29 сакавiка 2024, Пятніца, 11:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кулінковіч: Пасля такога адказу «чорныя спісы» разгорнуцца напоўніцу

25
Кулінковіч: Пасля такога адказу «чорныя спісы» разгорнуцца напоўніцу

Падчас прэс-канферэнцыі Аляксандр Лукашэнка двойчы прызнаўся, што нічога не ведае пра існаванне ў Беларусі забароненых музыкаў.

Больш за тое, ён звярнуўся да намесніка кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Радзькова:

«Вы мне, калі ласка, паведаміце аб гэтых «чорных спісах»! Я хацеў бы ведаць, каму мы тут перашкаджаем спяваць, танцаваць ці штосьці іншае. Паверце, я нікому такіх загадаў не аддаваў. Ну, а калі хтосьці, я так мяркую, апляваў краіну, то хтосьці, напэўна, за гэта заплаціў, тады хай таму і спяваюць. Хаця я, зноў жа, хацеў бы ведаць аб гэтых фактах, бо яны мне напраўду невядомыя».

Аўтар пытання Аляксандр Кулінковіч, які ў апошні час грае выключна напаўлегальныя канцэрты, адказам застаўся незадаволены. Нават больш, музыка мяркуе, што цяпер ціск на «забароненых» яшчэ больш узмоцніцца.

«Ад такога адказу, хутчэй за ўсё, будзе толькі горш, - тлумачыць «Еўрарадыё» сваё стаўленне лідар Neuro Dubel. - У нашай краіне ўсе баяцца, таму спісы цяпер пойдуць напоўніцу. Чыноўнікі скажуць: «А ці мала што!? Вы ж разумееце! А давайце ўсё ж яшчэ раз забаронім!»... Усё ж чыноўнікі разумеюць, што калі прэзідэнт кажа, што нешта дрэнна, то гэта добра, напраўду... У нас жа ў краіне ўсё наадварот».

Згаджаецца з калегам і спявак Зміцер Вайцюшкевіч, які не адыграў ніводнага паўнавартаснага канцэрта ў 2012-м годзе:

«Я б на месцы Лукашэнкі таксама нічога не ведаў пра «чорныя спісы», бо калі яшчэ і аб «спісах» ён будзе ведаць, то гэта наогул ...» - з сарказмам разважае Зміцер.

Лявон Вольскі, які пасля гучнай забароны менскай прэзентацыі альбома «Крамбамбулі» наогул адмовіўся ад спробаў выступаць у Беларусі, успрыняў адказ кіраўніка краіны з усмешкай:

«Факт ёсць факт, у нас у краіне існуе забароненая музыка, - кажа Лявон. - А хто што кажа - абсалютна неістотна. Пакуль будзе гэтая ўлада, «спісы» будуць з’яўляцца з рознай інтэнсіўнасцю. Магчыма, яны будуць знікаць, будзе пэўная адліга, але потым яны з'явяцца зноў».

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках