбля. У апошні час для нас праблема выступіць, а значыць, і менш магчымасцяў данесці да публікі песні Уладзіміра Мулявіна, у якіх уся ягоная душа.

Вячаслаў Шарапаў - мастацкі кіраўнік БДА «Песняры»:

- Калі наш калектыў у Менску, то абавязкова едзем на могілкі. Гэта ўжо традыцыя. Да цяперашняй сумнай гадавіны падрыхтавалі новую песню, прысвечаную Уладзіміру Георгіевічу. Вершы напісала Вольга Залеская, а ў музыцы гучаць цытаты з песень Уладзіміра Мулявіна. Паўстала дзве праблемы: тэкст жаночы, і, на мой погляд, выканаць такую песню мае права толькі чалавек, які быў з Мулявіным на ты. Да нас у калектыў вярнулася Людміла Ісупова - у свой час Уладзімір Мулявін запрашаў яе для працы ў рок-оперы «Песня пра долю». Вось яна і запісала песню: Людміла Міхайлаўна ў выдатнай вакальнай форме, таму атрымалася вельмі прыгожа. Называецца песня проста - «Прысвячэнне Майстру». Спадзяюся, што на адным з тэлеканалаў адбудзецца прэм'ера кліпа на гэтую песню.

Уладзіслаў Місевіч - заслужаны артыст БССР, адзін з заснавальнікаў «Песняроў», музыка ансамбля «Беларускія песняры»:

- Калі ў нас бываюць канцэрты 12 або 26 студзеня, вядома, мы ўспамінаем Валодзю. Адна з яркіх песень у выкананні Мулявіна - «За паўгадзіны да вясны» - вось яе і прысвячаем яго памяці. Вядома, ніхто не праспявае так, як Валодзя. Але наша публіка слухае гэтую песню са слязамі на вачах, людзі ўстаюць, уключаць падсвятленне мабільных тэлефонаў, як быццам запальваюць свечкі ...

У лістападзе мінулага года з ініцыятывы Анатоля Шчэлакава - былога дырэктара «Песняроў», выдатнага джазавага музыкі і цяпер паспяховага бізнэсоўцы, прайшоў канцэрт «Песняры» на ўсе часы «у Крамлёўскім палацы, прымеркаваны да 10-й гадавіны з дня смерці Уладзіміра Мулявіна. Хтосьці папікаў арганізатараў - Дзяржаўны Крамлёўскай палац у тым, што канцэрт праходзіў за паўтары месяца да жалобнай даты, але адміністрацыі ДКП вельмі цяжка знайсці «фортку» у графіку выступаў, распісаных на гады наперад. Дарэчы, і 30-годдзе «Песняроў» у Маскве адзначалася праз два гады пасля юбілею.

Не ўсё задуманае ў праграме «Песняры на ўсе часы» атрымалася, на жаль, не ўсе запрошаныя артысты адгукнуліся. Прыемна, што ў канцэрце прынялі ўдзел Іосіф Кабзон, Ларыса Доліна, Тамара Гвердцытэлі, Аляксандр Маршал, Алег Газманаў. Анатоль Кашапараў прыляцеў з Амерыкі.

Што тычыцца нашага выступу, то нам усім спадабаўся супольны нумар з «Буранаўскімі бабулямі». і я ўпэўнены, што і Валодзю такое прачытанне «Касіў Ясь канюшыну» прыйшлося б па душы.

Не ведаю, як іншыя артысты, мы выступалі ў гэтым канцэрце бясплатна, пра што няма ніякіх шкадаванняў. Як і пра тое, што нам давялося скасаваць два канцэрты, каб адрэпетаваць усе дуэты. Адзінае, што моцна засмуціла: афіцыйныя структуры, акрамя газеты «СБ-Беларусь сегодня», абыякавыя да таго, што адбываецца вакол імя Мулявіна за межамі нашай краіны.

Мулявіна, спадзяюся, не толькі я ўспамінаю заўсёды, а не з нагоды той ці іншай даты. Казаў і зноў паўтаруся: незаменныя ёсць. Гэта пацвярджае тое, што песні Уладзіміра Мулявіна і праз 40 гадоў упрыгожваюць «Залатую калекцыю» нашай эстрады, іх бяруць у свой рэпертуар маладыя артысты.

Леанід Барткевіч - заслужаны артыст БССР, саліст «Песняроў» пад кіраўніцтвам Мулявіна, цяпер - кіраўнік аднаго з саставаў «Песняроў», зарэгістраваных у Расеі:

- Абавязкова паеду з кветкамі на могілкі. Для мяне Валодзя Мулявін - старэйшы брат, бацька, сябар, самы лепшы чалавек на зямлі! Двойчы ён запрашаў мяне ў «Песняры» - у далёкім 1970 годзе і пасля некалькіх гадоў жыцця ў Амерыцы.

Калі мяне запрашалі, заўсёды ўдзельнічаў у канцэртах памяці Валодзі Мулявіна. Я яго ўважаю за генія. «Песнярам» больш за 40 гадоў, Мулявіна ўжо 10 гадоў няма з намі, а яго песні жывуць і будуць жыць. Іх спявае моладзь - гэта тое, пра што Валодзя марыў! Нікому не трэба хвалявацца, што ёсць некалькі складаў «Песняроў» - людзі самі разбяруцца, на чые канцэрты хадзіць. Усім стае публікі, і, я думаю, Мулявін гэтаму мог бы толькі парадавацца.

Пасля смерці Валодзі Мулявіна з'явілася шмат ягоных «сяброў», пра існаванне якіх ён і не здагадваўся. Гэта - жыццё, такая доля шмат якіх вялікіх артыстаў: хто толькі не грэецца ў праменні іхняй славы.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках