16 красавiка 2024, aўторак, 14:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяргей Антусевіч: Наступны падатак будзе на паветра

11
Сяргей Антусевіч: Наступны падатак будзе на паветра

У спробах папоўніць бюджэт улады прыдумляюць новыя спосабы адабрання грошай у грамадзян.

Пра гэта заявіў намеснік старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Сяргей Антусевіч, каментуючы сайту charter97.org магчымае ўвядзенне падатку на аўто.

«Гэта сродак здабычы грошай, таму што, мабыць, было дадзена заданне шукаць грошы там, дзе яны ёсць і там, дзе іх няма. Можна, вядома, усё абкласці падаткам, слепа скапіраваўшы з Еўропы і cказаўшы, маўляў, там тое ж самае. Але, натуральна, што ўзровень даходаў і сацыяльнай забяспечанасці ў нас і ў еўрапейскіх краінах зусім розны», - падкрэсліў прафсаюзны лідар.

Сяргей Антусевіч адзначыў, што розныя аўтамабілі па-рознаму забруджваюць паветра ў залежнасці ад года выпуску і рухавіка.

«І калі ёсць нейкая мэта сабраць дадатковыя грошы, то было б лагічна закласці гэта ў кошт паліва. Таму што чым больш аўтамабіль ездзіць, тым больш ён забруджвае навакольнае асяроддзе і гэтак далей. Натуральна, што людзі, якія раз на тыдзень ездзяць на дачу ці ў вёску, не павінны плаціць столькі ж, колькі людзі, якія карыстаюцца аўтамабілем кожны дзень. Што тычыцца парковак, то гэта наогул неаранае поле. Гэта велізарная праблема ў Менску і абласных гарадах. І тут патрэбны сістэмны падыход. А прапанова Ладуцькі фінансаваць будаўніцтва парковак за кошт грамадзян сведчыць пра тое, што дзяржава не хоча інвеставаць у гэтую сацыяльную інфраструктуру. Таму і вынік будзе адпаведны», - лічыць намеснік старшыні БКДП.

Прафсаюзны лідар адзначыў, што падаткаў, якія плацяць людзі, павінна хапаць на тое, каб выконваць сацыяльныя стандарты.

«І мы можам дайсці да таго, што наступнай ініцыятывай ўладаў будзе падатак на паветра. Падаткі могуць быць рознымі, але бясконца паразітаваць на гэтым не атрымаецца, і рана ці позна давядзецца адказваць і за гэта. Зразумела, што гэта пакуль толькі размовы, а ўлады пускаюць пробныя шары і глядзяць на рэакцыю грамадзян. Гэта тое ж самае, як з падаткам на перасячэнне мяжы», - мяркуе Сяргей Антусевіч.

Нагадаем, падатак на аўтамабіль, які прапануюць увесці ў Беларусі, будзе ўключаць падатак на экалогію, паркоўку і прастору.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках