23 красавiка 2024, aўторак, 19:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Журналіста «Еўрарадыё» пазбавілі акрэдытацыі

6

Падставай для адпаведнага рашэння МЗС стаў адміністрацыйны арышт Паўла Свярдлова, абвінавачанага ў «нецэнзурнай лаянцы» летам 2012 года.

Нагадаем, раніцай 22 чэрвеня спецназаўцы затрымалі Паўла Свярдлова побач з домам. У той жа дзень суддзя Маскоўскага раёна Таццяна Мотыль прысудзіла яго да 15 сутак арышту за «нецэнзурную лаянку ў грамадскім месцы», хоць сам карэспандэнт сваю віну катэгарычна адмаўляе. Павел Свярдлоў - выкладчык культуралогіі і ўладальнік «Крыштальнай савы». А ў пратаколе, які грунтуецца на сведчаннях міліцыянтаў, сказана, што ён лаяўся матам «беспадстаўна» і «бязадрасна». Затрыманне і разгляд справы прайшлі з такой хуткасцю, што адвакат нават не паспела даехаць да суда.

Сусед Паўла Свярдлова па пад'ездзе на свае вочы бачыў момант затрымання. Паводле яго слоў, 22 чэрвеня ў 10 гадзін раніцы да Свярдлова падышлі два моцных хлопца і завялі яго ў сіні мікрааўтобус. Пры гэтым журналіст нічога не выкрыкваў і супраціўлення не аказваў, перадае «Еўрарадыё».

Але суддзя палічыла дастатковымі паказанні двух міліцыянтаў. Таксама яе не збянтэжыла тое, што ў паказаннях супрацоўнікаў міліцыі былі відавочныя супярэчнасці. Адзін з міліцыянтаў паведаміў, што, знаходзячыся каля дома па вуліцы Рафіева, 80, чуў, як Павел Свярдлоў лаяўся па адрасе: Лермантава, 80. Аднак такога адраса папросту не існуе. Ды і адлегласць паміж гэтымі вуліцамі - кіламетраў 5. Пачуць штосьці складана.

Гарадскі суд пакінуў рашэнне суддзі Таццяны Мотыль у сіле. Разглядам справы займалася суддзя Алена Шылько. Гэтак жа, як і Таццяна Мотыль, яна ўнесеная ў спіс службоўцаў, якім забаронены ўезд у ЕЗ.

Не прынесла выніку і абскарджанне пастановы ў Вярхоўным судзе, які адмовіўся звяртаць увагу на паказанні сведкі аб тым, што сам Свярдлоў у судзе першай інстанцыі настойваў на тым, што іншых сведкаў, акрамя супрацоўнікаў міліцыі, пры затрыманні не было.

Павел Свярдлоў меў акрэдытацыю да 30 красавіка 2013 года. МЗС акрэдытаваў яго пры менскім карпункце «Еўрарадыё» ў 2010 годзе і затым двойчы падаўжаў акрэдытацыю. Згодна з п.15.2 Палажэння аб парадку акрэдытацыі журналістаў замежных СМІ, МЗС мае права пазбавіць акрэдытацыі карэспандэнта ў выпадку парушэння ім «заканадаўства Рэспублікі Беларусь».

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках