19 красавiка 2024, Пятніца, 15:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Jamestown Foundation: Лукашэнка працягвае «вайну» супраць ЕЗ

50
Jamestown Foundation: Лукашэнка працягвае «вайну» супраць ЕЗ

На беларускім тэлебачанні пачаўся новы этап інфармацыйнай вайны з Захадам.

Ён звязаны з паказам дакументальнага фільма «Псеўдамадэрн», які выйшаў у снежні мінулага года, піша палітолаг Дэвід Марплз на сайце Jamestown Foundation (пераклад - charter97.org). Прыводзім вытрымкі з артыкула:

Дзяржаўная тэлекампанія абвінаваціла еўрапейцаў у спробе падпарадкаваць Беларусь з дапамогай прыватызацыі прадпрыемстваў і замены рэжыму Лукашэнкі на празаходні ўрад.

Нечаканая атака з боку афіцыйных прапагандыстаў стала самай адкрытай за апошнія 10 гадоў. Перадумовай для яе стаў «Еўрапейскі дыялог па мадэрнізацыі Беларусі», які быў ініцыяваны еўракамісарам па пытаннях пашырэння і палітыкі суседства Штэфанам Фюле ў сакавіку 2012 года. Гэта першы буйны праект ЕЗ, які тычыцца Беларусі, з моманту заснавання «Усходняга партнёрства» амаль чатыры гады таму.

У праграме ў адрас Бруселя былі вылучаныя абвінавачванні ў тым, што для рэалізацыі праекта вылучылі 11,9 мільярдаў даляраў у той час, як для развіцця шасці краін «Усходняга партнёрства» знайшлі толькі 798 тысяч. Прапагандысты выкарыстоўвалі дзве стратэгіі для дыскрэдытацыі ініцыятывы: заявы мясцовых і замежных экспертаў і крытыку апазіцыйных палітыкаў. У заключэнне гледачы пачулі захопленыя словы пра стан айчыннай эканомікі.

У ліку мясцовых экспертаў, якія прынялі ўдзел у съмках, былі палітолагі Алена Панамарова, Юрый Шаўцоў і Вадзім Гігін. Апошні сцвярджаў, што еўрапейцы спрабуюць «бюракратычнай рэвалюцыяй» разбурыць сістэму знутры з дапамогай «агентаў уплыву».

Сярод замежных экспертаў былі Аляксандр Рар з нямецкага «Савета па міжнародных адносінах», Йохан Галтунг, дырэктар швейцарска-нарвежскага інстытута, і Рычард Фальк, вядомы сваёй падтрымкай руху ХАМАС.

Яны казалі пра тое, што ў Еўропе існуе «прафесійнае лобі» па дыскрэдытацыі Беларусі, асноўная віна якой заключаецца ў «адмове падпарадкавацца эканамічнай інтэрвенцыі Захаду».

Таксама ў праграме паказалі актывістаў апазіцыі, якія прысутнічалі на сустрэчах у Бруселі. Аўтары заявілі, што іх здымалі «схаванай камерай». Прадстаўнікі апазіцыі, сярод якіх былі Станіслаў Шушкевіч, Аляксандр Мілінкевіч, Міхаіл Пастухоў, Уладзімір Мацкевіч і іншыя, паказаныя ў якасці дыверсантаў, якія імкнуцца навязаць краіне сваю эканамічную мадэль.

Дэманстрацыя фільма супала з тым, што аналітык Аляксей Мядзведскі апісвае, як спробу чыноўнікаў «зняць адказнасць за дыялог з Захадам у 2008-2010 гадах». На яго думку, каманда на чале з былым міністрам замежных спраў Сяргеем Мартынавым тады не дамаглася прагрэсу і павінна быць заменена. З гэтым аналітык звязвае і вяртанне Віктара Шэймана.

Было б спрашчэннем, аднак, рабіць выснову, што афіцыйны Менск проста павярнуўся спіной да Еўропы. Беларускі экспарт у ЕЗ склаў амаль 40 адсоткаў у мінулым годзе. На кампаніі з ЕЗ прыпадае 50 адсоткаў замежных інвестыцый. Еўропа занадта важная для рэжыму. Хутчэй за ўсё, беларускія ўлады спрабуюць заняць больш моцную пазіцыю для палітычнага гандлю.

Напісаць каментар 50

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках