25 красавiка 2024, Чацвер, 12:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жарт стаў явай: Пуцін даў Дэпардзье расейскае грамадзянства

123
Жарт стаў явай: Пуцін даў Дэпардзье расейскае грамадзянства

Прэзідэнт Уладзімір Пуцін падарыў расейцам новага выбітнага суайчынніка, падпісаўшы ўказ аб прадастаўленні грамадзянства РФ французскаму акцёру Жэрару Дэпардзье.

«У адпаведнасці з пунктам «а» артыкула 89 Канстытуцыі Расейскай Федэрацыі задаволіць заяву аб прыёме ў грамадзянства Расейскай Федэрацыі Дэпардзье Жэрара Ксаўье, які нарадзіўся ў 1948 годзе ў Францыі», - паведамляецца на афіцыйным сайце Крамля ў чацвер.

Французскі акцёр вырашыў пакінуць радзіму пасля таго, як яму стаў пагражаць ўводзімы там з 2013 года 75-адсоткавы падатак для мільянераў. Дэпардзье вырашыўся на пераезд у суседнюю Бельгію, дзе падатак складае толькі 50%, піша NEWSru.com.

Прэм'ер-міністар Францыі Жан-Марк Эро назваў гэты ўчынак «даволі жаласным», і Дэпардзье ў адказ напісаў яму гнеўны ліст. «Хто вы такі, каб так мяне судзіць?.. Мяне не трэба ні шкадаваць, ні хваліць, але я не прымаю слова «жаласны». Я вяртаю вам мой пашпарт і сацыяльную карту, якой ніколі не карыстаўся. У нас больш няма агульнай радзімы».

А неўзабаве акцёр абмовіўся, што Уладзімір Пуцін нібыта «ўжо даслаў» яму расейскі пашпарт. І хоць прэс-сакратар кіраўніка дзяржавы Дзмітрый Пяскоў растлумачыў, што артыст жартуе, у Расеі да гэтай тэмы паставіліся сур'ёзна. Вялікага акцёра захацеў прытуліць у Чачні кіраўнік рэспублікі Рамзан Кадыраў, паўжартам Дэпардзье спакушаў нізкімі расейскімі падаткамі прэм'ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў. Прэзідэнт Пуцін падчас прэс-канферэнцыі таксама даў зразумець, што не супраць, і за справу ўзялася ФМС.

Варта адзначыць, што Канстытуцыйны суд Францыі ў канцы снежня адмяніў скандальны законапраект «аб падатку на мільянераў». Але Дэпардзье запэўніў, што гэта не прымусіць яго вярнуцца і прыняць назад французскі пашпарт, а прэзідэнт рэспублікі Франсуа Аланд абвясціў, што будзе дамагацца свайго: перагледзіць праект і ўнясе яго на новы разгляд у парламент.

Пытанне пра лёс Дэпардзье Уладзіміру Пуціну задалі 20 снежня на прэс-канферэнцыі ў Маскве. «Калі Жэрар сапраўды хоча мець або від на жыхарства ў Расеі, або расейскі пашпарт, то будзем лічыць, што гэтае пытанне вырашана і вырашана станоўча», - велікадушна заявіў тады Пуцін, які па Канстытуцыі мае права прадастаўляць расейскае грамадзянства замежнікам.

У той жа час прэзідэнт адзначыў: «Я ўпэўнены, што вышэйшыя службовыя асобы не хацелі пакрыўдзіць Жэрара Дэпардзье, але, як любыя чыноўнікі высокага і сярэдняга рангу, - мы заўсёды абараняем сваю палітыку, рашэнні, якія прымаюцца намі. Але калі гэта было зроблена неяк не вельмі акуратна, ну гэта прыкрае здарэнне, не больш за тое».

Артысты - гэта людзі «асаблівай душэўнай арганізацыі, тонкай, і, як у нас кажуць, «мастака лёгка пакрыўдзіць», прызнаў тады Пуцін. «Таму я разумею пачуцці спадара Дэпардзье, але павінен сказаць, што ён, хоць і заявіў - я чытаў яго заяву, - што ён лічыць сябе еўрапейцам, чалавекам свету, але я ведаю дакладна: у мяне з ім склаліся вельмі добрыя асабістыя адносіны, сяброўскія, хоць мы і нячаста бачыліся, я ведаю, што ён лічыць сябе французам, ён вельмі любіць сваю краіну, яе гісторыю і культуру, ён жыве гэтым», - сказаў прэзідэнт.

Адным з першых ператварэнне Дэпардзье ў расейца пракаментаваў уладальнік «Оскара», расейскі рэжысёр Уладзімір Меньшоў, які здымаў Жэрара Дэпардзье ў сваім фільме «Зайздрасць багоў». «Я разумею, што гэта звязана з яго падатковымі хітрасцямі. Чаму радавацца, таму, што ён плаціць цяпер падатак у расейскую казну? Гэта не значыць, што ён патрыёт Расеі», - заявіў кінематаграфіст «Русской службе новостей».

Напісаць каментар 123

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках