28 сакавiка 2024, Чацвер, 23:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Абозаў: Еўропа павінна кантраляваць вытворцаў праграм для сачэння

8
Андрэй Абозаў: Еўропа павінна кантраляваць вытворцаў праграм для сачэння

Часта для сачэння за беларусамі выкарыстоўваецца самае звычайнае абсталяванне, што абцяжарвае кантроль за пастаўкамі самой тэхнікі, мяркуе эксперт.

«Калі б можна было стварыць нейкі механізм кантролю над гэтым, гэта было б аптымальным варыянтам. Але, на жаль, абсталяванне, якое выкарыстоўваецца ў гэтых мэтах, з'яўляецца звычайным IT-абсталяваннем для сетак, не спецыялізаваным. І ўжо потым асобнае абсталяванне ў комплексе ператвараецца ў інструмент сачэння», - заявіў у інтэрв'ю сайту charter97.org адзін са стваральнікаў праекта  «Мультклуб» Андрэй Абозаў, які быў вымушаны ўцячы з Беларусі праз пераслед за сатырычныя мультфільмы пра Лукашэнку.

Са слоў эксперта, Еўразвязу варта як след прадумаць механізм кантролю за пастаўкамі такога абсталявання ў Беларусь:

«Гэткія інструменты ёсць у адміністрацыі Лукашэнкі, у Аператыўна-аналітычным цэнтры. Абмежаваць пастаўкі гэтага абсталявання досыць праблематычна, трэба шукаць больш дзейсны спосаб. Ініцыятыва еўрапарламентара Леанідаса Донскіса аб увядзенні забароны на продаж інфармацыйных тэхналогій Беларусі - гэта правільная ініцыятыва. Але варта як след прадумаць механізм кантролю».

Больш эфектыўна было б кантраляваць вытворцаў праграмнага забеспячэння пад комплексы для сачэння ў інтэрнэце, мяркуе Андрэй Абозаў:

«Пастаўнік абсталявання робіць тэхніку, напрыклад, для нейкай карпарацыі для кантролю за сваімі работнікамі. Гэта абсталяванне бяруць і ўжо выкарыстоўваюць для кантролю за грамадзянамі краіны. Я мяркую, што найперш трэба кантраляваць вытворцаў праграмнага забеспячэння пад гэтыя комплексы. Іх кантраляваць значна прасцей - бо абсталяванне часцяком выкарыстоўваецца самае звычайнае, з яго проста збіраюць комплексы. Калі проста забараніць пастаўкі гэтай тэхнікі, то пацерпіць бізнэс, ды і ўсё роўна яе будуць увозіць праз Расею».

Нагадаем, надоечы міжнародная арганізацыя «Індэкс цэнзуры» заявіла, што ўлады Беларусі істотна пашырылі свой кантроль над сферай лічбавай камунікацыі грамадзян краіны. Пры гэтым у дакладзе арганізацыі адзначаецца, што заходнія фірмы былі заўважаныя ў пастаўках абсталявання, якое дазваляе адсочваць практычна ўсё, што беларускія карыстальнікі робяць у інтэрнэце.

Раней дэпутат Еўрапарламента Леанідас Донскіс распрацаваў рэзалюцыю з прапановай забараніць продаж інфармацыйных тэхналогій рэпрэсіўным рэжымам, якія могуць іх выкарыстоўваць для цэнзуры інфармацыі і праслухоўвання апанентаў - рэжымам Беларусі, Сірыі ды Ірана.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках