16 красавiка 2024, aўторак, 11:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ладуцька адмовіўся прыняць пастара «Новага жыцця»

35
Ладуцька адмовіўся прыняць пастара «Новага жыцця»

Пастару царквы «Новае жыццё» Вячаславу Ганчарэнку адмоўлена ў прыйманні ў старшыні Менгарвыканкама Мікалая Ладуцькі.

Улады горада 15 студзеня паведамілі пра гэта царкве праз тэлефон, пераказаў БелаПАН юрыст «Новага жыцця» Сяргей Луканін.

З ягоных слоў, аргументавана гэтая пастанова тым, што «пытанне, якое планавалася абмеркаваць на сустрэчы, не ўваходзіць у кампетэнцыю старшыні Менгарвыканкама».

«Мы хацелі абмеркаваць адно пытанне, якое датычыцца скасавання пастановы Менгарвыканкама ад 17 жніўня 2005 года (аб канфіскацыі ў грамады зямлі і будынка), на падставе якой пачаўся юрыдычны пераслед нашай царквы, - сказаў Луканін. - Дзіўна, што пытанне скасавання ўласнай пастановы знаходзіцца па-за кампетэнцыяй старшыні Менгарвыканкама».

Юрыст нагадаў, што дамагацца сустрэчы з кіраўніком места царква пачала 30 лістапада 2012. «Тады я размаўляў з намесніцай начальніка аддзела працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Менгарвыканкама Інай Каваленкай. Яна мне паабяцала, што перадасць просьбу ў апарат старшыні выканкама. Потым ператэлефанавала ў сярэдзіне снежня і сказала, што цяпер вядзецца актыўная работа ў выпрацоўцы ўзважанай пастановы ў дачыненні да царквы «Новае жыццё». Казала, што выканкам вядзе актыўную перапіску з вышэйшымі арганізацыямі аб нашым пытанні. Планавалася, што сустрэча адбудзецца ў студзені», - сказаў Луканін.

З ягоных слоў, без адказу засталіся і пісьмовыя звароты ў Адміністрацыю прэзідэнта і ўрад краіны, якія царква адправіла 3 і 4 снежня мінулага года. У іх «Новае жыццё» таксама прасіла скасавання пастановы менскіх улад аб канфіскацыі зямлі і будынка.

Адзіны афіцыйны адказ царква атрымала ад упаўнаважанага ў справах рэлігій і нацыянальнасцяў - на зварот пастараў евангельскіх цэркваў, які яны падпісалі ў абарону «Новага жыцця». Як заявіў Луканін, адказ упаўнаважанага здзівіў з юрыдычнага пункту гледжання. У дакуменце адзначалася, што пытанне скасавання пастановы Менгарвыканкама знаходзіцца ў кампетэнцыі судовых інстанцый. «Для мяне гэта такі ж нонсэнс, як калі б сказалі, што пытанні скасаванне пастановы суда знаходзяцца ў веданні выканкама», - растлумачыў юрыст. Акрамя таго, у паперы была прыпіска, якая абвяшчае, што «Вышэйшы гаспадарчы суд ужо адмовіў у магчымасці абскардзіць гэтую пастанову».

«У Канстытуцыі гаворыцца пра тое, што галіны ўлады ў Беларусі самастойныя і ні ў якім разе не павінныя ўмешвацца ў кампетэнцыю адна адной», - адзначыў Луканін.

Гарадскія ўлады на гэтым этапе наважылі пакінуць сітуацыю вакол царквы ў падвешаным стане. Цягам гэтага тыдня, сказаў юрыст, прадстаўнікі «Новага жыцця» плануюць выпрацаваць пэўную стратэгію сваіх далейшых дзеянняў.

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках