17 красавiка 2024, Серада, 2:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вялікабрытанія адпраўляе войскі ў Малі

Вялікабрытанія адпраўляе войскі ў Малі

Лондан накіруе каля 330 вайскоўцаў у Малі ды іншыя краіны Заходняй Афрыкі.

Яны будуць дапамагаць французскім войскам, якія вядуць наступ супраць узброеных ісламістаў на поўначы краіны, перадае ВВС.

Блізка што 40 брытанскіх вайсковых дарадцаў будуць адпраўленыя ў Малі для падрыхтоўкі ўрадавых войскаў. Астатнія будуць накіраваныя ў суседнія краіны Заходняй Афрыкі.

Міжнародны кантынгент, які ўзначальваюць французскія войскі, працягвае свой наступ на сілы ісламістаў.

Адначасова з гэтым, міжнародная супольнасць пагадзілася выдаткаваць 455 млн даляраў на дапамогу ўраду Малі.

З 330 брытанскіх вайскоўцаў 200 адправяцца ў суседнія з Малі краіны, 40 вайсковых дарадцаў будуць працаваць у самой рэспубліцы Малі. У рэгіён таксама будуць накіраваныя 90 чалавек абслуговага персаналу брытанскіх вайсковых транспартных і выведных самалётаў.

Працяглая партызанская вайна?

У Брусэлі праходзіць нарада краін Еўрапейскага Звязу, у рамках якой абмяркоўваецца пытанне, якія менавіта краіны ЕЗ дадуць войскі для падрыхтоўкі малійскай арміі, а таксама канкрэтныя дэталі гэтай місіі.

Тым часам, французскія войскі ўмацоўваюць свае пазіцыі ў занятым імі днямі горадзе Цімбукту. Чакаецца, што неўзабаве яны накіруюцца ў бок астатняга апірышча ваяўнікоў у месце Кідаль. У суботу французскія войскі таксама занялі горад Гао.

У Брытаніі прадстаўнікі апазіцыйнай лейбарысцкай партыі выказваюць устурбаванасць з нагоды павелічэння ролі сваёй краіны ў канфлікце ў Малі.

Са слоў ценевага міністра абароны Джыма Мэрфі, першапачаткова Вялікабрытанія дала Францыі толькі два транспартныя самалёты, а цяпер гаворка ідзе пра сотні брытанскіх вайскоўцаў у рэгіёне. І хоць яны не павінны браць удзел у баявых дзеяннях, пэўныя рызыкі захоўваюцца.

Вайсковыя экспэрты адзначаюць, што на падрыхтоўку дрэнна навучанай арміі Малі могуць сысці гады.

Былы начальнік Генштаба брытанскай арміі генерал Майк Джэксан падтрымлівае ініцыятыву ўрада, але папярэджвае, што сілы міжнароднага кантынгенту могуць сутыкнуцца з працяглай партызанскай вайной.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках