19 красавiка 2024, Пятніца, 11:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Камітэт ААН стаў на бок віцебскай актывісткі

19

Антаніна Піванос, аштрафаваная ў 2008 годзе за спробу ўручэння падарунка вядомаму віцебскаму апазыцыянеру Барысу Хамайдзе, нарэшце дамаглася справядлівасці.

Камітэт ААН па правах чалавека прыняў рашэнне ў яе карысць. Цяпер, згодна з рашэннем камітэта, беларускія ўлады абавязаныя вярнуць актывістцы канфіскаваную ў яе маёмасць, пакрыць панесеныя ёй выдаткі і выплаціць кампенсацыю, паведамляе «Віцебская вясна».

Маёмасць, згаданая ў вырашэнні камітэта, - гэта вышыванка, на якой Антаніна Піванос уласнаручна вышыла словы малітвы «Ойча наш». Гэтую вышыванку яна хацела падарыць Барысу Хамайдзе на 90-ю гадавіну абвяшчэння БНР. Але як толькі падышла яна да «Сіняга дому», дзе Хамайда звычайна распаўсюджвае недзяржаўную прэсу, і разгарнула вышыванку, як была схопленая міліцыянтамі. Вышыванку адабралі, а саму актывістку затрымалі, на яе склалі пратакол і правялі ў суд.

Судовы разгляд адбыўся ў дзень затрымання, 25 сакавіка 2008 года. Дарэмна Антаніна Піванос спрабавала даказаць суддзі, што ўручэнне падарунка - гэта ніякім чынам не масавае мерапрыемства. Аднак слухаць яе ніхто не хацеў. Антаніна Піванос нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце была пакараная штрафам у памеры двух базавых велічынь.

Далейшыя спробы адстаяць свае правы ў Віцебскім абласным і Вярхоўным судах плёну не прынеслі. І тады Антаніна Піванос вырашыла звярнуцца за абаронай у Камітэт па правах чалавека. Каб даследаваць усе акалічнасці справы і прызнаць, што беларускія ўлады сапраўды парушылі права актывісткі, камітэту спатрэбілася чатыры з паловай гады.

Згодна з афіцыйным рашэннем камітэта, улады парушылі артыкул 19 міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Частка 2 указанага артыкула дае права жыхарам дзяржаў - удзельніц Пакта, адным з якіх з'яўляецца Беларусь, свабодна выказваць свае думкі і распаўсюджваць рознага роду ідэі. Менавіта гэтага права - якое можа быць абмежаванае толькі ў пэўных выпадках: для абароны правоў і рэпутацыі іншых асоб або абароны нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя або маралі насельніцтва - улады незаконна пазбавілі віцебскую актывістку.

Антаніна Піванос - не першая жыхарка Віцебска, якая здолела адстаяць свае правы, звярнуўшыся ў Камітэт па правах чалавека. Раней станоўчыя рашэнні прымаліся камітэтам па скаргах віцебскіх актывістаў Алены Залескай і Сяргея Белязекі. Наогул жа, па сцвярджэнні праваабаронцаў, у апошні час жыхары Віцебшчыны, ды і ўсёй Беларусі, не знаходзячы праўды ў беларускіх судах, усё часцей звяртаюцца за дапамогай у названы аўтарытэтны орган ААН.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках