29 сакавiка 2024, Пятніца, 10:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Крымінальную справу супраць Аляксандра Лукашэнкі спынілі

9
Крымінальную справу супраць Аляксандра Лукашэнкі спынілі

З цёзкі беларускага кіраўніка знялі абвінавачванні.

21 студзеня дырэктарам і мастацкім кіраўніком Палескага дзяржаўнага тэатра ў Пінску прызначылі Аляксандра Лукашэнку. Справа незаўважная, калі б былы начальнік аддзела культуры Пінскага гарвыканкама ў мінулым годзе не быў пад следствам. Спачатку правяралі ягоную працу, а потым распачалі і крымінальную справу. Яго абвінавачвалі ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі. Нібыта ў лютым 2012 на тыдзень звазіў у Польшчу 9 сваякоў. Пікантнасць у тым, што паездка была за грошы з гарадскога бюджэту. І ехаць павінен быў ансамбль «Палескія зоры». Суда так і не было. «Наша Нiва» паразмаўляла з цёзкай беларускага дыктатара.

- Чым скончылася крымінальная справа?

- Справу закрылі з прычыны адсутнасці складу злачынства.

- Да суда так і не дайшло?

- Які суд, пра што вы кажаце. Следчым камітэтам справа была спынена. І ў снежні я атрымаў афіцыйны дакумент.

- За гэты час вас звольнілі з працы...

- Пачакайце, я сышоў сам з гарвыканкама. І тое, што пісалі ў некаторых СМІ, гэта ўсё на сумленні людзей, якія былі не ў тэме, не ведалі сутнасць сітуацыі.

Розныя былі артыкулы. Я гэта перажыў.

У мяне ў кастрычніку сканчаўся кантракт у гарвыканкаме. І я, не дачакаўшы заканчэння, напісаў заяву на звальнення па згодзе бакоў. Паколькі расследаванне яшчэ вялося, каб, скажам так, нікога не кампраметаваць.

Дый на сённяшнюю пасаду прызначэнне было зроблена па ўзгадненні з гарвыканкамам. А калі былі б пытанні да мяне, то на працу не прынялі.

- Расследаванне цягнулася амаль паўгода. Чаму так доўга?

- Я працаваў у гарвыканкаме да канца верасня. І ніхто мяне ад працы не адхіляў. Былі праверкі ў гэты час: і па пытаннях крымінальнай справы, і па іншых. У чэрвені справа была закрыта, потым зноў працягнулася. У кастрычніку зноў закрылі, а затым працягнулі. Для таго, відаць, каб усё дасканала праверыць-пераправерыць. Правяралі маю працу за тры гады. У выніку выявілі парушэнні, але яны былі дробнымі і не цягнулі на крымінальную справу.

- Справа супраць вас — памылка ці чыясьці помста?

- Я не хачу наконт гэтага гаварыць. Няхай тым людзям будзе добра. Я магу толькі здагадвацца.

Здараецца, кіраўнік трапляе ў сітуацыю, калі такія абвінавачванні сыходзяць ад людзей, якіх прымусіў працаваць. І яны пачынаюць па-дробнаму шкодзіць і пісаць ананімкі.

Камусьці хацелася гучнай справы. Калі адным добра, то другім становіцца кепска. Не хачу разборак з тымі, хто гэта пачаў. Калі так атрымалася, значыць і я здзейсніў кіраўніцкія памылкі.

Гэта быў дастаткова непрыемны перыяд майго жыцця: цяжка было ў маральным плане. А цяпер я хачу спакойна жыць і плённа працаваць у сферы, дзе мае веды і досвед будуць запатрабаваныя.

- А тая паездка ў Польшчу ўсё-ткі была?

- Была. Але камусьці падалося, што мы за бюджэтныя сродкі з’ездзілі. Калі б гэта было так, то мы з вамі не размаўлялі зараз. Са мной ездзілі кіраўнікі ўстаноў культуры. І мы бралі сваіх сямейнікаў і сяброў, каб паменшыць сабекошт паездкі. Мы не былі там у камандзіроўцы — ехалі за свае грошы. І шкоды дзяржбюджэту мы не нанеслі.

А тое, што ў Паронін мусіў нібыта ехаць ансамбль «Палескія зоры», то гэта няпраўда. Ансамбль планаваў ехаць праз два тыдні ў польскі Лобез на Дзень горада. У артыстаў былі нават візы гатовыя. Але тую паездку ў выніку па ўзгадненні з польскім бокам перанеслі на больш позні час.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках