20 красавiка 2024, Субота, 17:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Чаўнакоў» пазбавяць бясплатнай медыцыны?

218
«Чаўнакоў» пазбавяць бясплатнай медыцыны?

Пракуратура Гродзенскай вобласці прапанавала адмовіць «чаўнакам» у бясплатнай медыцыне і танных дзіцячых садках.

«Чаўнакі», якія ездзяць у Польшчу і Літву як на працу і возяць салярку, цыгарэты, не змогуць бясплатна лячыцца ў шпіталях і паліклініках, а таксама плаціць за дзіцячы садок па дзяржаўных расцэнках. Аб гэтым піша газета «Вечерний Гродно».

Такім чынам пракуратура вобласці прапаноўвае змагацца з кантрабандыстамі, а таксама з грамадзянамі, якія не хочуць плаціць падаткі і працуюць нелегальна.

«Напрыклад, пры наведванні паліклінікі чалавек павінен будзе паказаць страхавы поліс, - кажа пракурор вобласці Віктар Марозаў. - Прапануецца таксама ўвесці дыферэнцыраваную плату за дзіцячы садок».

На сёння ўстаноўлена, што не менш за 18 тыс. жыхароў Гродзенскай вобласці, якія знаходзяцца ў працаздольным узросце, нідзе афіцыйна не працуюць, але пры гэтым ездзяць на дарагіх машынах, маюць дарагія катэджы або з'яўляюцца ўласнікамі некалькіх кватэр. Яны не плацяць падаткі, але карыстаюцца паслугамі аховы здароўя, іх дзеці наведваюць дзіцячыя садкі і школы. Хутчэй за ўсё, гэта тыя людзі, якія зарабляюць на нелегальным гандлі.

Пракурор удакладніў, што пры падліку не ўлічваліся пенсіянеры, інваліды і непаўналетнія. Усіх, хто жыве не па сродках, запросяць у падатковую інспекцыю і папросяць расказаць, дзе яны ўзялі грошы на нябеднае жыццё.

Падаткавікі будуць шукаць багатых

Як патлумачыў на прэс-канферэнцыі намеснік начальніка ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб ІМПЗ РБ па Гродзенскай вобласці Віктар Рынкевіч, у гэтым годзе падатковая будзе надаваць асаблівую ўвагу тым людзям, якія не маюць сталай крыніцы прыбытку, аднак купляюць дарагія рэчы. У большасці гэта як раз тыя, хто зарабляе на памежным бізнесе. Напрыклад, на перавозцы паліва і тавараў.

Таксама ў зону асаблівай увагі трапяць тыя, хто не можа пацвердзіць легальнасць даходаў, але пры гэтым набывае нерухомасць, аўтамабілі і іншыя дарагія рэчы.

Падатковыя інспектары звернуць увагу і на тых, хто робіць фінансавыя аперацыі на буйныя сумы, гэта значыць прадае або купляе акцыі або аблігацыі.

Паводле інфармацыі ІМПЗ, за 2012 год адзначана ў 2 разы больш парушэнняў у дэклараванні даходаў. Па фізічных асобах даналічана 1,046 млрд рублёў, што на 609,2  вышэй за ўзровень 2011 года. Па звестках Віктара Рынкевіча, у большасці гэта «перавозчыкі».

Правераць будаўнікоў і аўтаслесараў

Па звестках начальніка ўпраўлення каардынацыі і арганізацыйнай працы ІМПЗ па Гродзенскай вобласці Мікалая Кейдзюка, асаблівую ўвагу нададуць незаконным бізнэсмэнам - тым, хто займаецца нелегальнымі перавозкамі, будаўніцтвам і рамонтам кватэр, абслугоўваннем і рамонтам аўтамабіляў.

Меры па барацьбе з незаконным прадпрымальніцтвам актывізаваліся ў мінулым годзе. У выніку на 229 парушальнікаў суд наклаў штраф на агульную суму 294 млн рублёў, было канфіскавана незаконна атрыманага даходу на 677 млн.

Напісаць каментар 218

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках