19 красавiка 2024, Пятніца, 20:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Колькасць ахвяр захопу заложнікаў у Алжыры дасягнула 48

1
Колькасць ахвяр захопу заложнікаў у Алжыры дасягнула 48

Не менш 48 чалавек загінулі ў выніку чатырохдзённай аблогі газавага радовішча на ўсходзе Алжыра, дзе баевікі-ісламісты ўзялі ў заложнікі рабочых.

У нядзелю на тэрыторыі газаздабыўнога комплексу Ін-Аменас былі знойдзеныя яшчэ 25 целаў. На дадзены момант устаноўлена, што ўсе загінулыя былі заложнікамі, большасць з якіх - замежнікі. Працягваюцца пошукі яшчэ не менш 20 чалавек, пра лёс якіх пакуль нічога невядома, паведамляе ВВС.

У нядзелю, згодна з наяўнай інфармацыяй, былі арыштаваныя пяцёра баявікоў.

Як заяўлялі ўлады Алжыра ў суботу, у ходзе спецаперацыі былі забітыя ўсе 32 баевікі, якія захапілі заложнікаў. Аднак, па словах меркаванага арганізатара нападу Махтара Белмахтара, у нападзе прымалі ўдзел 40 баявікоў.

Улады Алжыра паабяцалі, што дакладныя дадзеныя аб агульнай колькасці ахвяр з абодвух бакоў будуць апублікаваныя пазней.

Па словах міністра энергетыкі, чакаецца, што прадпрыемства, адказнае больш чым за 10% усёй вытворчасці газу ў Алжыры, адновіць працу ў аўторак.

«Абвяшчэнне вайны»

Міністр Юсеф Юсфі таксама паабяцаў узмацніць меры бяспекі на энергетычных аб'ектах. У той жа час, паводле яго слоў, пытанне прыцягнення замежных спецслужбаў да забеспячэння бяспекі алжырскіх нафтагазавых комплексаў «нават не абмяркоўваецца».

Спецаперацыя па вызваленні заложнікаў пачалася ў суботу днём.

Як гэта было

Напад на аўтобус: у 5 гадзін раніцы па мясцовым часе 16 студзеня ўзброеныя баевікі напалі на два аўтобусы, якія перавозілі рабочых на газавае радовішча Ін Аменас. У перастрэлцы загінулі брытанец і алжырэц.

Узяцце заложнікаў: у Тыгантурыне баевікі захапілі ў заложнікі алжырскіх і замежных рабочых, якія знаходзіліся ў жылым раёне і на асноўным газавым радовішчы.

Войска акружае комплекс: сілы бяспекі і алжырскае войска атачылі баявікоў. Заходнія лідэры, у тым ліку прэм'ер-міністр Велікабрытаніі Дэвід Кэмеран, папрасілі Алжыр не рабіць актыўных дзеянняў, не пракансультаваўшыся з імі.

Войска атакуе: апоўдні 17 студзеня алжырскія сілы напалі на баявікоў, якія спрабавалі вывезці некаторых заложнікаў. Па паведамленнях у прэсе, некаторым заложнікам удалося ўцячы, аднак астатнія былі забітыя.

ЗША: сітуацыя ў Алжыры - сведчанне сілы «Аль-Каіды»

Як толькі вайскоўцы перайшлі да актыўных дзеянняў, ісламісты пачалі забіваць заложнікаў. Вядома, што расстраляныя былі сем чалавек - як загінулі астатнія, пакуль невядома.

Па словах алжырскіх афіцыйных асоб, баевікі пагражалі падарваць прадпрыемства і перабіць усіх заложнікаў, калі ўлады паспрабуюць вызваліць іх сілай.

Прэм'ер-міністр Велікабрытаніі Дэвід Кэмеран і прэзідэнт ЗША Барак Абама заявілі, што захоп і смерць заложнікаў - справа рук тэрарыстаў. Міністр абароны Францыі Жан-Іў Ле Дрыан у нядзелю назваў захоп сотняў чалавек у заложнікі «абвяшчэннем вайны».

Па некаторых дадзеных, ісламісты патрабавалі, каб французскія ўлады неадкладна спынілі ваенную аперацыю ў Малі.

«Больш за ўсё мяне абурае, што мы называем гэта «захопам заложнікаў», хоць на самай справе, калі ў палоне апынулася такая колькасць людзей, гэта ўжо акт вайны», - сказаў Ле Дрыан у інтэрв'ю французскаму тэлебачанню.

Махтар Белмахтар, які не прымаў удзелу ў нападзе, заявіў, што яго ажыццявіла група, якую ён узначальвае. Яго відэазварот быў размешчаны на маўрытанскім вэбсайце Sahara Media. Сцвярджаецца, што ролік быў запісаны 17 студзеня, калі аблога яшчэ працягвалася, аднак абнародаваны ён быў толькі цяпер.

Жорсткі адказ

Дэвід Кэмеран заявіў, што напад ў Алжыры стаў «напамінам пра тэрарыстычную пагрозу»

Брытанскі прэм'ер заявіў, што Велікабрытанія збіраецца зрабіць усё, каб пытанне аб барацьбе з тэрарызмам стала першачарговым на парадку дня сусветнай супольнасці.

Выступаючы ў сваёй рэзідэнцыі ў Бакінгемшыры, Кэмеран сказаў, што напад баевікоў на газавы комплекс у Алжыры стаў напамінам пра тэрарыстычную пагрозу.

«Гэта глабальная пагроза, якая запатрабуе глабальных мер у адказ. Адказваць на яе давядзецца гадамі, нават дзесяцігоддзямі, а не месяцамі», - сказаў брытанскі прэм'ер-міністр.

«Адказ павінен быць цвёрдым і разумным, але, перш за ўсё, ён павінен паказаць нашу абсалютную рашучасць, і гэтым мы будзем займацца ў бліжэйшыя гады», - паабяцаў Дэвід Кэмеран.

Брытанія выкарыстоўвае сваё старшынства ў G8, каб зноў падняць пытанне аб барацьбе з тэрарызмам на міжнародным узроўні, сказаў прэм'ер.

Кэмеран пацвердзіў гібель траіх брытанскіх падданых. Лёс яшчэ траіх, а таксама пецярых нарвежцаў і дзесяці японскіх грамадзян застаецца невядомым.

Улады Калумбіі паведамілі пра гібель свайго грамадзяніна, які меў від на жыхарства ў Брытаніі і працаваў на BP.

Бухарэст таксама заявіў пра гібель аднаго грамадзяніна Румыніі.

Шматдзённы кашмар

Завод па перапрацоўцы газу размешчаны ў пустыні амаль у паўтары тысячах кіламетраў на паўднёвы ўсход ад сталіцы Алжыра і ў 60 кіламетрах на захад ад мяжы з Лівіяй.

У сераду баевікі захапілі завод і жылы комплекс газавікоў, а таксама здзейснілі напад на аўтобус, які перавозіў замежнікаў, забіўшы пры гэтым двух чалавек - брытанца і алжырца.

Па некаторых дадзеных, выкрадальнікі патрабавалі завяршэння французскай ваеннай аперацыі супраць ісламісцкіх баевікоў у Малі.

Алжыр раней дазволіў французскім знішчальнікам выкарыстоўваць сваю паветраную прастору для нанясення авіяўдараў па пазіцыях малійскіх ісламістаў.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках