19 красавiка 2024, Пятніца, 15:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Падаткавікі палююць за турыстамі і аўтамабілістамі

79
Падаткавікі палююць за турыстамі і аўтамабілістамі

Купляючы турпуцёўку ці машыну, грамадзяне Беларусі трапляюць у поле зроку падатковых органаў.

Калі афіцыйныя выдаткі перавышаюць даходы, людзям прапаноўваюць даплаціць падаткі. Але не ўсім.

Беларускія падатковая служба ўдасканальвае практыку выяўлення «заможных» суайчыннікаў, у якіх бачыць патэнцыйных неплацельшчыкаў падаткаў. Яны адсочваюць тых, хто набываюць турпуцёўкі ў экзатычныя краіны, кватэры або аўтамабілі. Асоба, якая зрабіла дарагую куплю, аўтаматычна трапляе пад падазрэнне, перадае Deutsche Welle.

Аб'екты павышанай увагі

Верагоднасць павышанай увагі падатковага інспектара да такога грамадзяніна шматкроць узрастае. Бо на працягу апошніх сямі гадоў беларускае міністэрства па падатках і зборах практыкуе так званы падатковы маніторынг. У аўтасалоны, рыэлтарскія і турыстычныя агенцтвы паступаюць лісты з патрабаваннем падаць у падатковыя інспекцыі спісы кліентаў з указаннем, на якія сумы тыя здзейснілі пакупкі. Затым «лісты шчасця» атрымліваюць ужо непасрэдна самі пакупнікі. Ім прапануецца патлумачыць, адкуль яны ўзялі грошы на дарагія набыцці.

Знайшоў, падарылі, атрымаў спадчыну - гэтыя і падобныя адказы павінны быць пацверджаныя і аформленыя дакументальна. Запэўніванні, што грошы былі назапашаныя за доўгія гады пазбаўленняў і аскетызму, падатковы інспектар таксама прапануе падмацаваць даведкай аб даходах за ўвесь гэты час.

Сярэднестатыстычны жыхар краіны, які не атрымліваў крэдыту, павінен гадоў 10-15 жыць на хлебе і вадзе, каб назапасіць на двухпакаёвую кватэру ў Менску. Калі ж высветліцца, што сума выдаткаў усё ж перавысіла даходы, фіскальныя органы запатрабуюць даплаціць падаходны падатак.

Як паведаміў беларускім СМІ начальнік Галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Міхаіл Расолька, практыка адсочвання буйных набыткаў грамадзянамі пастаянна ўдасканальваецца.

Аператыўная інфармацыя аб купляннях дарагіх машын, кватэр, дач, падарожжаў за мяжу, атрыманая з камерцыйных структур, старанна аналізуецца і параўноўваецца з афіцыйнымі даходамі. Па словах чыноўніка, дзякуючы такому параўнанню лік жыхароў краіны, якія даплацілі падатак, у мінулым годзе павялічыўся амаль на тысячу ў параўнанні з 2011 годам.

Каста недатыкальных

Былы старшыня праўлення Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч у сувязі з гэтым адзначае, што супраць выплаты падаткаў нічога не мае, але добра, каб гэта рабілі ўсе, а не толькі бабулі. «Пара б засяродзіць увагу дзяржавы на выдаткоўванні бюджэтных грошай, а не любых іншых сродкаў», - перакананы эканаміст. На яго думку, падатковым органам варта было б звярнуць увагу і на высокапастаўленых чыноўнікаў.

Багданкевіч успамінае, што ў бытнасць кіраўніком Нацбанка ён бываў у гасцях у калег-міністраў у апартаментах, якія ніколі не змог бы сабе дазволіць. Хаця яго зарплата і была вышэй, чым у гасцінных гаспадароў. Пасля таго як Станіслаў Багданкевіч сышоў з дзяржслужбы і заняўся палітычнай дзейнасцю, яму давялося даваць справаздачу перад падатковай інспекцыяй аб даходах за 8 гадоў.

Экс-кіраўнік Нацбанка лічыць, што гэта было палітычна матываваным ціскам. І падазрае, што для пакінутых ва ўладнай абойме калегаў падатковыя дэкларацыі па-ранейшаму застаюцца толькі пустымі фармальнасцямі, так як чыноўнікі для падаткавікоў, як і раней, застаюцца недатыкальнымі.

Не «засвяціўся» - і спі спакойна

Намеснік старшыні праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч, якому таксама давялося даваць справаздачу аб даходах за апошнія 10 гадоў, звяртае ўвагу на тое, што многія людзі могуць проста не ведаць, якія даходы абкладаюцца падаткамі, а якія не.

Хоць, па словах Стэфановіча, беларускае падатковае заканадаўства можа трактавацца вельмі адвольна. У выніку людзі трапляюць за краты, як гэта адбылося ў мінулым годзе з кіраўніком «Вясны» Алесем Бяляцкім. Нагадаем, што суд прысудзіў праваабаронцу да 4,5 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці менавіта за ўхіленне ад выплаты падаткаў. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі назвалі працэс і прысуд палітычна матываванымі.

З-за рознай трактоўкі заканадаўства многія лічаць за лепшае лішні раз з беларускімі падатковымі органамі не сутыкацца. Напрыклад, менскі бізнесмен Аляксандр, які папрасіў не называць яго прозвішча, прызнаўся, што пасля куплі новай машыны ў аўтасалоне і эпапеі са здачай падатковай дэкларацыі ён спрабуе свае выдаткі афіцыйна не «засвечваць».

«Улада павінна пачаць з сябе»

Як распавёў сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў, падобная сітуацыя і ў турыстычнай галіне. У выніку заможныя вандроўцы з Беларусі аддаюць перавагу заказваць дарагія туры праз агенцтвы Масквы або Кіева, каб не мець праблем з фіскальнымі органамі на радзіме.

Даходы беларускіх чыноўнікаў непразрыстыя для грамадзян

Разам з тым Віктар Маргелаў асцерагаецца, што адсочванне дарагіх пакупак можа ператварыцца ў кампанію, мэта якой - пагоня за паказчыкамі. «Можа быць, падатковай інспекцыі не трэба спрабаваць спагнаць падаткі з пакупніка 15-гадовага Opel Record, а варта заняцца ўладальнікамі катэджаў, якія каштуюць мільёны даляраў? » - задаецца пытаннем Маргелаў.

Паводле яго слоў, пошук беларусаў, якія ўхіляюцца ад выплаты падаткаў, павінен быць цесна звязаны з барацьбой з карупцыяй. «У гэтым пытанні ўлада павінна пачынаць з сябе. Яна павінна быць цалкам празрыстай не толькі ў пытанні даходаў, але і выдаткаў чыноўнікаў і членаў іх сем'яў», - перакананы лідэр бізнес-саюза. Пакуль жа такой празрыстасці, наракае Маргелаў, у Беларусі не назіраецца.

Напісаць каментар 79

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках