25 красавiка 2024, Чацвер, 3:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У «менскага стралка» выяўлены склад патронаў

197

Некалькі адзінак агнястрэльнай зброі і патроны да яе канфіскаваныя ў доме ў менчука, які напярэдадні забіў супрацоўніка міліцыі, пасля чаго застрэліўся сам.

- У доме ў менчука канфіскаваныя агнястрэльная зброя, патроны, порах, кнігі, DVD па стралковай зброі. Усё адпраўлена для даследавання экспертам, - паведамілі агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у сераду ў праваахоўных органах.

Па іх словах, «па папярэдніх дадзеных, па супрацоўніках міліцыі мужчына страляў з рэвальвера сістэмы «Наган» 1940 года, застрэліўся ён з абрэза».

Па словах суседзяў, Мікалай П. быў спакойны чалавек і часта хадзіў у храм. Яго сын - паспяховы беларускі драматург.

Трагедыя разыгралася ў двары гэтага дома

Калі з'явілася інфармацыя аб тым, што падчас перастрэлкі забілі прапаршчыка міліцыі, журналісты «Еўрарадыё» адразу адправіліся да дому №22 на сталічнай вуліцы Машыністаў. Не так даўно адтуль вывезлі целы загінулых і ўжо прыбралі сляды жудаснага здарэння.

Гараж, дзе Мікалай П. застрэліўся пасля здзяйснення злачынстваў, зачынены, але скрозь шчыліны відаць, што святло ў ім гарыць.

«Адбылося гэта прама тут, прама ў двары», - ціха паказвае на драўляны плот праваахоўнік. Іншыя службовыя асобы на мае пытанні не адказваюць: забойства міліцыянта для ціхай Беларусі - надзвычайнае і шакавальнае здарэнне.

«Афганцам ён быў, дах яму знесла», - абмяркоўваюць два іншых супрацоўнікі правапарадку.

Але звар'яцелым ветэранам Мікалай П. не быў.

«Усё жыццё ён працаваў машыністам. Сям'я ў іх добрая, сын - паспяховы драматург, яго творы ставяцца і ў Беларусі, і за мяжой. Яны ніколі не скандалілі, ён у храм ходзіць. Мы ў шоку», - распавядаюць суседзі Мікалая П.

- Што тут адбылося? З-за чаго пачалася стральба?

- Усё з-за сабакі. Нядаўна да нас на вуліцы пераехалі прышлыя людзі. У іх ёсць сабака. Ён і на мяне напаў аднойчы, - эмацыйна ўспамінае суседка. - А гаспадар таго сабакі стаіць, чысціць сабе снег за плотам. Кажу: «Завялі сабаку, так за ім глядзіце, гэта ж не шаўка якая-небудзь». Але да скаргаў суседзі не прыслухоўваліся. Нядаўна адна жанчына ішла з дзіцем, сабака кідаўся, а яны нават не выйшлі.

- А што за сабака? Байцоўскай пароды?

- Не ведаю, байцоўскай ці не, але кідаецца на людзей. Нешта накшталт дабермана, здаецца. А сёння гэты сабака кінуўся на Мікалая.

- Ён да сабак ставіцца вельмі сур'ёзна. Калісьці яго ўласная аўчарка пакусала ўнука, - дадае сусед. - Тады ён звярнуўся да майго свёкра, каб той аўчарку прыстрэліў. А сёння, убачыўшы, што суседзі не хочуць рэагаваць на нашыя скаргі, Мікалай у яго страляў, хацеў спачатку пужнуць. Спачатку ў паветра пальнуў, потым на паражэнне здецца, здаецца ён яго параніў. Хоць кажуць, што потым той сабака бегаў цэлы. Як бы там ні было, гаспадыня сабакі кінулася да хаты Мікалая, стала ў дзверы лупіць, разборкі ладзіць. Выклікала міліцыю...

- Адкуль у вашага суседа была зброя?

- Не ведаем. Спакойны быў чалавек. Мог і змайстраваць, з тэхнікай абыходзіўся вельмі добра. Быў майстар на ўсе рукі, выдатны аўтаслесар, рукасты мужык. Машыны аднаўляў, клапаны нават умеў рамантаваць. Добрая сям'я была, ніколі не скандалілі. Быў час, ён выпіваў, але потым гэта скончылася, стаў хадзіць у храм.

- Не ведаеце, з-за чаго ён пачаў страляць у міліцыянтаў?

- Не ведаем. Бронекамізэлек на супрацоўніках міліцыі, здаецца, не было. Хаця, здаецца, ведалі, што ў чалавека ёсць зброя. Нешта яны яму сказалі, ён і пачаў страляць. А потым схаваўся ў гаражы. Усвядоміў, напэўна, што нарабіў, і скончыў жыццё самагубствам...

Па двары Мікалая П. пасля таго, як з'ехалі супрацоўнікі міліцыі, хадзіла ўдава і яшчэ нейкая жанчына. Аглядалі заднія дзверы ў гараж, праз якія туды заскочыў забойца. Напэўна, жанчына ўсё яшчэ не магла паверыць у трагедыю.

Вуліца Машыністаў у Менску ідзе ўздоўж чыгункі.

У гэтым гаражы застрэліўся Мікалай П., пасля таго як забіў міліцыянта.

Загінулага прапаршчыка Ігар Іванчыкава характарызуюць як дасведчанага супрацоўніка. Яму было 37 гадоў. Кажуць, што ён кінуўся абяззбройваць Мікалая П. пасля таго, як быў паранены калега.

У загінулага міліцыянта Ігар Іванчыкава засталіся жонка і сын. Зусім нядаўна, у 2011-м годзе, сям'я Іванчыкаў перасялілася ў новую кватэру.

Напісаць каментар 197

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках