25 красавiка 2024, Чацвер, 9:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Раман Якаўлеўскі: Паміж Беларуссю і Украінай цалкам рэальнае ўвядзенне віз

27
Раман Якаўлеўскі: Паміж Беларуссю і Украінай цалкам рэальнае ўвядзенне віз

Пасля падпісання Кіевам пагаднення з Еўразвязам можа адбыцца ўзмацненне межаў паміж краінамі МС і Украінай.

Так палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі пракаментаваў сайту charter97.org сустрэчу ў Менску беларускага дыктатара з прэм'ер-міністрам Украіны.

«Еўрапейскі выбар Украіны вітаюць не толькі ў Менску, але і ў Маскве. Але з адной умовай. Як кажа дарадца прэзідэнта Уладзіміра Пуціна Сяргей Глазьеў, нельга сабе ўявіць, каб Украіна, ідучы на ратыфікацыю гэтага пагаднення з Еўразвязам, магла разлічваць на паўнавартасны ўдзел у Мытным саюзе. Але мы бачым, што ў адрозненне ад дарадцы Пуціна, Лукашэнка не бачыць ніякіх праблем у тым, што Украіна імкнецца ратыфікаваць гэтае пагадненне. І выглядае гэта дзіўна», - мяркуе палітычны аглядальнік.

Раман Якаўлеўскі дадаў, што беларускі кіраўнік, безумоўна мае рацыю, кажучы пра суверэннае права Украіны ісці сваім шляхам.

«Але на сённяшні дзень мы бачым, што менавіта з-за гэтага Масква аказвае прэсінг на Кіеў. І калі Лукашэнка так кажа, то застаецца толькі ў якасці каментара дадаць, што гэтыя заявы і рэверансы ў бок Кіева ён робіць у дзень народзінаў Пуціна. Гэта, так бы мовіць, па Фрэйду: што ў кагосьці ў галаве, у Лукашэнкі на языку», - адзначыў палітычны аглядальнік.

Ён лічыць, што на дадзены момант не гучыць вельмі важнае пытанне ў адносінах, якія тычацца шэрагу краін Еўразвяза, напрыклад, Літвы.

«Я маю на ўвазе знакаміты транзіт украінскай электраэнергіі праз Беларусь у Літву. З гэтай тэмай быў звязаны шэраг пытанняў. І тое, што сёння гэта не гучыць, зусім не сведчыць пра тое, што на гэты конт няма праблем. Безумоўна, гэты транзіт прыносіць прыбытак і Беларусі. Але я нагадаю, што афіцыйны Менск, наколькі вядома, імкнуўся дыктаваць свой кошт Літве, што супярэчыла дамоўленасцям паміж Кіевам, Вільняй і Менскам. Як сёння вырашаецца гэтае пытанне, невядома, бо гэтая тэма не гучыць», - адзначыў Якаўлеўскі.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што гэта зусім не значыць, што яна вырашаная.

«Калі адбудзецца гэтая ратыфікацыя, то наступным крокам можа быць узмацненне мяжы не толькі з Беларуссю, але паміж МС і Украінай. Больш за тое скажу, што тады замаячыць рэальная перспектыва ўвядзення візавага рэжыму паміж Беларуссю і Украінай. Я гэтага не выключаю», - падсумаваў палітычны аглядальнік.

Нагадаем, на сустрэчы з украінскім прэм'ерам Мікалаем Азаравым беларускі кіраўнік заявіў, што не бачыць праблем у заключэнні Кіевам пагаднення з ЕЗ аб асацыяцыі і лічыць, што будзе знойдзеная нейкая формула супрацоўніцтва Украіны з Мытным саюзам.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках