20 красавiка 2024, Субота, 4:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Льготнае будаўніцтва: пентхаусы і асабісты гараж замест «Белпошты»

62

Новы скандал вакол самавольнага будаўніцтва разгараецца на сталічнай вуліцы Матусевіча.

Льготнікі, якія пабудавалі тут у доме № 66 кватэры з дзяржпадтрымкай, выявілі сярод суседзяў розных начальнікаў і іх дзяцей у двухузроўневых пентхаусах, загадкавага мужчыну, які «прыватызаваў» памяшканне апорнага пункта міліцыі, і асабісты гараж на месцы аддзялення сувязі «Белпошты» на першым паверсе, піша TUT.by.

Пачалося ўсё досыць банальна: з грошай. Як высветлілі жыхары, якія ўдзельнічалі ў долевым будаўніцтве НДІ Белкаапсаюза шматпавярховага дома з дзяржпадтрымкай, кошт квадратнага метра для льготнікаў апынуўся тут такі ж, як і для нельготнікаў - прасцей кажучы, ён істотна адрозніваецца ад таго, што зацверджаны Менгарвыканкамам для маючых патрэбу грамадзян. Звароты да забудоўшчыка з просьбай пакрыць розніцу апынуліся безвыніковымі, больш за тое - жыхары апынуліся яшчэ і павінныя. Новаспечаныя ўласнікі кватэр пайшлі ў суд, дзе ў працэсе разгляду справа абрасла пікантнымі падрабязнасцямі. Настолькі пікантнымі, што імі зацікавілася сталічная пракуратура...

«Устаноўлена, што начальнік аддзела архітэктуры і горадабудаўніцтва Кукрэш Н.І. распараджэннем кіраўніка адміністрацыі Фрунзенскага раёна Менска звольненая 28.12.2011 па пагадненні бакоў, - піша намеснік пракурора Менска, старшы саветнік юстыцыі К.А. Кежун. - Паводле тлумачэння Кукрэш Н.І., пры прыёмцы закончанага будаўніцтвам аб'екта «Жылы дом № 4 па генплане (у далейшым яму быў прысвоены адрас вул. Матусевіча, 66) са ўбудаванымі памяшканнямі грамадскага прызначэння ў мікрараёне Масюкоўшчына-5» (які не адносіцца да жылых будынкаў павышанай камфортнасці) яна не прысутнічала, дадзены акт не падпісвала, кім зроблены подпіс ад яе імя, Кукрэш Н.І. невядома. У сувязі з наяўнасцю ў дзеяннях неўстаноўленай асобы, якая ўчыніла ў названым акце подпіс ад імя Кукрэш Н.І., прыкмет крымінальна каральнай дзеі матэрыялы накіраваныя ў ГУУС Менгарвыканкама для арганізацыі праверкі ў парадку, прадугледжаным крымінальна-працэсуальным заканадаўствам».

Варта заўважыць, што акт прыёмкі дома ў эксплуатацыю ад 30 чэрвеня 2012 года з падробленым подпісам галоўнага архітэктара Фрунзенскага раёна Наталлі Кукрэш ужо... другі па ліку. Раней дом аднойчы ўжо быў прыняты ў эксплуатацыю па акце ад 31 снежня 2010 года. Вось толькі ў другім акце плошча жылога дома загадкавым чынам павялічылася з 13 000 квадратных метраў да 15 135!

Што ж такога пабудавалі па адрасе: Матусевіча, 66, што спатрэбілася падрабляць подпіс галоўнага раённага архітэктара ў акце прыёмкі?.. Пра гэта ахвотна распавялі жыхары дома.

У цокальным паверсе вышыннага дома праектам прадугледжанае аддзяленне сувязі «Белпошты». Вось толькі, як высветлілася, не стукаюць тут штэмпелі і не ходзяць працавітыя паштальёны: замест гэтага памяшканне надзейна зачынена металічнымі варотамі. Што ж там знаходзіцца?..

Па словах жыхароў, высветліць гэта ім удалося толькі тады, калі яны прыпаркавалі адзін са сваіх асабістых аўтамабіляў побач з брамай. Папрасіць іх ад'ехаць выйшаў... сам дырэктар НДІ Белкаапсаюза Г.В. Германовіч! Як высветлілася, Генадзь Васільевіч сябе не пакрыўдзіў, пабудаваўшы на Матусевіча, 66 двухузроўневую кватэру-апартаменты плошчай 148 квадратных метраў. Ды яшчэ і з убудаваным гаражом, дзеля якога ахвяравалі неабходным жыхарам мікрараёна паштовым аддзяленнем...

Чаму акцэнтуецца ўвага на класе жылля? Хоць бы таму, што дом № 66 па вуліцы Матусевіча па дакументах не адносіцца да жылля павышанай камфортнасці, пры будаўніцтве якога забароненае выкарыстанне дзяржпадтрымкі.

Зрэшты, на Матусевіча, 66 прынята не толькі самім жыць з размахам, але і даваць жыць іншым. Па ўмовах дамовы, забудоўшчык павінен быў бязвыплатна перадаць ва ўласнасць горада 9 кватэр з поўным аздабленнем, пабудаваных за кошт дольшчыкаў, - пад сацыяльнае жыллё. Фактычна перададзена толькі тры, астатнія - прададзеныя.

Жыхары, праўда, упэўненыя ў адваротным. Роўна як і ў непазбежным трыумфе справядлівасці. Праўда, у міліцыю для гэтага хадзіць далекавата: як распавяла ўласніца адной з кватэр Святлана Швабоўская, апорны пункт аховы правапарадку Фрунзенскага РУУС, згодна з праектам, павінен быў знаходзіцца тут жа, на Матусевіча, 66 у цокальным паверсе. Але нядаўна жыхары асабіста пазнаёміліся з чалавекам, які прадставіўся ім як... гаспадар гэтага памяшкання. Выходзіць, «прыватызавалі» тут не толькі пошту, але і міліцыю.

Напісаць каментар 62

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках