19 красавiка 2024, Пятніца, 8:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прымусовую працу збіраюцца зрабіць нормай

201
Прымусовую працу збіраюцца зрабіць нормай

Прафілактычная акцыя пад назвай «працатэрапія» была праведзеная ў Шклове.

Падчас акцыі, якую праводзілі ў снежні супрацоўнікі Шклоўскага РАУС разам з УКП «Жылкамунгас» і ўправай працы, занятасцi i сацыяльнай абароны мясцовага райвыканкама, 27 непрацоўных людзей, якія знаходзяцца на прафілактычных уліках у РАУС, прымусілі прыбіраць снег на прыдамовых тэрыторыях горада Шклова, паведамляе ПЦ «Вясна».

Аб праведзенай акцыі паведаміла шклоўская раённая газета «Ударны фронт» (№ 1 ад 5 студзеня 2013 года). Са слоў карэспандэнта газеты, мэта гэтай акцыі - «прапаганда працоўнай дысцыпліны сярод непрацоўных асоб, што не хочуць паўнавартасна працаваць на карысць грамадства, што знаходзяцца на прафілактычных уліках у РАУС. Зазвычай гэта людзі, якія злоўжываюць алкаголем, учынілі правапарушэнні і раней суджаныя».

Пасля «працатэрапіі» прымусовых работнікаў сабралі ў актавай зале мясцовага РАУС, дзе райвыканкамаўскія і міліцэйскія чыноўнікі, пракурор Шклоўскага раёна расказвалі ім аб праблеме п'янства, асацыяльных паводзін, дармаедстве і заклікалі прысутных змяніць свой лад жыцця і паўнавартасна працаваць. Кіраўніцтвам РАУС і пракурорам раёна былі вынесеныя афіцыйныя папярэджанні аб недапушчэнні паўторных парушэнняў, а таксама выдадзеныя накіравання для працаўладкавання ў арганізацыях Шклова і Шклоўскага раёна.

Як піша «Ударны фронт», у Шклоўскім РАУС адзначылі, што такія «прафілактычныя акцыі» плануецца праводзіць штотыдзень. Мабыць, чыноўнікам і міліцыянтам на малой радзіме Лукашэнкі спадабалася выкарыстанне сацыяльна неабароненых людзей у якасці бясплатнай працоўнай сілы на складаных дзялянках.

Нагадаем, што ў канцы лістапада ў Шклове ў рамках акцыі «Крок насустрач», накіраванай на сацыяльную адаптацыю раней суджаных жыхароў раёна, усіх раней суджаных асоб, якія былі на сустрэчы, адправілі без іхняй згоды на «дабрачынныя» работы - прымусілі прыбіраць тэрыторыю гарадскога парка. Тады было абвешчана, што такія акцыі будуць праводзіцца штомесяц. Аднак выкарыстанне бясплатнай працоўнай сілы вельмі спадабалася Шклоўскім чыноўнікам і міліцыянтам, і яны наважылі накіроўваць людзей на прымусовыя работы штотыдзень, значна расшырыўшы іхнае кола.

Напісаць каментар 201

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках