24 красавiка 2024, Серада, 0:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

СК: Назіральнікаў затрымалі па ананімнаму званку аб «тэрарыстах»

7
СК: Назіральнікаў затрымалі па ананімнаму званку аб «тэрарыстах»

Цэнтральны раённы аддзел Следчага камітэта адмовіў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па заяве кіраўнікоў праекта «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка».

15 назіральнікаў былі затрыманыя 24 верасня 2012 года - на наступны дзень пасля «парламенцкіх выбараў» у Беларусі - у менскім хостэле «Джаз» і дастаўленыя разам з персаналам хостэла ў аўтазаку ў Цэнтральнае РУУС. Міліцыянты правялі дагляд асабістых рэчаў назіральнікаў, а таксама знялі адбіткі пальцаў. Праз тры гадзіны затрыманых адпусцілі без тлумачэння прычын, паведамляе сайт арганізацыі.

Кіраўнік праекта «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка» Анастасія Матчанка звярнулася ў Следчы камітэт са скаргай, у якой папрасіла ідэнтыфікаваць імёны міліцыянтаў, якія праводзілі затрыманне, а таксама правесці праверку па факце, як яна мяркуе, незаконнага затрымання. З падобнай скаргай у следчыя органы звярнулася выкладчык Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Таццяна Чуліцкая, таксама затрыманая 24 верасня.

З адказу следчага Цэнтральнага райаддзела СК старэйшага лейтэнанта Папчэнка вынікае, што назіральнікаў затрымалі з-за ананімнага званка аб тэрарыстычнай пагрозе.

«У 10 гадзіне на тэлефон АДС паступіў званок ад ананімнага заяўніка, які растлумачыў, што ў гасцініцы «Джаз» па ул.Мазырскай, 37 а ў г.Менску знаходзіцца група грамадзян каўказскай нацыянальнасці, якія пражываюць у названай гасцініцы без рэгістрацыі. Таксама чалавек растлумачыў, што яны магчыма датычныя да тэрарыстычнай дзейнасці і паклаў трубку», - гаворыцца ў адказе Следчага камітэта.

«У сувязі з тым, што з МУС раней была атрыманая інфармацыя аб тым, што група злачынцаў - выхадцаў з Рэспублікі Казахстан, можа хавацца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і рыхтаваць правядзенне тэрактаў, далажыў аб паведамленні ў ГУУС Менгарвыканкама. У сувязі з гэтым кіраўніцтвам ГУУС было прынята рашэнне аб дастаўленнi асоб, якія пражываюць у гасцініцы «Джаз", з мэтай устанаўлення іх асобы, пастаноўцы на дакта-, відэаўлік», - паведамілі ў СК заяўнікам.

У лісце следчага СК адзначаецца, што ў хостэле сапраўды знаходзіліся тры грамадзяніна Казахстана, якія парушаюць рэжым знаходжання ў Беларусі. Разам з астатнімі іх даставілі ў міліцыю.

Следчы камітэт адмовіўся ўзбуджаць крымінальную справу з-за дзеянняў супрацоўнікаў праваахоўных органаў, матываваўшы гэта адсутнасцю складу злачынства. Між тым, затрыманыя звяртаюць увагу на тое, што следчы так і не змог растлумачыць, чаму іх каля двух гадзін пратрымалі каля сцяны ў калідоры РАУС, а таксама навошта было забіраць на дагляд ноўтбукі і сродкі сувязі ў некаторых затрыманых.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках