24 красавiка 2024, Серада, 17:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сутыкненні ў Егіпце: супраць дэманстрантаў кінутыя войскі

22
Сутыкненні ў Егіпце: супраць дэманстрантаў кінутыя войскі

Армія і танкі выведзены на вуліцы горада Суэца для прадухілення беспарадкаў, якімі адзначаная другая гадавіна паўстання супраць рэжыму Мубарака.

Ахвярамі сутыкненняў апазіцыйных дэманстрантаў з паліцыяй сталі ўжо сем чалавек: шасцёра пратэстоўцаў і адзін супрацоўнік паліцыі. Больш за 400 чалавек пацярпелі, паведамляе ВВС.

«Мы запыталі трэцюю армію даслаць да нас падмацунак, пакуль мы не пройдзем гэты цяжкі перыяд», - падае агенцтва Reuters словы кіраўніка службы бяспекі Суэца Адэля Рэфата.

Паведамленні аб беспарадках паступаюць таксама з Каіра і Александрыі. У горадзе Ісмаілія на паўночным усходзе краіны пратэстоўцы падпалілі офіс партыі «Браты-мусульмане».

Крытыкі абвінавачваюць прэзідэнта Махамеда Мурсі, які з'яўляецца чальцом партыі «Браты-мусульмане», у здрадзе ідэалам рэвалюцыі. Ён, у сваю чаргу, гэта адмаўляе і заклікае народ супакоіцца.

У студзені апеляцыйны суд скасаваў пажыццёвы турэмны тэрмін для экс-прэзідэнта Хосні Мубарака і пастанавіў перагледзець справу супраць яго.

84-гадовы былы лідэр Егіпта застаецца ў зняволенні ў вайсковым шпіталі.

Бетонныя муры

Прыхільнікі егіпецкай апазіцыі пачалі сцякацца на плошчу Тахрыр раніцай у пятніцу. У некаторых месцах былі ўсталяваныя прапускныя пункты для праверкі асобы тых, хто прыходзіць на пляц.

Дэманстранты выставілі на плошчы фатаграфіі забітых у ходзе пратэстаў, якія адбыліся два гады таму.

«Наша рэвалюцыя працягваецца. Мы адмаўляем дамінаванне якой-небудзь партыі над нашай дзяржавай. Мы кажам «не» дзяржаве «Братоў-мусульман», - заявіў агенцтву Reuters палітычны лідар левых Хамдын Сабахі.

Дарогі, якія вядуць ад пляцу Тахрыр да некалькіх найбліжэйшых урадавых будынкаў і замежных пасольстваў, былы заблакаваныя бетоннымі загародамі, зробленымі ў лістападзе мінулага года.

Дэманстранты паспрабавалі разбурыць адну з такіх барыкад у ноч на чацвер, але неўзабаве на яе месцы з'явілася новая, каб не даць пратэстоўцам магчымасці прайсці да будынка кабінета міністраў краіны.

У ноч на пятніцу пратэсты прадоўжыліся. Тэлеканал Nile TV паведаміў аб новых сутыкненнях каля міністэрства ўнутраных спраў ля плошчы Тахрыр.

У іншых егіпецкіх местах, такіх як Александрыя, Ісмаілія і Порт-Саід, адбываюцца менш маштабныя пратэсты.

Як паведамляюць відавочцы, у Ісмаіліі моладзь уварвалася і разрабавала кантору «Партыі свабоды і справядлівасці» - палітычнага крыла «Братоў мусульман», затым падпаліла будынак.

Прынамсі ў двух месцах у Александрыі адбыліся сутыкненні: паліцыя ўжыла слезацечны газ супраць дэманстрантаў, што падпальвалі аўтамабільныя шыны.

«Стаўбуніцца чорны дым, у паветры шмат [слезацечнага] газу. Шмат хто людзей ляжаць на зямлі, бо не могуць дыхаць», - апісаў Франс прэс падзеі ў горадзе адзін з дэманстрантаў.

Дзяржаўная тэлевізія Егіпта паказала кадры таго, як дэманстранты ў Суэцы кідаюць камяні ў будынкі, у той час як матацыклы вязуць параненых з месца здарэння.

Партыя прэзідэнта Мурса «Браты-мусульмане» пастанавіла не праводзіць уласныя масавыя акцыі з нагоды гадавіны паўстання. Замест гэтага партыя плануе адзначыць свята правядзеннем дабрачынных акцый.

«Свабоды і хлеба»

Адзін з дэманстрантаў на плошчы Тахрыр заявіў: «Мы пратэстуем супраць таго, што праз два гады пасля рэвалюцыі, у ходзе якой мы прасілі хлеба, свабоды і сацыяльнай справядлівасці, ніводнае з нашых патрабаванняў не было выкананае».

Ліберальная апазіцыя абвінавачвае Мурсі ў дэспатычнасці ды імкненні прапхнуць праект новай канстытуцыі, якая не абараняе ў належнай меры правы жанчын і хрысціян.

Егіпецкі ўрад таксама часта вінавацяць у паглыбленні эканамічнага крызісу ў краіне.

Мурсі са сваімі прыхільнікамі, у сваю чаргу, абвінавачвае апанентаў у падважванні дэмакратыі, бо тыя, з ягоных слоў, не выяўляюць павагі да волі народа, які прагаласаваў за ісламістаў на выбарах год таму.

У чацвер у сваёй прамове, прысвечанай дню нараджэння прарока Мухамеда, Мурсі заклікаў жыхароў Егіпта адзначыць гадавіну рэвалюцыі «цывілізавана і спакойна, каб ухаваць нашу нацыю, нашы інстытуты, нашы жыцці».

У мінулым месяцы ён назваў новую канстытуцыю «гістарычнай», дадаўшы, што ягоным прыярытэтам з'яўляецца ўздым егіпецкай эканомікі.

Прэзідэнт таксама прызнаў, што падчас ягонага кіравання былі дапушчаныя пэўныя памылкі, але падкрэсліў, што прымае ўсе пастановы выключна ў інтарэсах краіны.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках