29 сакавiка 2024, Пятніца, 17:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зрабіць Еўропу адзінай

1
Зрабіць Еўропу адзінай

“Усходняму партнёрству” — 5 год.

Увесну 2008 года Швецыя і Польшча распачалі “Усходняе партнёрства” — амбітную палітычную праграму па збліжэнні з шасцю краінамі Усходняй Еўропы. 


Праз пяць гадоў, напярэдадні трэцяга саміта “Усходняга партнёрства” ў Вільні, мы разам з іншымі высокапастаўленымі асобамі са Швецыі і Польшчы адправімся ў вандроўку ва ўсе сталіцы “Усходняга партнёрства”: Кішынёў, Кіеў, Тбілісі, Баку, Ерэван і Мінск.

Перш за ўсё, мы раскажам пра тое, што ўжо было дасягнута — пра завяршэнне працы над Пагадненнямі аб асацыяцыі і зонах вольнага гандлю з Грузіяй, Малдовай і Украінай. Падпісанне гэтых пагадненняў стане падставай для далейшага паглыблення і пашырэння кааперацыі з ЕС. Мы ўжо падпісалі некалькі Пагадненняў аб спрашчэнні візавага рэжыму, апошняе з якіх — з Арменіяй. Дзе-нідзе ў праграме еўрапейскіх рэформаў назіраецца значны прагрэс. Шмат часу пайшло на ўдасканаленне тэкстаў пагадненняў і ўзгадненне бюракратычных стандартаў, аднак мы зрабілі і рэальныя крокі ў бок свабоднага гандлю і бесперашкоднага перамяшчэння жыхароў краінаў-сябраў “Усходняга партнёрства”. 


Па-другое, мы паведамім аб неабходных захадах для поўнай рэалізацыі праграмы “Усходняе партнёрства”. Для гэтага ад краін-удзельніц праграмы патрабуецца адданасць агульным каштоўнасцям. Таксама нам спатрэбяцца аб’яднаныя намаганні ўсіх частак грамадства, каб “выціснуць” максімум з новых магчымасцяў. Рэальная трансфармацыя адбудзецца толькі ў краінах, якія прагнуць зменаў. 

Застаючыся вернымі сваім прынцыпам, мы патрабуем ад Беларусі вызвалення палітвязняў і заклікаем партнёраў пазбягаць практыкі “выбарачнага правасуддзя”. Мы занепакоеныя некаторым рухам назад у пытаннях дэмакратыі. І мы па-ранейшаму чакаем, што Украіна — першы лідэр “Усходняга партнёрства” — зробіць апошні крок насустрач, што дазволіць падпісаць Пагадненне аб асацыяцыі ў Вільні. 


Як частыя госці ва Ўсходняй Еўропе, мы ведаем, што выканаць некаторыя ўмовы зусім нялёгка. Патрабаванні ЕС могуць вымагаць ахвяраў, а некаторым нават прынясуць страты. Разам з тым, мы глыбока перакананыя, што здабыткі будуць большымі, і за гэтую справу варта ўзяцца. 



Усе даследаванні і ўвесь назапашаны досвед гавораць на карысць ЕС і сведчаць пра значную эканамічную выгаду ў доўгатэрміновай перспектыве. Мы назіралі такі эфект на прыкладзе краін, якія сталі сябрамі ЕС у 2004 годзе. Так, напрыклад, таваразварот паміж Польшчай і Швецыяй амаль падвоіўся цягам некалькіх год пасля прыняцця Польшчы ў Еўрасаюз. Мы маем і прыклад Турцыі з яе эканамічным цудам, забяспечаным больш шчыльнымі эканамічнымі сувязямі з ЕС. І мы ўпэўненыя, што зноў убачым гэта ў краінах, якія падпішуць новыя пагадненні з ЕС і будуць імі карыстацца ў поўнай меры. 

Еўраінтэграцыя стане рухавіком рэформаў. Адаптацыя заканадаўства да еўрапейскіх стандартаў можа выклікаць пэўныя цяжкасці, аднак мы бачылі, як у кожнай краіне, што наважылася на гэта, паляпшаўся дабрабыт, павялічваліся заробкі, а якасць жыцця грамадзян расла. І канечне ж, ЕС будзе гатовы дапамагчы. Толькі ў 2013 годзе бюджэт на падтрымку краін-партнёраў склаў больш за 600 мільёнаў еўра, і чым глыбейшыя рэформы будуць праводзіцца ў краіне, тым больш значную падтрымку яны атрымаюць. 



Гэта не чысты альтруізм, а ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва. Стабільныя, багатыя і бяспечныя краіны — найлепшыя суседзі як для нас, так і для такіх краін, як Расія. Падчас нашай вандроўкі мы яшчэ раз выкажам глыбокую салідарнасць з нашымі партнёрамі, якія сталі аб’ектам недальнабачнай знешняй палітыкі ціску з мэтай прымусіць іх адмовіцца ад далейшай інтэграцыі з ЕС. 



Мы спадзяемся, што Віленскі саміт стане самітам дасягненняў. У той самы час ён стане адпраўным пунктам глыбейшай інтэграцыі паміж ЕС і краінамі Усходняй Еўропы, што пойдзе на карысць усім бакам. Хоць мы і ўпэўненыя, што дзверы ЕС адкрытыя для любой еўрапейскай краіны, якая жадае далучэння і адпавядае ўсім крытэрыям, падчас гэтай вандроўкі мы не будзем раздаваць абстрактныя абяцанні, а будзем практычна заахвочваць да дзеянняў. 



Усе, ад Мінска на паўночным захадзе і да Баку на паўднёвым усходзе, мусяць зразумець, што іх будучыня вырашаецца там, а не ў Варшаве, Стакгольме ці Брусэлі. Для краін-удзельніц “Усходняга партнёрства” логіка простая: глыбіня іх стасункаў з ЕС будзе наўпрост залежаць выключна ад глыбіні іх адданасці справе. Чым больш пераканаўчай будзе праграма еўрапейскіх рэформаў, чым больш амбітным будзе шлях еўраінтэграцыі, тым больш рэалістычным будзе наша бачанне Еўропы, якая ёсць напраўду адзінай і свабоднай.

Карл Більдт, Радаслаў Сікорскі, «Беларускія навіны».

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках