24 красавiка 2024, Серада, 15:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Берасцейскай цытадэлі будуюць элітнае жыллё

81

Усчынаецца новы скандал, звязаны з будаўніцтвам элітнага жылля на ахоўнай тэрыторыі каля мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой».

Для шмат каго з берасцейцаў сама ідэя будаўніцтва новага жылля амаль усутыч да легендарнай Цытадэлі здавалася нейкім непаразуменнем альбо недарэчным жартам. Бо мемарыял з'яўляецца гістарычна-культурнай каштоўнасцю Рэспублікі Беларусь вышэйшай катэгорыі («0»), і каб пачаць тут якую-небудзь будоўлю, патрэбна прайсці мноства ўзгадненняў з мінімальнымі шанцамі на станоўчае развязанне пытання.

Аднак, як высветліў карэспандэнт charter97.org, ніякіх непаразуменняў і жартаў: цяпер на вуліцы Зубачова поўным ходам ідзе будаўніцтва жылога комплексу «Старая крэпасць» у шэсць-восем паверхаў. Больш за тое, у Берасці размешчаныя маляўнічыя рэкламныя шчыты, якія запрашаюць грамадзян і юрыдычныя асобы набыць жыллё ва ўласнасць (усяго выстаўлена на продаж 85 кватэр). Як атрымалася даведацца, у даляравым эквіваленце кошт двух-і трохпакаёвых кватэр складае ад 70-ці да 90 тысяч.

Высветліліся і іншыя цікаўныя акалічнасці гэтай будоўлі. Праект жылога комплексу «Старая крэпасць» паказалі на рэспубліканскім фестывалі архітэктуры ў 2009 годзе, дзе ён быў узнагароджаны першай прэмія ў намінацыі «жыллёвае будаўніцтва». Першапачаткова ўзводзіць комплекс збіралася даволі вядомая фірма «Трайпл», аднак цяперашні забудоўшчык і выканаўца - ТДА «Полі-Сэрвіс» - выкупіла права яго будаўніцтва ў структуры, якая належыць Юрыю Чыжу.

І ўсё ж галоўнае пытанне: якім чынам атрымалася абыйсці суровыя нормы Закона «Аб ахове гістарычна-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь», згодна з якім ахоўная зона - гэта недатыкальная тэрыторыя паміж існай забудовай і помнікам гісторыі і культуры. У артыкуле 29 гэтага закона згадваецца, што «распрацоўка горадабудаўнічай і землеўпарадкавальнай дакументацыі, а таксама іншай праектнай дакументацыі, рэалізацыя якіх можа ўздзейнічаць на гістарычна-культурныя каштоўнасці, без нанясення ўстаноўленых зон аховы нерухомых матэрыяльных гістарычна-культурных каштоўнасцей або без іх устанаўлення забараняецца».

Як стала вядома charter97.org, Міністэрства культуры Беларусі, у структуры якога ёсць навукова-метадычная рада ў пытаннях гістарычна-культурнай спадчыны (закліканая абараняць ахоўную зону Берасцейскай цытадэлі), ніякіх парушэнняў не ўгледзела і палічыла мэтазгодным «палепшыць эстэтычныя якасці» аб'ектаў гарадской асяроддзя ў непасрэднай блізкасці ад помніка архітэктуры і гісторыі. Маўляў, будаўніцтва жылога дома вядзецца на тэрыторыі «зоны рэгулявання забудовы».

Між тым, калектыў мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» даўно імкнецца да атрымання статусу помніка, прызнанага UNESCO, што адкрывала б велізарныя магчымасці як для мемарыяла, так і для рэгіёна ў цэлым. І гэтая будоўля можа паставіць крыж на перспектывах атрымання такога прэстыжнага міжнароднага статусу.

Неабыякавыя да гэтай тэмы берасцейцы таксама спрабуюць прадухіліць згубныя наступствы такога будаўніцтва, пакідаючы на інтэрнэт-форумах гнеўныя каментары, называючы будаўніцтва ў непасрэднай блізкасці ад Берасцейскай цытадэлі звычайным вандалізмам з санкцыі некаторых «паважаных людзей», якія сталі мясцовымі карупцыянерамі ад архітэктуры і будаўніцтва, на якіх не знайшлася ўправа з боку пракуратуры.

Аднак пакуль улады і праваахоўныя структуры захоўваюць алімпійскі спакой. А будоўля ідзе сваім ходам: увесці аб'ект у эксплуатацыю плануецца ўжо наступнай вясной.

Напісаць каментар 81

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках