25 красавiка 2024, Чацвер, 6:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зямлю распрадаюць кулуарна

42
Зямлю распрадаюць кулуарна

У Кобрынскім раёне на землях сельскагаспадарчага прызначэння збіраюцца вырошчваць вербалоз.

Як стала вядома charter97.org, жыхары вёскі Лелікава вельмі насцярожана ўспрынялі паведамленне аб тым, што 1200 гектараў зямлі каля іх мястэчка аддадзеныя ў арэнду беларуска-чэшскаму прадпрыемству «ЭнэргЭкоІмпэкс», якое збіраецца распачаць вырошчванне ў прамысловых маштабах вербалозу для яго наступнай перапрацоўкі на пелеты - адзін з відаў эканамічнага і экалагічна чыстага паліва.

Адпаведная дамова паміж Кобрынскім райвыканкамам і згаданай фірмай ужо ўкладзеная. Больш за тое, супольнае прадпрыемства закупіла 50 тысяч саджанцаў вербалозу, якія плануецца высадзіць гэтай вясной. Са сваёй стараны«ЭнэргЭкоІмпэкс» плануе інвеставаць у гэты праект каля 10 мільёнаў еўра і працаўладкаваць 45 чалавек. Абвешчана, што запатрабаваны на паліўным рынку тавар будзе пастаўляцца як у беларускія арганізацыі, так і адпраўляцца на экспарт.

Жыхароў Лелікава такая перспектыва хутчэй палохае, чым супакойвае, бо рэзка скароціцца тэрыторыя, на якой можна будзе вырошчваць сельгаспрадукцыю. Начальнік землеўпарадкавальнай службы Кобрынскага райвыканкама Аляксандр Агіевіч паспрабаваў суцешыць вяскоўцаў словамі аб тым, што ў арэнду перадаюцца 600 гектараў зямлі, якая ўжо выйшла з абароту, яшчэ 300 гектараў таксама хутка чакае тая ж доля, а на астатніх трохстах гектарах, калі што і расце, то толькі пустазелле.

«Фірме пастаўленыя дзве абавязковыя ўмовы, - тлумачыць Агіевіч. - Па-першае, на пачатку сваёй дзейнасці не чапаць дзейныя палі, а выкарыстоўваць толькі зямлю, якая выйшла з сельгасабарачэння. А па-другое, калі з якой-небудзь прычыны праца «ЭнэргЭкоІмпэкс» будзе спыненая, то прадпрыемства мусіць вярнуць зямлю ў стане, цалкам прыдатным для вырошчвання сельскагаспадарчых культур».

Цікава, што кобрынскі чыноўнік растлумачыў патрэбу аддаць такую вялікую тэрыторыю ў арэнду тым, што сярэдняя балавасць зямлі складае 19, што робіць эканамічна немэтазгодным вырошчваць тут збожжа ды іншыя высокатэхналагічныя культуры. Маўляў, ва ўсялякім выпадку, гэтыя гектары можна выкарыстоўваць толькі пад пашы або плантацыі тэхнічных культур (да якіх вербалоз і належыць). Праўда, жыхары Лелікава чамусьці раней прымудраліся атрымліваць на такіх землях нядрэнныя ўраджаі.

Са слоў Аляксандра Агіевіча, пасля здачы ў арэнду 1200 гектараў зямлі для вырошчвання вербалозу, у ваколіцах згаданай вёскі застанецца яшчэ цэлых 500 гектараў зямельных надзелаў, якіх (як бачыцца начальству з райцэнтра) павінна ставаць, каб забяспечыць усе патрэбы жыхароў Лелікава.

Напісаць каментар 42

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках