29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія прадукты губляюць расейскі рынак

81
Беларускія прадукты губляюць расейскі рынак

Імкненне Беларусі нарасціць экспарт прадуктаў харчавання абярнулася разборкамі з Расеяй.

Да адкрытага канфлікту справа пакуль не дайшла. Мінсельгас РФ толькі «выказаў занепакоенасць» з нагоды перавышэння Беларуссю абумоўленых паставак прадуктаў харчавання. Урэгуляваць праблему бакі разлічваюць у лютым. У сваю чаргу, эксперты прагназуюць нялёгкія часы для беларускага харчавання на расейскім рынку. І звязваюць гэта перш за ўсё з уступленнем Расеі ў СГА, пішуць «Белорусские новости».

25 снежня міністр сельскай гаспадаркі РФ Ілля Шастакоў прывёў дадзеныя адносна паставак беларускага харчавання.

Так, пры ўзгодненым экспарце малочнай прадукцыі ў 3,7 млн. тон аб'ём фактычных паставак па выніках 2012 года складзе 4,1 млн.

Пастаўкі сухога суцэльнага малака замест абумоўленых 14 тысяч тон склалі 26 тысяч.

Але самы вялікі разрыў паміж планам і фактам адзначаны пры пастаўцы сухой малочнай сывараткі: 14 тысяч і 72 тысячы тон.

Кіраўнік расейскага сельгазведамства таксама звярнуў увагу на непразрыстасць сістэмы трэйдараў у гандлі малочнай прадукцыяй паміж двума краінамі.

Гэта, на думку Шастакова, з'яўляецца адной з асноўных праблем. «Ёсць прыклады таго, што малочная сываратка, таму што яна танней, падмешваецца да сухога малака, то ёсць пастаўляецца пад выглядам сухога малака. А гэта несправядлівая канкурэнцыя», - падкрэсліў міністр.

Перавысіла Беларусь і абумоўленыя пастаўкі мяса. Пры ўзгодненым гадавым аб'ёме ў 170 тысяч тон ўвезена 332 тысячы. Пастаўкі мяса птушкі перавысілі ўзгоднены аб'ём у шэсць разоў, свініны - у 2,5 разы, у значным аб'ёме ўвозяцца мясапрадукты.

Пры гэтым расейскі бок сумняваецца, што ўсе мяса, якое ўвозіцца з Беларусі, мае беларускае паходжанне.

«З аднаго боку, Беларусь просіць павялічыць ім імпартныя квоты на пастаўкі мяса з трэціх краін. З іншага боку, мы бачым, што гэта мяса альбо шляхам замяшчэння, альбо транзітам ідзе да нас. І мы чулі заявы неафіцыйных асобаў, што ім гэта вельмі выгадна», - паведаміў Шастакоў.

І калі ў дачыненні да паставак малака беларускі бок ужо заявіў пра гатоўнасць разабрацца з сітуацыяй, то ў адносінах імпарту мяса толькі прыняла інфармацыю да ведама, дадаў расейскі міністр.

«Беларускі бок спасылаецца на тое, што доля яго паставак у агульным аб'ёме імпарту мясной прадукцыі РФ не такая значная», - сказаў Шастакоў.

Расейскі жа бок, падкрэсліў ён, лічыць такое стаўленне «не вельмі партнёрскім». «Калі нашы калегі не будуць прадпрымаць меры, тады мы будзем ставіць пытанне аб скарачэнні імпартных квот на пастаўку мяса для Беларусі. Імпартная квота неабходная для таго, каб запоўніць дэфіцыт, а не каб гэтае мяса перапраўляць ў РФ », - заявіў расейскі прадстаўнік.

У Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі не адмаўляюць «перавышэння паставак прадуктаў харчавання ў Расею па некаторых пазіцыях», аднак ад далейшых каментароў адмаўляюцца.

Баланс попыту і прапановы па асноўных відах сельгаспрадукцыі на 2013 год будзе ўзгадняцца ў лютым на пасяджэнні сумеснай калегіі сельскагаспадарчых ведамстваў дзвюх краін.

Паводле інфармацыі міністра Шастакова, Менск прапануе павялічыць для Беларусі аб'ёмы паставак мяса і малака ў Расею «на дзесяткі адсоткаў». Прычым павялічыць па адносінах не да ўзгодненых аб'ёмаў 2012 года, а да фактычных аб'ёмаў паставак, дадаў расейскі чыноўнік.

«Мы не супраць павелічэння паставак. Але, па-першае, яно не павінна ісці такімі тэмпамі, а па-другое, нашы партнёры павінны ісці ў рамках узгодненых аб'ёмаў, каб наш рынак мог разумець, якія дадатковыя аб'ёмы паступаюць на расейскі рынак», - падкрэсліў Шастакоў.

Сітуацыя з экспартам прадуктаў харчавання абмяркоўвалася ў пачатку снежня на пасяджэнні беларускага ўрада.

Адзначалася, у прыватнасці, што цяпер каля 90% прадуктаў харчавання экспартуецца ў Расею, дзе кошты на шырокі асартымент харчовых тавараў значна перавышаюць кошты ў суседніх краінах ЕЗ.

Як паведаміў прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч, па малаку Беларусь забяспечвае 4-5% сусветнага гандлю і ўваходзіць у пяцёрку найбуйнейшых пастаўшчыкоў малочнай прадукцыі ў свеце.

Прэм'ер нагадаў, што да 2015 года ставіцца задача атрымаць ад экспарту прадуктаў харчавання 7 млрд. даляраў.

Аднак, дадаў Мясніковіч, у сувязі з уступленнем Расеі ў СГА Беларусі будзе больш складана ўтрымліваць заваяваныя пазіцыі, нарошчваць экспарт і атрымліваць добры прыбытак.

Найбольш эфектыўным спосабам вырашэння праблемы з'яўляецца дыверсіфікацыя харчовага экспарту, заявіў кіраўнік урада. Але айчынныя прадпрыемствы не дэманструюць належных поспехаў у вырашэнні гэтай задачы, дадаў ён.

Казімір Раманоўскі, які ў 2004-2009 гадах быў дарадцам міністра сельскай гаспадаркі, згодны, што неабходна дыверсіфікаваць гандаль харчаваннем, але не бачыць логікі ў імкненні павялічваць экспарт малочнай і мясной прадукцыі менавіта ў Расею.

Ён прывёў наступныя лічбы: сабекошт беларускай ялавічыны сёння складае 5076 даляраў за тону, тады як на расейскі рынак яна прадаецца ў сярэднім па 4409 (атрымліваецца, сабе ў страту).

Па свініне гэтыя паказчыкі складаюць, адпаведна, 3592 і 3361, па сметанковаму маслу - 4874 і 4189, па сырах - 4460 і 4673 (не ў страту, але і прыбытку практычна ніякага).

«Заўважце: наша прадукцыя стратная, нягледзячы на вельмі вялікія датацыі, якія вылучаюцца сельскай гаспадарцы з бюджэту. У такой сітуацыі нарошчванне экспарту прадуктаў харчавання багата негатыўнымі наступствамі для эканомікі», - перакананы эксперт.

Акрамя таго, адзначыў Раманоўскі, Расея рыхтуецца да падпісання пагаднення аб бяспошлінных пастаўках мясной і малочнай прадукцыі з Новай Зеландыяй у рамках СГА.

«Новазеландская прадукцыя танней беларускай. Так што з уступленнем Расеі ў СГА развіваць экспарт на расейскі рынак нам становіцца нявыгадна», - лічыць суразмоўца.

Зараз былы дарадца кіраўніка Мінсельгасхарча рыхтуе дакумент, у якім спрабуе абгрунтаваць неабходнасць стварэння нацыянальных малочнай і мясной кампаніі.

Гэта робіцца па просьбе вытворцаў малочнай галіны, растлумачыў Раманоўскі.

«Нашы вытворцы з'яўляюцца і экспарцёрамі ўласнай прадукцыі, але гэта несур'ёзна. У свеце сёння кіруюць буйныя кампаніі. Ідзе, у прыватнасці, і канцэнтрацыя капіталу малочнай прамысловасці. Напрыклад, у велізарнай Расеі 60% рынка трымаюць буйныя малочныя кампаніі», - адзначыў эксперт.

Акрамя таго, паводле яго слоў, Расея сама пачала актыўна павялічваць аб'ёмы вытворчасці прадуктаў харчавання.

«Праз год яны сябе цалкам забяспечаць свінінай, птушкай. Па малацэ і ялавічыне ўсё складаней, гэтыя галіны АПК звязаны з вялікімі інвестыцыямі, таму ў бліжэйшай перспектыве расейцы будуць зацікаўленыя ў нашай малочнай прадукцыі і ў нашай ялавічыне. Але - наш кошт павінен быць альбо ніжэй, альбо аднолькавым з коштам, які яны пры бяспошлінным гандлі атрымаюць ад той жа Новай Зеландыі», - кажа Раманоўскі.

Таму, перакананы ён, варта працаваць над дыверсіфікацыяй рынкаў.

«Трэба ісці на далёкае замежжа, у тым ліку ў Афрыку, В'етнам. Такімі праектамі можа паспяхова займацца толькі адзіная магутная кампанія, здольная лабіраваць сваімі рэсурсамі, сродкамі і гэтак далей», - лічыць былы дарадца міністра.

Тое ж самае трэба рабіць у мясной галіне.

Па прагнозах Раманоўскага, беларуска-расейскія адносіны ў харчовай сферы ў 2013 годзе «будуць складанымі, абвострацца».

«Хоць Беларусь у рамках Мытнага саюза павінна была даць згоду на заключэнне пагаднення Расеі з той жа Новай Зеландыяй, гэта вельмі ўдарыць па нашай прадукцыі і па эканоміцы ў цэлым. Таму што наша прадукцыя неканкурэнтаздольная па эканоміцы», - падкрэсліў Казімір Раманоўскі.

У сваю чаргу, прадстаўнік расейскага Саюза вытворцаў малака «Саюзмалако» Таццяна Рыбалава ў размове з журналістамі звярнула ўвагу на адрозненне эканомік Расеі і Беларусі.

«У вас - планавая эканоміка, у нас - рынкавая. Вы выкарыстоўваеце коштавы дэмпінг, у той час як мы настойваем на выраўноўванні коштаў. Улічваючы вялікі коштавы дысбаланс, мы будзем адстойваць свае інтарэсы», - заявіла Рыбалава.

Аднак у чарговыя малочныя і мясныя войны гэта наўрад ці выльецца. Масква, лічаць эксперты, хіба што паўшчувае трохі, але не будзе абвастраць адносіны са стратэгічным саюзнікам.

Напісаць каментар 81

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках