28 сакавiка 2024, Чацвер, 18:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Валер Булгакаў: Улады ігнаруюць Каліноўскага праз страх паўстання

54
Валер Булгакаў: Улады ігнаруюць Каліноўскага праз страх паўстання

Лукашэнкаўскі рэжым змагаецца з памяццю пра паўстанне 1863 года, бо баіцца, што яго можа напаткаць падобны гістарычны вопыт.

Пра гэта заявіў беларускі філосаф і былы рэдактар часопіса «Arche» Валер Булгакаў у інтэрв'ю тэлеканалу «Белсат».

Менавіта Кастусь Каліноўскі сваёй грамадска-палітычнай дзейнасцю выклікаў хвалю дэбатаў пра Беларусь, беларусаў і іх мову, што мела вялікае значэнне ў канцы XIX стагоддзя, упэўнены ён.

«Фактычна праз 20-30 гадоў пасля таго, як адбылося паўстанне, пасля таго, як Кастусь Каліноўскі надрукаваў улёткі на беларускай мове, пасля таго, як яго асудзілі ў Вільні, паўстаў беларускі нацыянальны рух. Удзельнік паўстання Францішак Багушэвіч стаў бацькам беларускай сучаснай нацыі», - тлумачыць Валер Булгакаў.

Зразумела, што з боку ўладаў Беларусі, якія фактычна перанялі дыскурс расейскага самаўладдзя, постаць Каліноўскага, з якім асацыюецца супраціў улады са зброяй у руках, не можа выклікаць станоўчых ацэнак. Тут можна ўспомніць заснаваную пасля набыцця краінай незалежнасці ўзнагароду імя Каліноўскага, якую ніхто так і не паспеў атрымаць: яе адразу ж скасаваў Лукашэнка.

Аднак, мяркуе Булгакаў, не трэба перабольшваць сімвалічнага значэння дзеянняў дзяржавы падчас спробы сцерці асобу кіраўніка паўстання з нацыянальнай памяці. Ён кажа, што беларусы на падсвядомым узроўні шануюць Каліноўскага:

«Выходзяць публікацыі, праходзяць канферэнцыі, праводзяцца навуковыя даследаванні, нават робяць татуіроўкі на грудзях».

Са слоў Булгакава, нацыянальна-ангажаваная частка грамадства ўжо ўспрыняла і культывуе памяць аб паўстанні і ягоным кіраўніку, а дзяржава дыстанцуецца, бо баіцца, што яго можа напаткаць падобны гістарычны досвед:

«Падобна на тое, што беларускі рэжым нельга рэфармаваць дэмакратычным шляхам, таму паўстанне, бунт набываюць у гэтай сітуацыі асаблівую вастрыню», - кажа Валер Булгакаў.

Напісаць каментар 54

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках