28 сакавiка 2024, Чацвер, 22:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладзімір Лемеш: Міліцыя не адпускала нават пасля суда

13
Уладзімір Лемеш: Міліцыя не адпускала нават пасля суда

Аштрафаваны судом Першамайскага раёна горада Менска актывіст «Еўрапейскай Беларусі» распавёў пра акалічнасці свайго затрымання.

Па словах маладога чалавека, увечары 14 студзеня ў яго было запланавана некалькі важных сустрэчаў, звязаных з тэматычнай выставай, прысвечанай лістам палітвязняў. Першая сустрэча павінна была адбыцца ў 16:00 на станцыі метро «Акадэмія навук», піша ПЦ «Вясна».

- У пераходзе да мяне падбеглі людзі ў цывільным, махнулі перад тварам «скарыначкамі» і пачалі штурхаць у бок. Маё патрабаванне прадставіцца і даць уважліва паглядзець іх дакументы, а таксама агучыць прычыну майго затрымання, было праігнаравана, - распавёў Уладзімір Лемеш. - Я стаў клікаць на дапамогу мінакоў. Прыбег нейкі супрацоўнік метро. Тады людзі ў цывільным сталі спакайней, паказалі гэтаму чалавеку свае дакументы, а мне сказалі, што ў аддзяленні ўсё растлумачаць.

У маладога чалавека адабралі мабільны тэлефон і на сінім мікрааўтобусе адвезлі ў Першамайскі РАУС. У пастарунку высветлілася, што асобамі ў цывільным былі супрацоўнікі спецназа міліцыі. Яны нібыта вялі аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, а затрыманы актывіст «Еўрапейскай Беларусі» быў вельмі падобны на нейкага злачынцу.

- У пастарунку, аднак, маё падабенства са злачынцам ніхто не правяраў. Абвінавацілі ў «размахванні рукамі" і непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі. Рабілася ўсё вельмі цынічна. Склалі ліпавы пратакол і пасадзілі на ноч у «стакан». Камера два на два метры, без вокнаў з бетоннай лавай, - апісвае сваё знаходжанне ў Першамайскім РАУС Уладзімір Лемеш.

Раніцай хлопца адвезлі ў суд Першамайскага раёна. Пасяджэнне праходзіла ў невялікім кабінеце. У якасці сведкі быў запрошаны толькі спецназавец, які затрымліваў маладога чалавека напярэдадні.

- Суддзя прапанаваў мне прызнаць віну, каб змякчыць пакаранне. Віны я не прызнаў, маё затрыманне было абсалютна незаконным і, відавочна, звязаным з маёй грамадска-палітычнай дзейнасцю. У выніку атрымаў штраф памерам 3 мільёны рублёў, хоць міліцыянты перад судом «абяцалі» мне 15 сутак, - кажа актывіст «Еўрапейскай Беларусі».

Па словах маладога чалавека, такі прысуд стаў для прысутных супрацоўнікаў міліцыі нечаканасцю. І хоць судовае паседжанне было скончана, міліцыянты яшчэ на працягу 15 хвілін не выпускалі хлопца з будынка суда. Толькі пасля кансультацый з вышэйстаячым начальствам праваахоўнікі вызвалілі Уладзіміра Лемеша.

На абскарджанне рашэння суду малады чалавек мае дзесяць сутак, аднак пакуль ён канчаткова не вырашыў, ці варта губляць час, так як лічыць вынік загадзя вядомым. Актывіст упэўнены, што ў дадзеным выпадку суд не стане на яго бок.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках