19 красавiка 2024, Пятніца, 15:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менчукі - супраць «рэканструкцыі» цэнтра: Лепш зруйнаваць адміністрацыю

30
Менчукі - супраць «рэканструкцыі» цэнтра: Лепш зруйнаваць адміністрацыю

У адміністрацыі Цэнтральнага раёна Менска адбыліся чарговыя грамадскія слуханні аб праекце рэканструкцыі цэнтра горада.

Грамадскае абмеркаванне выклікала сапраўдны ажыятаж: людзі стаялі нават у праходах, піша «Наша Нiва».

Увесь час (амаль дзве гадзіны), адведзеныя на абмеркаванне, сышлі на высвятленне сітуацыі аб зруйнаванні жылых дамоў, запланаваным у праекце. Менавіта жыхары такіх дамоў і склалі большасць удзельнікаў абмеркавання.

Перад пачаткам сустрэчы жыхар дома № 24 на вуліцы Раманаўская Слабада гучна агітаваў падпісвацца супраць руйнавання жылых дамоў.

«Спынім бясчынства, якое называюць унясеннем зменаў, рэканструкцыяй або трансфармацыяй. Хай жыхары самі вырашаюць, што рабіць са сваім жыллём. Хай прыходзіць інвестар і сам дамаўляецца з жыхарамі, а не прыкрываецца пастановамі раённай адміністрацыі і архітэктараў. На Заслаўскай бізнес-цэнтр хацелі будаваць, але людзі адстаялі, сабралі подпісы. Там шмат подпісаў прызналі несапраўднымі, але было два аргументаваных звароты, і будаўніцтва спынілі», - казаў ён.

Нарэшце пачалася сустрэча. Але старшыні рабочай групы, намесніку кіраўніка адміністрацыі Цэнтральнага раёна, ледзь далі зачытаць да канца склад чальцоў рабочай групы. Ініцыятыву надоўга перахапіў Аляксандр Каржанеўскі, жыхар гістарычнага цэнтра, дома на вуліцы Рэвалюцыйнай, 24.

Каржанеўскі распавёў, што іх дом на працягу ўжо 20 гадоў спрабуюць выселіць, прызнаць аварыйным паводле сфальсіфікаваных дакументаў. Ён спытаў, чаму ў рабочую камісію грамадскага абмеркавання не ўключылі прадстаўнікоў грамадскасці і адразу ж і прапанаваў, згодна з дзеючым заканадаўствам, увесці ў склад камісіі старшыню Таварыства аховы помнікаў Антона Астаповіча і яшчэ некалькіх чалавек. Зала воплескамі і аднагалосна падтрымала ініцыятыву падчас імправізаванага галасавання.

Арганізатары не падтрымалі такі крок аргументаваўшы аб неабавязковай наяўнасці прадстаўнікоў грамадскасці ў камісіі, але далучылі прапанову да пратакола пасяджэння. Пасля гэтага ў зале пачалася гарачая спрэчка з нагоды законнасці такой арганізацыі сходу.

Паветра проста «выбухала» негатывам і адкрытай нянавісцю да прадстаўнікоў уладаў.

«Ды хто яны такія?» «Мы, напэўна, ім перашкаджаем прымаць пастановы па-ціхаму ў адміністрацыі» «За збіццё без цяжкіх цялесных ўсяго 15 сутак даюць, не бойцеся», - казалі людзі.

Праз 10 хвілін слова ўсё ж узяў галоўны інжынер «Менскай спадчыны» Міхаіл Жых.

«Я вельмі рады, што гэты праект выклікаў такі рэзананс. Я хацеў бы ад нашага абмеркавання атрымаць шмат абгрунтаваных прапаноў, якія лягуць у аснову гэтага праекта, бо ён закранае інтарэсы ўсіх жыхароў сталіцы», - сказаў ён. «І інтарэсы мясцовых жыхароў будуць закранутыя толькі ў рамках падвышэння камфорту жыхароў за кошт добраўпарадкавання тэрыторыі, за кошт цеплавой мадэрнізацыі і падвышэння ступені надзейнасці інжынерных камунікацый».

Ён паведаміў, што ўжо былі прааналізаваныя і сістэматызаваны заўвагі і прапановы, атрыманыя пасля першага сходу для абмеркавання праекта, і ў абсалютнай большасці выпадкаў усе цікавяцца праблемамі жылля. Жых запэўніў, што сам жыве ў Цэнтральным раёне і потым доўга пераконваў раз'юшаных людзей пра адсутнасць падставаў для хваляванняў - іх дамы ніхто не збіраецца бурыць, бо руйнаванне не прадугледжанае праектам.

Са слоў Жыха, ранейшая пастанова было прызнаная памылковай і ўжо скарэктаваная. Пасля заканчэння грамадскага абмеркавання 31 студзеня ўсе прапановы будуць улічаныя, сістэматызаваныя, а на іх аснове падрыхтаванае заданне да УП «Менскграда» скарэктаваць праект.

Гэта стала сапраўдным «спускавым кручком»: людзі патрабавалі даць ім не вуснае абяцанне, а паперу, пісьмовы доказ таго, што яны застануцца ў сваіх кватэрах.

Падводзячы вынік, можна сказаць, што грамадства татальна не давярае ніякім прадстаўнікам улады, а праект рэканструкцыі гістарычнага цэнтра Менска ўспрымае як план перадзелу каштоўнай зямлі.

Усялякае слова чыноўнікаў сустракалася як мінімум кпінамі, а любая крытыка з боку грамадскасці, нават заклікі да ўжывання фізічнай сілы - воплескамі.

«У краіне адбываецца беззаконне, і словы Жыха накіраваныя толькі каб супакоіць. Правільна, сёння вас не зруйнуюць, заўтра вас не збураць, але паслязаўтра вы даведаецеся, што ваша маёмасць ужо не вашая паводле пастановы адміністрацыі. А потым трэба будзе хадзіць на паклон, каб прапісаць якога-небудзь сваяка» - эмацыйна гаварыла Юлія Балашэвіч, якая жыла на Раманаўскай Слабадзе і чый дом зруйнавалі.

«Менскую cпадчыну», «Мінскграда», раённую адміністрацыю абвінавачвалі ў тым, што яны «знявечылі Мінск горш фашыстаў», што «хочуць разабрацца з зямлёй да ўвядзення ў дзеяння новага Жыллёвага кодэкса і новых нормаў перадачы жылля ў іншае карыстанне».

У адказ на магчымае зруйнаванне дамоў ўдзельнікі прапанавалі аднавіць на месцы будынка адміністрацыі Цэнтральнага раёна стары Юбілейны рынак.

Чыноўнікаў такая нянавісць узлавала. Раз'юшаны Жых нават прапанаваў Каржанеўскаму адказаць за абвінавачванні ў судзе.

У выніку жыхары разышліся з намерам і далей змагацца за сваю маёмасць. Пры гэтым толькі адзінкі прынеслі пісьмовыя прапановы, бо толькі яны будуць прыняты да разгляду. Затое амаль кожны падпісаў петыцыю супраць руйнавання дамоў.

Грамадскае абмеркаванне праекта будзе доўжыцца да 31 студзеня 2013 года.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках