28 сакавiка 2024, Чацвер, 18:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Настаўнікі ідуць у дворнікі

41
Настаўнікі ідуць у дворнікі

Нягледзячы на нястачу ў Берасці вакансій настаўнікаў-прадметнікаў, мясцовы ВНУ далей масава рыхтуе педагогаў вузкага профілю.

Наглядным пацвярджэннем сітуацыі, якая склалася можа служыць гісторыя Сяргея Восіпава, які пасля заканчэння геаграфічнага факультэта Берасцейскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пушкіна вось ужо больш за пяць гадоў дарэмна спрабуе знайсці працу адпаведна спецыяльнасці. За гэты перыяд педагог-географ з вышэйшай адукацыяй вымушаны быў працаваць усё адно дзе і як, але толькі не ў школе, паведамляе карэспандэнт charter97.org.

Цікава, што пакуль Сяргей завочна вучыўся ў ВНУ, ён паспеў набыць патрэбны досвед працы ў педагагічным калектыве. Са слоў Восіпава, без адрыву ад вучобы ён пачынаў лабарантам у кабінеце фізікі, часам падмяняючы настаўніцу гэтага прадмета. Затым быў лабарантам у кабінеце хіміі ў ліцэі, вёў прадмет «Сусвет», а цягам двух з паловай гадоў выкладаў і «родную» геаграфію ў адной з берасцейскіх школ, падмяняючы настаўніцу, якая пайшла ў дэкрэтны адпачынак.

Аднак гэтыя 2,5 гады сталіся астатнімі ў ягонай педагагічнай кар'еры: калега з дэкрэтнага адпачынку выйшла, пасля чаго Сяргей быў вымушаны пакінуць школу. Як высветлілася пазней, надоўга. Педагог з вышэйшай адукацыяй і стажам працы застаўся незапатрабаваным, а ўсе спробы знайсці месца ва ўстановах адукацыі адпаведна спецыяльнасці сутыкаліся з апрыкрай фразай - «вакансій няма».

Замест працы адпаведна спецыяльнасці ва ўпраўленні адукацыі Сяргею Восіпаву прапанавалі на выбар наступныя вакансіі - сацыяльны педагог у вечаровай школе (0,5 стаўкі), педагог-арганізатар у школе і выхавальнік у садках абласнога цэнтра альбо ў вёсках. Як слушна заўважае Сяргей, гэтыя спецыяльнасці патрабуюць зусім іншай адукацыі ды іншай падрыхтоўкі.

Усё ж адну з вакансій - папрацаваць лабарантам у школе - Восіпаў успрыняў з энтузіязмам, пакуль не даведаўся, што месячны заробак не перавысіць 1 мільён рублёў, а толькі адна паездка на маршрутцы да месца працаўладкавання складае 3 тысячы. Вось і атрымліваецца, што цяпер працоўная кніжка Сяргея Восіпава «спісаная» рознымі месцамі працы і спецыяльнасцямі. Ён быў дворнікам у садку, рабочым на заводзе металавырабаў, ладаваў паддоны, паспрабаваў сябе ў ролі сацыяльнага педагога ў цэнтры карэкцыйна-развівальнага навучання і, вядома, стаяў на ўліку ў службе занятасці. Дзе яму заўсёды прапаноўвалі вакансіі, ніяк не звязаныя з атрыманай у ВНУ спецыяльнасцю.

Каб не страціць атрыманыя ва ўніверсітэце веды, Восіпаў яшчэ ў 2011 годзе склаў кнігу «Гісторыя геаграфічных адкрыццяў», урыўкі з якой пачалі публікаваць у спецыялізаваным часопісе «Геаграфiя. Праблемы выкладання». Атрымліваецца, што там яго навыкі як географа запатрабаваныя, а вось у родным горадзе Берасці - не.

Былі марнымі і звароты маладога педагога ў Міністэрства адукацыі з просьбай развязаць пытанне аб працаўладкаванні. Адтуль ліст Восіпава «спусцілі» ва ўправу адукацыі Берасцейскага аблвыканкама, дзе адрэагавалі наступным тэкстам:

«Ва ўстановах адукацыі, размешчаных на тэрыторыі Берасця і Берасцейскай вобласці, цягам апошніх трох гадоў назіраецца лішак настаўнікаў геаграфіі. Заяўка ўстаноў адукацыі вобласці ў 2010/2011 навучальным годзе на маладых спецыялістаў са спецыяльнасцю «Геаграфія», «Геаграфія. Біялогія» складалася з 7 чалавек, быў накіраваны 21; у 2011/2012 годзе - 13 чалавек, было накіравана - 34; на 2012/2013 заяўка складала 11 чалавек, накіравана - 30».

Як стала вядома charter97.org, мала што змянілася і ў плане набору новых студэнтаў у БрДУ імя Пушкіна, які калісьці скончыў сам Восіпаў. Паводле афіцыйных звестак, у гэтым навучальным годзе на дзённую форму навучання павінны былі прыняць 30 чалавек на спецыяльнасць «Геаграфія», 25 чалавек - «Геаграфія. Біялогія», 27 чалавек - «Геаграфія. Эканоміка». Калі дадаць да гэтага яшчэ 25 завочнікаў, то вынікне, што больш за сотню будучых географаў пасля атрымання дыпломаў будуць стаяць перад дылемай - заняцца пошукам працы адпаведна спецыяльнасці (працэс можа расцягнуцца на гады) або працаваць у цалкам іншай сферы. І, падобна, наўрад ці бліжэйшым часам сітуацыя зменіцца кардынальным чынам.

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках