19 красавiка 2024, Пятніца, 14:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

0,3 праміле алкаголю супраць 45-га артыкула Канстытуцыі

73
0,3 праміле алкаголю супраць 45-га артыкула Канстытуцыі

У Беларусі плануюць грамадзян, якія трапілі ў шпіталі з прычыны траўмаў, атрыманых у стане алкагольнага ап'янення, абавязаць аплаціць выдаткі на іхняе лячэнне.

Нібыта логіка ў схеме «выпіў - патрапіў у шпіталь - заплаціў за лячэнне» ёсць. Але, як гэта ў нас здараецца ўвесь час, для развязання праблемы дзяржава бярэ самы просты, што ляжыць на паверхні, спосаб. Які, аднак, не толькі праблему не развязвае, але і ўступае ў супярэчнасць з асноватворным законам нашага грамадства, пішуць «Беларускія навіны».

Як заявіў 20 снежня намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Анатоль Тозік, сацыяльная сфера не павінна і не мае права больш ціснуць на рэальны сэктар эканомікі. У прыватнасці, Тозік адзначыў, што грамадзяне, якія прычынілі шкоду свайму здароўю, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення, будуць кампенсаваць дзяржаве выдаткі на лячэнне.

Норма, якая прадугледжвае, што пацыент, якому медыцынская дапамога спатрэбілася праз тое, што ён знаходзіўся ў стане алкагольнага або наркатычнага ап'янення, будзе кампенсаваць лякарні выдаткі на лячэнне, утрымліваецца ў праекце паправак у закон «Аб ахове здароўя».

Як раней адзначаў міністр аховы здароўя Васіль Жарко, каментуючы гэтую ініцыятыву, бюджэт нясе вялікія выдаткі на лячэнне грамадзян, якія трапілі ў лякарню праз алкаголь ці наркотыкі.

Пацыентаў, якія паступаюць у прыймовыя аддзяленні ў такім стане, даволі шмат. Акрамя таго, нямала выпадкаў, калі пацыенты, якія знаходзяцца ў стане алкагольнага, наркатычнага ап'янення, прычыняюць цялесныя пашкоджанні медыцынскім работнікам, асабліва з хуткай дапамогі.

«Гэтую норму мы даўно прадугледжвалі, але ўпершыню ўнеслі яе ў законапраект. Я думаю, што ў выпадку прыняцця закона з гэтай нормай у грамадзян будзе больш падстаў задумацца пра здаровы лад жыцця», - адзначыў міністр аховы здароўя.

Ініцыятыва лячыць нецвярозых грамадзян паводле адных правілаў, а цвярозых - паводле іншых прымушае задумацца тым жа пытаннем, якое паўстала ў нас, калі Анатоль Тозік прапаноўваў браць па пяць тысяч рублёў за візіт да лекара ў раённую паліклініку. Нашы чыноўнікі наогул ведаюць Канстытуцыю? Бо ў артыкуле 45 Асноўнага закона запісана: «Грамадзянам Рэспублiкi Беларусь гарантуецца права на ахову здароўя, уключна бясплатнае лячэнне ў дзяржаўных установах аховы здароўя. Дзяржава стварае ўмовы даступнага для ўсіх грамадзян медыцынскага абслугоўвання».

Увядзенне заканадаўчай нормы аб кампенсацыі за ўласныя грошы кошту лячэння для людзей, якія атрымалі траўму ў стане алкагольнага ап'янення, выклікае шэраг пытанняў, адзначыў праваабаронца Гары Паганяйла.

«Замест таго каб уводзіць страхавую медыцыну, у Беларусі спрабуюць перакласці аплату лячэння на плечы людзей. Гэта бесчалавечна ў дачыненні да нашых грамадзян, бо ўжо некаторыя пенсіянеры не могуць дазволіць сабе якасныя лекі праз высокі кошт», - мяркуе Паганяйла.

Сёння дзяржава праводзіць мэтанакіраваную палітыку алкагалізацыі грамадства, а масавае п'янства з'яўляецца яе вынікам, упэўнены праваабаронца.

«З алкагалізацыяй, - адзначыў Гары Паганяйла, - дзяржава можа змагацца з выкарыстаннем больш эфектыўных захадаў, у прыватнасці - зменшыць продаж алкаголю. Тая колькасць трункаў, якая сёння рэалізуецца праз гандлёвую сетку, проста неймаверная. Маштабы ўжывання алкаголю могуць параўноўвацца з нацыянальнай катастрофай».

Пераадоленне гэтай праблемы з дапамогай кампенсацыі медыцынскіх выдаткаў насельніцтвам з яго падзелам на п'яных і цвярозых сумнеўнае: «Замест выратавання чалавека мы можам атрымаць павелічэнне выдаткаў дзяржавы на медыцыну і павелічэнне колькасці людзей, якія пакутуюць ад захворванняў і робяцца ў выніку інвалідамі».

Траўматолаг з 35-гадовым стажам працы, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт Павел Беспальчук падкрэсліў, што Канстытуцыя не дзеліць людзей «на цвярозых і алкаголікаў».

Прымаючы такі законапраект, трэба ўсё добра абдумаць, мяркуе экспэрт. Гэта толькі спачатку здаецца слушнай думкай, што грамадства не павінна плаціць за алкаголікаў. Між тым патрэбна разабрацца, адзначае Беспальчук, чаму чалавек стаў алкаголікам: «Такі закон мог бы з'явіцца бязбольна там, дзе не такая моцная традыцыя ўжывання алкаголю, дзе ён - рознага выгляду і якасці - не прадаецца паўсюль. У нас жа паліцы крам застаўленыя алкаголем».

Цяпер проба на ўтрыманне алкаголю ў арганізме бярэцца ў выпадку крымінальнай траўмы, ДТЗ і вытворчай траўмы. У іншых выпадках стан алкагольнага ап'янення не фіксуецца, нават калі ён відавочны. Хаця кожны выпадак трэба разглядаць індывідуальна, дакладна вызначаць не толькі наступствы, але і прычыны. Тым больш што згодна з праектам паправак у закон «Аб ахове здароўя», каб прызнаць чалавека ў стане алкагольнага ап'янення, дастаткова будзе выявіць у яго ў крыві ўсяго 0,3 праміле алкаголю - келіх віна на вячэру.

Напрыклад, як быць, калі галалёдныя траўмы атрымаў чалавек, які выйшаў з рэстарацыі альбо калі вяртаўся з гасцей?

«Тут узнікае пытанне: траўма здарылася таму, што было слізка, а дворнік ня пасыпаў лёд пясочкам, ці таму, што чалавек выпіў з нагоды святаў піва або чарку гарэлкі?», - задаецца пытаннем Павел Беспальчук.

Акрамя таго, папраўкі ў закон, напэўна, выклічуць і іншыя праблемы.

Шмат якія пацыенты не захочуць ці не змогуць аплачваць сваё лячэнне, зробяць усё, каб у дакументах не быў адзначаны стан алкагольнага ап'янення, а гэта «можа справакаваць карупцыю сярод медыкаў».

Вялікая імавернасць, што лекары сутыкнуцца з зацягваннем са зваротам пацярпелых па медыцынскую дапамогу. А гэта ў большасці выпадку прычыняецца да пагаршэння траўмы або хваробы і росту выдаткаў на лячэнне.

Калі чалавек, напрыклад, ламае шчыкалатку і звяртаецца ў паліклініку да таго, як утварылася пухліна, можна ўжыць кансерватыўнае лячэнне, гэта значыць накласці гіпс. Калі ж пасля пералому мінае некалькі дзён, цяжка ўнікнуць аперацыі, пасля якой пацыенты доўга знаходзяцца на лістку непрацаздольнасці. Нярэдка патрабуюцца паўторныя ўмяшанні.

«Позні зварот, - адзначыў Павел Беспальчук, - прывчыняецца да павелічэння ўскладненняў, у тым ліку гнойна-запаленчых. У некаторых людзей развіваецца астэаміэліт, ад якога людзі лечацца дзесяцігоддзямі. Такім чынам, гэта не проста балюча для пацыента, гэта стратна для бюджэту».

Што да алкаголікаў, якія атрымліваюць траўму, трэба мець на ўвазе, што алкагалізм - гэта хвароба, якую, як і ўсякую іншую, трэба лячыць. Калі казаць пра асацыяльных грамадзян, у іх у кожным выпадку няма сродкаў, каб кампенсаваць выдаткі на лячэнне. А адмаўляць у ім дзяржава не можа: усім грамадзянам яно гарантаванае Канстытуцыяй.

Іншая рэч, што ў нас на патрабаванні Канстытуцыі дзяржава часцяком заплюшчвае вочы.

Напісаць каментар 73

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках