20 красавiка 2024, Субота, 17:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады Венесуэлы дазволілі адкласці інаўгурацыю Чавэса

25
Улады Венесуэлы дазволілі адкласці інаўгурацыю Чавэса

Прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавэс будзе па-ранейшаму займаць сваю пасаду, нават калі не зможа прысутнічаць на інаўгурацыі ў прызначаны дзень.

Са слоў віцэ-прэзідэнта Нікаласа Мадуры, які выступіў 4 студзеня на тэлевізіі, у такім выпадку Чавэс пазней прынясе прысягу ў Вярхоўным судзе, піша lenta.ru.

Мадура падчас выступу, трымаючы ў руках тэкст канстытуцыі краіны, заявіў, што такім чынам улады маюць намер выконваць «фундаментальны элемент асноўнага закона», які заключаецца, паводле ягоных слоў, у тым, што прэзідэнт быў «пераабраны воляй нацыянальнай большасці ў выніку зусім празрыстых і законных выбараў».

Віцэ-прэзідэнт выступіў супраць прапановы прадстаўнікоў апазіцыі правесці новыя выбары, калі Чавэс не зможа прыняць удзел у інаўгурацыі. Са слоў Мадуры, нягледзячы на хваробу Чавэса, нельга сказаць, што ён увесь час адсутнічае на пасадзе, паведамляе Reuters. Заява аб «доўгатэрміновай адсутнасці» прэзідэнта стала б, паводле законаў Венесуэлы, дастатковай падставай для прызначэння новых выбараў цягам месяца, нагадвае агенцтва.

Інаўгурацыя 58-гадовага Уга Чавэса, пераабранага на шосты прэзідэнцкі тэрмін у кастрычніку 2012 года, запланаваная на 10 студзеня. Між тым у апошні час усё часцей выказваецца здагадка, што Чавэс не зможа прысутнічаць на цырымоніі праз хваробы.

11 снежня прэзідэнт перанёс чацвёртую анкалагічную аперацыю, пасля чаго ў СМІ сталі з'яўляцца паведамленні пра пагаршэнне яго здароўя. 3 студзеня ў міністэрстве інфармацыі Венесуэлы паведамілі пра пагаршэнне стану Чавэса, звязанае з цяжкай рэспіратарнай інфекцыяй, аднак афіцыйнай заявы аб пераносе цырымоніі інаўгурацыі на гэты момант зроблена не было.

Віцэ-прэзідэнт Нікалас Мадура на час лячэння Чавэса выконвае абавязкі кіраўніка дзяржавы.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках