23 красавiка 2024, aўторак, 17:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады рыхтуюць маштабныя рэйды супраць прадпрымальнікаў

157
Улады рыхтуюць маштабныя рэйды супраць прадпрымальнікаў

У бліжэйшыя выходныя на рынках Беларусі пройдуць масавыя праверкі.

Дзяржаўныя кантралюючыя органы з 1 па 3 лістапада будуць шукаць парушэнні працы ў рамках пастановы міністэрстваў і тэхрэгламенту Мытнага саюза аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці. Пра гэта паведаміў менскі прадпрымальнік, сябра РГА «Перспектыва» Вячаслаў Піліпук, перадае БелаПАН.

У ліпені гэтага года Міністэрства гандлю Беларусі і Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі дамовіліся, што да 1 лістапада кантралюючыя органы не будуць правяраць тавары лёгкай прамысловасці, якія рэалізуюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, на адпаведнасць патрабаванням тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза «Аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці». Пасля 1 лістапада прадугледжваецца, што прадпрымальнікі павінны прад'яўляць любыя суправаджальныя дакументы, якія пацвярджаюць куплю тавару на тэрыторыі краін МС.

Па словах Піліпука, 31 кастрычніка ў «Перспектыву» пачалі паступаць трывожныя званкі ад прадпрымальнікаў з Маладзечна, Баранавічаў, Светлагорска, Ваўкавыска, Гродна і іншых рэгіёнаў Беларусі, якія паведамілі, што іх масава запрашаюць у раённыя органы стандартызацыі.

«Там да іх даводзяць, што з 1 па 3 лістапада запланаваны шырокамаштабны рэйд на гандлёвых аб'ектах краіны, - сказаў Піліпук. - Яны будуць правяраць, як выконваецца пастанова, ці ёсць суправаджальныя дакументы, усё, што тычыцца тэхрэгламенту Мытнага саюза па лёгкай прамысловасці. У Гродна работнікі Дзяржстандарту і адміністрацый рынка ўжо праводзяць праверку».

Ён распавёў, што па выніках праверак прадпрымальнікам будуць выдаваць загады на ліквідацыю парушэнняў, а вынікі рэйду, па інфармацыі «Перспектывы», будуць абмяркоўвацца на ўрадавым пасяджэнні 4 лістапада.

Многія прадпрымальнікі вырашылі не выходзіць на працу на працягу трох дзён праверак, паколькі баяцца, што за прадпісаннямі рушаць услед штрафы і канфіскацыі. «Многія людзі кажуць, што калі наглядныя органы пасля гэтага пачнуць прымяняць да прадпрымальнікаў санкцыі, то яны гатовыя спыніць працу», - падкрэсліў Піліпук.

Праблемы, звязаныя з выкананнем заканадаўства ў галіне бяспекі прадукцыі легпрама, будуць абмяркоўвацца 4 лістапада ў Менску на форуме прадпрымальнікаў «Тэхнічны рэгламент МС (сертыфікацыя) - беларускае пытанне».

Тэхрэгламент МС аб прадукцыі легпрама ўступіў у сілу 1 ліпеня 2012 года. Для паэтапнага пераходу да адзіных патрабаванняў да 1 студзеня 2013 года дапушчалася вытворчасць і выпуск у абарачэнне на тэрыторыі МС прадукцыі, якая не падлягае да ўступлення ў сілу тэхрэгламенту абавязковай ацэнцы (пацвярджэнню) адпаведнасці. У Беларусі для індывідуальных прадпрымальнікаў - плацельшчыкаў адзінага падатку гэты перыяд быў падоўжаны да 1 ліпеня 2013 года.

Яшчэ адзін пераходны перыяд тычыцца прадукцыі, на якую да ўвядзення тэхрэгламенту былі выдадзеныя або зарэгістраваныя дакументы аб пацвярджэнні адпаведнасці абавязковым патрабаванням, раней устаноўленымі нарматыўнымі прававымі актамі МС або заканадаўствам дзяржавы - члена МС. Вытворчасць і выпуск у абарачэнне такой прадукцыі дапускаецца да 1 ліпеня 2014 года.

Увядзенне патрабаванняў тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза выклікала пратэст беларускіх прадпрымальнікаў: на рынках і ў гандлёвых цэнтрах Беларусі ў канцы чэрвеня - пачатку ліпеня прайшлі забастоўкі прадпрымальнікаў. Прадпрымальнікі выказалі незадаволенасць рэгламентам, заявіўшы, што ён паставіць іх на мяжу жыцця, паколькі абавязвае рабіць дарагую працэдуру сертыфікацыі тавараў лёгкай прамысловасці.

З мэтай аптымізацыі пераходу да патрабаванняў тэхрэгламенту міністэрства гандлю, аховы здароўя, сельскай гаспадаркі і харчавання, Дзяржкамітэт па стандартызацыі 21 чэрвеня прынялі сумесную пастанову. Згодна з гэтым дакументам для прадпрымальнікаў - плацельшчыкаў адзінага падатку спрашчаецца працэдура сертыфікацыі ў адпаведнасці з патрабаваннямі згаданага тэхрэгламенту пры ўмове прадастаўлення імі суправаджальных дакументаў на тавары. Аднак гэты дакумент таксама выклікаў незадаволенасць у прадпрымальніцкім асяроддзі, якое заявіла пра недасканаласць пастановы.

Фота: bymedia.net

Напісаць каментар 157

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках