25 красавiка 2024, Чацвер, 21:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Раман Якаўлеўскі: Прыгоды Баўмгертнера ў Менску не скончаныя

4
Раман Якаўлеўскі: Прыгоды Баўмгертнера ў Менску не скончаныя

Кошт экстрадыцыі кіраўніка «Уралкалію» таксама пакуль невядомы.

Такім чынам палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі пракаментаваў сайту charter97.org рашэнне Генпракуратуры Беларусі аб экстрадыцыі Баўмгертнера.

«Хачу адзначыць, што сённяшняй навіне папярэднічаў шэраг іншых. Па-першае, заява генеральнага пракурора Беларусі пасля сустрэчы з Лукашэнкам аб тым, што ён не бачыць ніякіх перашкод, каб экстрадаваць гендырэктара «Уралкалію». Але мы ведаем, наколькі ў нас «самастойныя» чыноўнікі, у тым ліку і генпракурор. Калі ён гэта кажа пасля сустрэчы з Лукашэнкам, значыць, адбываюцца зрухі ў яго пазіцыі наконт Баўмгертнера. Па-другое, у апошнія дні ў Расеі былі як міністр замежных спраў Макей, які сустракаўся ў Маскве са сваім калегам Лаўровым, так і вядомы па гісторыі з гендырэктарам «Уралкалію» Мясніковіч, які меў у Санкт-Пецярбургу сустрэчу з Мядзведзевым. Як вядома, Мядзведзеў адмовіў яму ў двухбаковай асобнай сустрэчы, і гэта было ў рамках пасяджэння кіраўнікоў урадаў краін СНД. І ў гэтых сустрэчах бачна або нябачна прысутнічала тэма Баўмгертнера. Дарэчы, Макей гэтага і не адмаўляў, а той холад зносінаў Мядзведзева з Мясніковічам можа сведчыць пра тое, што расейскі бок паставіў гэтае пытанне вельмі жорстка», - падкрэсліў аглядальнік.

Раман Якаўлеўскі перакананы, што ўсё гэта магло паўплываць на з'яўленне сённяшняй навіны.

«Але, на мой погляд, галоўны ўплыў быў не пасля сустрэчы Макея ў Маскве і Мясніковіча ў Пецярбургу, а пасля навіны, што прымачом Керымава хутчэй за ўсё будзе Прохараў, хаця Лукашэнка хацеў бачыць на гэтым месцы Гуцарыева. Гэта сведчыць пра тое, што яго жаданне не з'яўляецца ўказам для Крамля. У Масквы свае планы па рашэнні гэтай сітуацыі. З'яўленне Прохарава ва «Уралкаліі» задавальняе Пуціна, так як на думку некаторых аглядальнікаў, ён зможа мацней прывязаць палітыка Прохарава да сябе, а «Уралкалій» стане інструментам яго кантролю», - адзначыў палітычны аглядальнік.

Раман Якаўлеўскі мяркуе, што на дадзены момант усе навіны аб вызваленні Баўмгертнера цалкам не дакладныя.

«Пра гэта кажа каментар памочніка Пуціна Ушакова, які казаў, маўляў, яны спадзяюцца і было б добра, каб гэта адбылося да канца лістапада. І, дарэчы, менавіта ён адмовіўся адкрыта адказаць на пытанне, ці звязаная навіна аб вызваленні Баўмгертнера з Прохаравым. Менавіта адмова адказваць на гэтае пытанне больш сведчыць пра тое, што менавіта з'яўленне прозвішча Прохарава надало дынаміку вырашэнню гэтай сітуацыі. І ніхто з нас не ведае кошт гэтага вызвалення, прычым як для беларускага, так і для расейскага боку, і падобна, што прыгоды Баўмгертнера ў Менску яшчэ не скончаныя», - падсумаваў міжнародны аглядальнік.

Нагадаем, сёння прэс-сакратар Генеральнай пракуратуры Беларусі паведаміў, што Уладзіслаў Баўмгертнер выдадзены ў Расею. Гендырэктар «Уралкалію» быў затрыманы ў Менску 26 жніўня, яму было прад'яўленае абвінавачванне ў злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі і прымененая мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Праз месяц мера стрымання была замененая на хатні арышт, удакладненае абвінавачванне. У канцы кастрычніка на 2 месяцы падоўжаныя тэрміны расследавання крымінальнай справы ў дачыненні да гендырэктара «Уралкалію», ён пакінуты пад хатнім арыштам.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках