20 красавiка 2024, Субота, 4:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейская кампанія купляе «Забудову»

Расейская кампанія купляе «Забудову»

Расейская кампанія «Русь-К» стала пераможцам аўкцыёну для набыцця 38,6%-ай дзелі Менаблвыканкама ў ААТ «Кіраўнічая кампанія холдынгу «Забудова».

Праўда, беларуская і расейская стораны не спяшаюцца дзяліцца далейшымі планамі, пакуль угода не будзе скончаная, піша TUT.by.

«27 снежня аўкцыён быў прызнаны выніковым. На таргах быў толькі адзін удзельнік. Пакет акцый Менаблвыканкама прададзены за 127 мільярдаў 680 мільёнаў рублёў, гэта значыць «пачатковы кошт плюс 5%». Пераможцам аўкцыёну стала расейская кампанія «Русь-К», - паведамілі TUT.BY ў Менскім абласным тэрытарыяльным фондзе дзяржаўнай маёмасці.

У Менаблвыканкаме сказалі, што могуць каментаваць вынікі аўкцыёну пасля таго як «кантракт будзе падпісаны, інвестар пералічыць грошы ў бюджэт». Маўляў, гісторыя ведае свежы прыклад, калі расейская кампанія набыла на аўкцыёне «Вёску-Эмульбіт», але потым ад сваіх намераў адмовілася. Згодна з заканадаўствам на працягу 20 дзён з моманту правядзення аўкцыёну павінен быць укладзены кантракт куплі-продажу. Пасля ўкладання кантракту на працягу 30 дзён пакупнік павінен унесці аплату.

Паводле наяўнай інфармацыі кампанія «Русь-К» ужо больш за 10 гадоў супрацоўнічае з холдынгам «Забудова». У Менаблвыканкаме спадзяюцца, што з прыходам інвестара «прадпрыемства будзе мадэрнізаванае, павялічацца аб'ёмы продажаў на экспарт, найперш у Расею».

«Забудова» размяшчаецца ў пасёлку Чысць Маладзечанскага раёна Менскай вобласці. На прадпрыемстве працуе больш за 2 тысячы чалавек. У структуру холдынгу, які вядзе сваю гісторыю з 1990 года, уваходзяць завод будаўнічых канструкцый (будматэрыялы з каморкавага і цяжкага бетону), дрэваапрацоўчы завод (дзвярныя блокі), завод дахоўкі, завод будматэрыялаў (сухія сумесі) і кар'ер. Холдынг мае ўласную дыстрыбуцыйную кампанію для беларускага рынку («Гандлёвая кампанія «Забудова»), гандлёвую кампанію, якая працуе ў Расеі («Гандлёвы дом «Забудова»), сельскагаспадарчую вытворчасць у Маладзечанскім, рыбную гаспадарку ў Вілейскім раёнах і будаўнічую кампанію.

Агулам дзель дзяржавы ў ААТ «Забудова» на пачатку 2012 года складала 62,52%, у тым ліку 19,99% - у рэспубліканскай уласнасці. Менаблвыканкаму да аўкцыёну належала 38,6% усіх акцый прадпрыемства. У Менаблвыканкаме адзначылі, што «дзяржава з «Забудовы» не сыходзіць». «У дзяржавы [у акцыянерным капітале «Забудовы»] будзе дзель, дастатковая для прыняцця кіраўніцкіх пастаноў», - адзначыў прадстаўнік Менаблвыканкама.

Кампанія «Русь-К» была заснаваная ў 1998 годзе. З 2000 года яна спецыялізуецца на праектаванні грамадскіх, жылых і адміністрацыйных будынкаў і збудаванняў, а таксама прыватных дамоў і катэджаў. Кампанія ўваходзіць у склад холдынгу, які займаецца будаўніцтвам і транспартнымі перавозкамі. Заснавальнікам кампаніі называюць Эдварда Тасуняна. Ён у канцы 80-пачатку 90-х гадоў узначальваў «Ерэванбуд», быў намеснікам міністра будаўніцтва Арменіі. Затым заснаваў фірму «Русь-К», якая засяродзілася над праектаванні жылых і грамадскіх будынкаў у Маскве. Гендырэктарам кампаніі значыцца Карэн Тасунян.

У ТАА «Русь-К» пацвердзілі магчымую куплю пакета акцый у «Забудовы», але ад падрабязных каментароў адмовіліся, спаслаўшыся на адсутнасць кіраўніцтва ў офісе праз працяглыя святы ў Расеі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках