29 сакавiка 2024, Пятніца, 15:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы адзначаюць Дзень герояў (Відэа)

49

27 лістапада 1920 года пачаліся баявыя дзеянні паміж Слуцкімі палкамі БНР і часткамі Чырвонай арміі.

Гэты дзень беларускія патрыёты адзначаюць як Дзень герояў.

Спыненне вайны паміж савецкай Расеяй і Польшчай дало магчымасць аднавіць барацьбу за незалежнасць Беларусі. На тэрыторыях, якія пакідалі польскія войскі, але куды яшчэ не ўступілі бальшавікі, фармаваліся мясцовыя органы ўлады. У лістападзе 1920 года была створаная Слуцкая рада. Яна абвясціла аднаўленне ўлады Беларускай Народнай Рэспублікі на тэрыторыі павета. Па рашэнні рады было пачата фармаванне ваенных падраздзяленняў з мясцовых жыхароў. Былі створаныя два палкі - Слуцкі пад камандаваннем Паўла Чайкі (пазней яго змяніў Ахрэм Гаўрыловіч) і Грозаўскі на чале з капітанам Лукой Семянюком. Іх аб'ядналі ў Слуцкую брыгаду. Агульнае камандаванне войскамі ажыццяўляў Антон Сокал-Кутылоўскі.

Баі паміж атрадамі, сфармаванымі пераважна з сялян, і бальшавікамі працягваліся больш за месяц. Да палкоў, сфармаваных па рашэнні Рады, далучыліся беларускія часткі арміі генерала Станіслава Булак-Балаховіча - Беластоцкі батальён і Смаленскі полк, а таксама партызанскія атрады арганізацыі «Зялёны дуб».

Першапачаткова ў беларусаў атрымлівалася стрымліваць войскі праціўніка і разгарнуць контрнаступленне. Слуцкая брыгада правяла шэраг паспяховых нападаў у раёне Капыля і Цімкавічаў. Супраць беларускіх атрадаў беспаспяхова змагалася Омская дывізія Чырвонай арміі. На ўсім стокіламетровым фронце Капыль-Цімкавічы-Вызна бальшавікі вымушаныя былі адступаць. Беларускія аддзелы мелі вельмі моцную падтрымку з боку мясцовага насельніцтва, але ім не хапала зброі і амуніцыі. У наступныя дні баявыя дзеянні працягнуліся ў раёне вёсак Быстрыцы, Васільчыцы, Варабейчыцы, Дашкава, Васілішкі, Лютавічы і Морач. Слуцкая брыгада вызваліла ад бальшавікоў шэраг населеных пунктаў.

Разгортваўся актыўны антыбальшавіцкі супраціў. Да сялянскай арміі далучалася ўсё больш і больш людзей.

Сітуацыю зламала толькі рашэнне Масквы перакінуць на беларускі фронт дадатковыя часткі Чырвонай арміі з цэнтральнай Расеі, а таксама атрады, якія складаюцца з буратаў і кітайцаў. У канцы снежня 1920 года паўстанцы былі вымушаныя адступіць на тэрыторыю Заходняй Беларусі, якую кантралявалі польскія войскі.

«Слуцкi збройны чын» стаў прыкладам для многіх іншых жыхароў краіны. Беларусы працягвалі партызанскую барацьбу супраць бальшавікоў і пасля таго, як Чырвоная армія заняла тэрыторыю Слуцкага павета.

Напісаць каментар 49

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках