«Расатам» пачынае будаваць Беларускую АЭС
22- 5.11.2013, 11:08
- 20,130
Дзяржкарпарацыя «Расатам» у аўторак плануе прыступіць да будаўніцтва Беларускай АЭС.
Як паведамілі «Інтэрфаксу» ў прэс-службе генпадрадчыка будаўніцтва ЗАТ «Атамбудэкспарт» (уваходзіць у «Расатам»), 5 лістапада плануецца заліванне першага бетону станцыі.
2 лістапада Лукашэнка падпісаў указ «Аб будаванні Беларускай атамнай электрастанцыі». Дадзены ўказ дазваляе генеральнаму падрадчыку - ЗАТ «Атамбудэкспарт» - пачаць збудаванне Беларускай АЭС.
Да цяперашняга часу Беларусь завяршыла неабходную падрыхтоўчую працу для пачатку будаўніцтва АЭС, у тым ліку ў рамках прынятых міжнародных абавязацельстваў.
У рэгіёне размяшчэння станцыі створаная інфраструктура, неабходная для будаўніцтва АЭС, распрацаваная праектная дакументацыя, якая зацверджаная пастановай Савета Міністраў. Таксама заказчык аб'екта - дзяржустанова «Дырэкцыя будаўніцтва атамнай электрастанцыі» - атрымаў ліцэнзію на права ажыццяўлення дзейнасці ў галіне выкарыстання атамнай энергіі і крыніц іанізуючага выпраменьвання ў частцы работ па ўзвядзенню ядзерных установак.
Беларусь і РФ у ліпені 2012 года з падпісаннем у Менску генкантракта на будаўніцтва АЭС фактычна завяршылі працэдуру падпісання асноўных дакументаў па гэтаму праекту. Раней, у сакавіку 2011 года, у Менску было падпісанае міжурадавае пагадненне аб супрацоўніцтве пры будаўніцтве АЭС, у кастрычніку 2011 года - кантрактнае пагадненне аб будаўніцтве АЭС. У лістападзе 2012 года бакі падпісалі міжурадавае пагадненне аб выдзяленні Беларусі расейскага дзяржаўнага экспартнага крэдыту ў памеры да $10 млрд. У студзені 2012 года быў падпісаны першы пакет першачарговых пагадненняў і кантрактаў на будаўніцтва АЭС.
Першы блок АЭС плануецца ўвесці ў эксплуатацыю летам 2018 года, другі - у 2020 годзе.
Беларуская АЭС будзе складацца з двух энергаблокаў сумарнай магутнасцю да 2,4 тыс. МВт і будзе пабудаваная на Астравецкай пляцоўцы ў Гродзенскай вобласці. Для будаўніцтва першай Беларускай АЭС быў выбраны праект «АЭС-2006», які цалкам адпавядае міжнародным нормам і рэкамендацыям МАГАТЭ.