24 красавiка 2024, Серада, 3:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Паўлу Севярынцу дазволілі наведаць царкву на Каляды

3
Паўлу Севярынцу дазволілі наведаць царкву на Каляды

На праваслаўныя Каляды палітвязню Паўлу Севярынцу дазволілі памаліцца ў царкве.

Палітвязень Павел Севярынец - вернік праваслаўнай царквы. Каляды - адно з найвялікшых святаў, і палітвязню дазволілі адзначыць яго па-хрысціянску. Астатні расклад застаўся без зменаў, паведаміў «Радыё Свабода» палітык:

«Новы год і Каляды сустракаў у камэндатуры. Але на Каляды адпускалі ў царкву, меў магчымасць быць на службе. Ну, а далей - 22.00, адбой і ніякіх, як кажуць, «паслабленняў» у гэтыя дні для «хімікаў» не робяць. Таму свята было даволі сціплае - «хімія» ёсць «хімія». Але на працягу дня запаліш свечку, памолішся і - свята».

Сваякі палітвязняў у гэтыя дні з нецярплівасцю чакаюць вестак з-за кратаў. Амаль усе апошнія лісты і званкі ад родных атрымалі яшчэ напярэдадні Новага года, што ў многіх выклікае хваляванні. Таму аб святах у турме родным застаецца толькі здагадвацца, кажа Марына Адамовіч - жонка палітвязня Мікалая Статкевіча:

«Я ведаю, што да Новага года і да праваслаўнага свята Нараджэння Хрыстовага Мікалай рыхтаваўся. Казаў, што ў «загашніках» у іх даўно ляжыць вафельны торцік, які набылі ў турэмнай краме. А ўжо як святкавалі - невядома, бо лісты вельмі павольна ідуць пасля святаў. Напрыклад, Наталля Пінчук мне паведаміла, што атрымала ад Мікалая ліст дзесьці 3-4 студзеня, які быў датаваны 23 снежня».

Палітвязню Мікалаю Аўтуховічу ў першы дзень свята Божага Нараджэння, 7 студзеня, споўнілася 50 гадоў. Актывісты грамадзянскай супольнасці вырашылі адзначыць яго юбілей спецыяльнай вечарынай у рамках кампаніі «Марафон салідарнасці» з палітвязнямі, кажа адна з арганізатараў Ганна Шапуцька:

«Мікалаю Аўтуховічу ўчора споўнілася 50 гадоў. Можна сказаць, што гэта герой нашага часу, які, нават седзячы за кратамі, змагаецца з гэтым рэжымам, яго гвалтам і беззаконнем. Мы ўсе вельмі перажываем за яго і вось такім чынам выказваем яму сваю салідарнасць і падтрымку, падзяку за яго жыццёвую пазіцыю. І такім чынам хочам сказаць, што мы разам з ім».

Як паведаміла Ганна Шапуцька, у «Марафоне салідарнасці» з Мікалаем Аўтуховічам прымуць удзел яго сябры і паплечнікі. Адбудзецца паказ дакументальнага фільма Вольгі Нікалайчык, прысвечанага палітвязню. Усе ахвяраванні, сабраныя падчас вечара, пойдуць на падтрымку сям'і Мікалая Аўтуховіча.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках