25 красавiка 2024, Чацвер, 16:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Барыс Жэліба: Вяртанне Лукашэнкі без грошай наблізіла дэвальвацыю

12
Барыс Жэліба: Вяртанне Лукашэнкі без грошай наблізіла дэвальвацыю

Прэзідэнты іншых краін баяцца крэдытаваць Беларусь.

Такое меркаванне выказаў эканаміст Барыс Жэліба, каментуючы сайту charter97.org вынікі візіту Лукашэнкі ў Баку.

«Вядома, галоўным пытаннем візіту Лукашэнкі былі грошы. Пару тройку гадоў таму Азербайджан крэдытаваў Беларусь на 300 мільёнаў даляраў на кароткі тэрмін. Дарэчы, Беларусь пакуль што ўсе свае пазыкі своечасова пагашае: гэта і МВФ, і Расея, і Венесуэла. У нас наогул шмат крэдытораў. Дык вось галоўнае пытанне, ці даў Аліеў яму грошы. Калі Ільхам Аліеў пазычыў 300 мільёнаў, то дзяржаўныя СМІ адкрыта напісалі, што Азербайджан пазычыў Беларусі грошы. На сёння візіт ужо завершаны, і ў прэсе напісалі, што заключаны цэлы шэраг пагадненняў па дробязі. Так, гэта карысна і горш не будзе, але ж яны не так даўно сустракаліся ў Менску. А раз ён зноў паляцеў да Аліева, то я, як і ўсе, чакаў, што мы ў асобе Лукашэнкі ўсё ж такі атрымаем крэдыт. Але паведамленняў няма і застаецца толькі здагадвацца. Першае, што прыходзіць на розум: усё ж такі не далі, раз не паведамілі, і Лукашэнка зноў вярнуўся з пустымі кішэнямі. А гэта для кіраўніцтва Беларусі, вядома, вельмі сумна», - перакананы эксперт.

Эканаміст падкрэсліў, што ў сённяшнім эканамічным становішчы валюта патрэбная як паветра.

«Раней былі пастаўкі азербайджанскай нафты ў Беларусь па своп-схемах, але яны не апраўдаліся. Гэта было замяшчэнне венесуэльскай нафты, але выйшла дорага. Наколькі я адсочваў гэты візіт, размоў пра нафту там не было. Наогул, можа, пазней напішуць даў усё ж такі Аліеў крэдыт ці не. Магчыма, вырашылі пакуль што не пісаць і абгаварыць дэталі гэтай пазыкі», - дадаў Барыс Жэліба.

Эканаміст адзначыў, што гэта не першы візіт беларускага кіраўніка такога ўзроўню за гэты месяц.

«Першы быў у Туркменістан. Але прайшоў вялікі тэрмін, і пра грошы таксама нічога не паведамілі. Усё гэта сведчыць пра тое, што ў беларускай эканоміцы ўсё дрэнна. На жаль, усё дрэнна ўжо не першы год, і не першы год Лукашэнка робіць такія паездкі. Але некалі яны былі ўдалымі, а ў апошні час безвыніковыя. Так што пошук грошай працягваецца. Бо калегі Лукашэнкі з гэтых краін таксама ў курсе, якія справы склаліся ў Беларусі. Ёсць такое паняцце - крэдытаздольнасць, і, вядома, у іх ёсць асцярога, ці будзе ў стане Беларусь вярнуць грошы. Пакуль што яна пагашае ўсе крэдыты своечасова, але гэта пакуль што. А што будзе далей, невядома, таму што на наступны год нам трэба знайсці, як мінімум, 3-4 мільярды даляраў. Калі мы ўвойдзем у наступны год без валютнай падтрымкі, то гэта вельмі нагадае 2011 год. Пасля «выбараў» Лукашэнка таксама сказаў, што не патрэбны нам ніякі МВФ і будзем жыць без крэдытаў. А што было ў 2011 годзе, людзі добра памятаюць», - сказаў на заканчэнне эксперт.

Нагадаем, учора завяршыўся афіцыйны візіт беларускага дыктатара ў Азербайджан. Перамовы кіраўнікоў прайшлі ў рэзідэнцыі Аліева спачатку ў фармаце сам-насам, а затым у пашыраным складзе. Афіцыйна паведамлялася, што «аднымі з галоўных тэм сталі далейшае развіццё вытворчай кааперацыі і выхад з сумеснай прадукцыяй на рынкі трэціх краін, актывізацыя інвестыцыйнага ўзаемадзеяння».

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках