28 сакавiка 2024, Чацвер, 19:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менчанка патрабуе расследаваць катаванні хлоркай у калоніі

13
Менчанка патрабуе расследаваць катаванні хлоркай у калоніі

Следчы камітэт просяць распачаць крымінальную справу за катаванні ў магілёўскай калоніі.

Менчанка Людміла Кучура, чый муж адбывае пакаранне ў ВК-15 г. Магілёва, распавяла Праваабарончаму цэнтру «Вясна» пра тое, што метады ціску, якія прымяняюцца да асуджанага, сур'ёзна пагражаюць яго здароўю.

Псіхалагічны ціск на Пятра Кучуру пачаўся пасля публікацыі ў СМІ ў чэрвені гэтага года артыкула пра паборы ў магілёўскай ВК-15, з'яўленне якога адміністрацыя палічыла справай рук асуджанага і яго жонкі. Адно за іншым на Кучуру пасыпаліся спагнанні, напрыклад, за «сон у неўстаноўлены час», накладанне якіх дазваляе пазбавіць яго спатканняў з жонкай, каб ён не мог расказаць ёй пра тое, як у калоніі абыходзяцца з вязнямі. Бо Людміла Кучура вядомая актывістка жаночай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры.

Пасля спагнанняў было ШЫЗА, а за ім - ПКТ.

Абуральны факт, па якім Людміла Міхайлаўна патрабуе пакарання для адміністрацыі і персаналу ВК-15, меў месца ў штрафным ізалятары.

Апынуўшыся ў камеры ШЫЗА 19 верасня, Пётр Кучура ўбачыў, што ў рукамыйнік і ўнітаз засыпаная хлорка - прыкладна з вядро. Пра праблемы з каналізацыяй яму нічога не паведамілі. Як толькі ён уключыў ваду, раствораная ў вадзе хлорка дала рэакцыю. Ад моцнага раздражнення слізістых вачэй і рота, мужчына не мог ні глядзець, ні дыхаць, ён пачаў стукаць у дзверы. Кантралёр, які з'явіўся ў камеры, паведаміў, што сантэхніка пакуль даслаць не могуць, усе сантэхнікі занятыя. Варта адзначыць, што ў такіх памяшканнях як ШЫЗА вентыляцыя практычна адсутнічае. Сантэхнікаў выклікалі толькі калі вязню стала дрэнна. Пасля ачысткі каналізацыі яму кінулі анучку памерам з насоўку, каб ёю ён прыбраў усё, што было разліта па камеры. Камеру ён вымыў, але дыхаць у ёй па-ранейшаму было немагчыма. Але ў іншую камеру яго перавялі толькі калі яго самаадчуванне значна пагоршылася.

Пётр Кучура з'яўляецца інвалідам 3-й групы па захворванні сэрца, якое ён атрымаў у зняволенні. У сувязі з захворваннем ён павінен штодня прымаць лекі, але са змяшчэння ў ПКТ рэгулярнасць прыёмаў медыкаментаў парушалася. Таксама здаралася, што лекар замяняў сардэчныя прэпараты таблеткамі ад кашлю, але тлумачэнняў на гэты конт вязню атрымаць не ўдалося. А несвоечасовае прыняцце лекаў можа абярнуцца інфарктам, інсультам ці раптоўным спыненнем сэрца.

Усё гэта падрабязна апісана ў скарзе на супрацьпраўныя дзеянні адміністрацыі і персаналу ВК-15, якую Людміла Кучура 5 лістапада накіравала начальніку ўпраўлення Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці. Яна прасіла правесці праверку для ўстанаўлення факту атручвання хлорам і наступстваў гэтага атручвання і распачаць крымінальную справу супраць асоб, вінаватых у прычыненні шкоды здароўю яе мужа. Аднак Начальнік упраўлення А.І. Ракусаў не стаў разбірацца і перанакіраваў скаргу ў Магілёўскае абласное ўпраўленне ДВП МУС. Але ДВП МУС не ўпаўнаважана разглядаць заявы і паведамленні пра злачынствы. Бо ў адпаведнасці з Крымінальна-працэсуальным кодэксам прыняцце рашэнняў па заявах або паведамленнях аб злачынствах, здзейсненых службовымі асобамі органаў унутраных спраў у сувязі з іх службовай ці прафесійнай дзейнасцю, адносіцца да выключнай кампетэнцыі органаў папярэдняга следства ў адпаведнасці з іх падследнасцю.

У сувязі з гэтым наступную падрыхтаваную праваабаронцамі «Вясны» скаргу Людміла Кучура накіравала ўжо намесніку старшыні Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь. У гэтай скарзе паведамляецца, што рашэнне А.І. Ракусава з'яўляецца незаконным і парушае правы і асуджанага і заяўніка.

«Кожная дзяржава забяспечвае любой асобе, якая сцвярджае, што яна была падвергнутая катаванням, права на прад'яўленне скаргі кампетэнтным уладам гэтай дзяржавы і на хуткі і бесстаронні разгляд імі такой скаргі (Канвенцыя супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання, прынятая рэзалюцыяй 39/46 Генеральнай Асамблеі ад 10 снежня 1984 года).

Заканадаўства Беларусі не мае нормаў аб адказнасці службовых асоб за катаванні, жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне, аднак магчымая кваліфікацыя іх дзеянняў па артыкулах Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за злачынствы супраць чалавека і супраць інтарэсаў службы», - сярод іншага адзначаецца ў скарзе ў СК РБ.

Людміла Кучура просіць прыняць да разгляду яе заяву ў ГСУ СК Рэспублікі Беларусь, правесці па ёй праверку і прыняць працэсуальнае рашэнне, накіраванае на абарону правоў яе мужа.

Адзначым, што ў ВК №15 цяпер знаходзіцца палітычны вязень Арцём Пракапенка. Разам з Яўгенам Васьковічам і Паўлам Сырамалотавым ён быў асуджаны на сем гадоў зняволення нібыта за спробу падпалу дзвярэй Бабруйскага аддзела КДБ.

Раней у гэтай калоніі адбывалі пакаранне амерыканскі юрыст Эмануіл Зэльцэр, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка і актывіст апазіцыі Яўген Васьковіч.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках