23 красавiка 2024, aўторак, 17:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Памёр Віктар Івашкевіч

244
Памёр Віктар Івашкевіч

У адной з бальніц Менска памёр беларускі грамадскі і палітычны дзеяч Віктар Івашкевіч.

Адзін са стваральнікаў Беларускага Народнага Фронту, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» і сябра аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларускі рух» памёр ад працяглай хваробы. Палітык стаяў у чарзе на перасадку печані, аднак донара не знайшлі.

Сайт charter97.org выказвае спачуванні родным і блізкім Віктара Івашкевіча.

Віктар Івашкевіч нарадзіўся 21 верасня 1959 года ў Менску. У 1991 годзе скончыў завочна факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

У пачатку 80-х ён быў актыўным удзельнікам моладзевых нефармальных аб'яднанняў нацыянальна-дэмакратычнага кірунку - «Майстроўня» і «Талака», адным з найбольш таленавітых арганізатараў розных акцый і мерапрыемстваў, у тым ліку маршу пратэсту па Заходняй Дзвіне-Даўгаве супраць будаўніцтва Даўгаўпілскай ГЭС, экалагічнага маршу па Прыпяці - адной з першых чарнобыльскіх акцый пратэсту, забастоўкі кіроўцаў гарадскіх аўтобусаў у Менску; ініцыятар стварэння стачкамаў на менскіх прадпрыемствах.

З моманту ўтварэння камітэта па стварэнні Беларускага Народнага Фронту ў 1988 годзе быў яго актывістам. Віктар Івашкевіч заставаўся сакратаром Управы БНФ да 1996 года. Палітык выступаў у якасці арганізатара найбуйнейшых масавых акцый пратэсту.

З 1997 года Віктар Івашкевіч быў галоўным рэдактарам газеты «Рабочий», з 1999 года - віцэ-прэзідэнтам Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. У 2002 годзе палітык быў прысуджаны да двух гадоў «хіміі» за артыкул «Злодзей павінен сядзець у турме», які прысвячаўся Лукашэнку.

Браў актыўны ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі 2010 года, з'яўляючыся сябрам каманды Андрэя Саннікава.

Віктар Івашкевіч неаднаразова падвяргаўся адміністрацыйным пакаранням, двойчы трымаў галадоўку.

Быў праваслаўным хрысціянінам.

Напісаць каментар 244

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках