20 красавiка 2024, Субота, 10:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што хаваецца за кулісамі нафтавых перамоваў?

15
Што хаваецца за кулісамі нафтавых перамоваў?

Менск і Масква ўзгаднілі ўмовы паставак расейскай нафты ў Беларусь толькі на 1 квартал 2013 года.

Эксперты патлумачылі Deutsche Welle, з чым звязаныя нязгоды, і як бакі іх пераадолеюць.

Пасля двух месяцаў перамоў аб умовах паставак расейскай нафты і нафтапрадуктаў у Беларусь у 2013 годзе бакі 28 снежня дасягнулі дамоўленасцяў, якія разлічаныя толькі на першы квартал. Прычым Менску пакуль удалося настаяць на сваім - яму паставяць чвэрць ад 23 мільёнаў тон нафты, якія Беларусь хацела б атрымаць на працягу года. Расейскі бок яшчэ нядаўна заяўляў, што плануе памяншэнне паставак - з 21,5 мільёна тон у 2012 годзе да 18 мільёнаў тон у 2013 годзе.

На думку аналітыкаў, закулісны торг, дэталі якога партнёры па Мытным саюзе спрабуюць схаваць, сведчыць пра сур'ёзныя нязгоды паміж імі як у сферы энергетыкі, так і прыватызацыі беларускай дзяржуласнасці.

Масква памякчэла часова

Начальнік аналітычнага аддзела расейскай кампаніі «Цэрых Кэпітал менеджмент» Мікалай Падлеўскіх лічыць, што пазіцыя Масквы можа быць мяккай толькі часова - на працягу 1 квартала. У гэты перыяд Расея спадзяецца на дапамогу Беларусі, паколькі не мае дастатковых магутнасцяў для вытворчасці нафтапрадуктаў больш высокага стандарту Еўра-3, на які яна пераходзіць з новага года.

«На расейскім рынку ўзнікае дэфіцыт каля аднаго мільёна тон нафтапрадуктаў такога стандарту, і купляць іх планавалася ў асноўным у Беларусі», - заявіў эксперт. На яго думку, далей неабходныя ўзаемныя крокі насустрач: Масква пастаўляе бяспошлінную нафту ў патрэбных Менску аб'ёмах на працягу ўсяго года, а той пагаджаецца на зваротныя пастаўкі нафтапрадуктаў у Расею ў аб'ёме да 2 мільёнаў тон па коштах, выгадных для расейскіх спажыўцоў.

Інакш, паказвае Падлеўскіх, ужо ў другім квартале, калі некаторыя расейскія НПЗ завершаць пераход да выпуску паліва класа Еўра-3, пазіцыя Масквы па аб'ёмах паставак нафты ў Беларусь ўзмацняецца. У любым выпадку, «нягледзячы на дэкларацыі аб глыбокай інтэграцыі Расеі і Беларусі, у доўгатэрміновай перспектыве кошт энерганосьбітаў для беларускага боку будзе паступова павялічвацца», сцвярджае расейскі эксперт.

Ён падкрэсліў, што Менск страціць тое асаблівае становішча, у якім зараз знаходзіцца з-за нізкіх коштаў на расейскія энерганосьбіты, паколькі ў самой Расеі кошт газу павышаецца штогод на 15 адсоткаў.

Абвастрэнне нявыгадна абодвум бакам

Такім чынам, тлумачыць Падлеўскіх, Масква праводзіць палітыку выхаду на роўнадаходныя кошты для ўнутраных і знешніх спажыўцоў, якая датычыцца таксама і партнёраў па Мытным саюзе - Беларусі і Казахстана. А гэта, дадае эксперт, наблізіць кошт расейскага газу да еўрапейскіх коштаў.

Беларускі аналітык нафтавага рынка Таццяна Маненок лічыць абвастрэнне супярэчнасцяў па ўмовах энергетычных кантрактаў на 2013 год невыгодным для абодвух бакоў. Яна адзначае, што Беларусь у рамках Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП) атрымала ад Расеі беспрэцэдэнтныя ўмовы па пастаўках газу і бязмытнай нафты.

Шырокія магчымасці для продажаў беларускай прадукцыі дае і свабодны доступ на расейскі рынак. Маненок нагадала, што ў мінулым годзе Менск забяспечваў дадатнае сальда знешняга гандлю за кошт ухілення ад выплат у расейскі бюджэт экспартных пошлін за нафтапрадукты, так званыя растваральнікі.

Канфлікты яшчэ наперадзе

Эксперт паказвае, што, нягледзячы на гэта, Масква была б гатовая паставіць патрэбны Беларусі аб'ём нафты, але чакае ў адказ большай згаворлівасці ў пытаннях прыватызацыі дзяржуласнасці з удзелам расейскага бізнэсу. Па словах Таццяны Маненок, прэзідэнт Лукашэнка разумее, што ўласнасць - гэта ўлада, і таму не спяшаецца з прыватызацыяй. «Так што нязгод усё ж не пазбегнуць, таму што Расея падціскае і паказвае, пры якіх умовах Беларусь будзе атрымліваць пернікі», - канстатуе эксперт.

Сярод сумесных бізнес-праектаў, на рэалізацыі якіх настойвае Расея, Маненок назвала стварэнне холдынгу на базе МАЗа і КамАЗа, аб'яднанне «Гомсельмаша» і «Ростсельмаша», стварэнне СП на базе Менскага завода колавых цягачоў і ўдзел у здабычы і продажу беларускіх калійных угнаенняў. Прычым, прагназуе эксперт, у 2013 годзе Беларусь не зможа пазбегнуць продажу некаторых актываў, так як на гэты час прыпадае пік выплат па знешніх пазыках і крэдытах.

Тэма прыватызацыі схаваная за кулісамі перамоваў аб гадавым балансе паставак расейскай нафты ў Беларусь, якія ідуць цяжка і пакуль далёкія ад завяршэння, упэўнена Маненок. Акрамя таго, дадае яна, у рамках інтэграцыйнага аб'яднання з Расеяй павінныя запрацаваць і іншыя пагадненні, якія датычацца валютнай і прамысловай палітыкі, антыманапольнага рэгулявання, што «будзе балюча для нерэфармаванай беларускай эканомікі». Таму, рэзюмуе эксперт, «канфлікты яшчэ абавязкова будуць».

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках