25 красавiка 2024, Чацвер, 22:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Заіка: Чарговая дэвальвацыя можа стаць апошняй для Лукашэнкі

45
Леанід Заіка: Чарговая дэвальвацыя можа стаць апошняй для Лукашэнкі

Адмова ад выдачы крэдытаў на куплю кватэр - спроба ўладаў пазбегнуць абвалу рубля.

Такое меркаванне выказаў эканаміст Леанід Заіка, каментуючы сайту charter97.org спыненне выдачы крэдытаў на куплю жылля апошнім дзяржбанкам.

«Гэта звязана з варожай дзейнасцю «пятай калоны» і такіх эканамістаў, як Заіка і Злотнікаў, якія ўвесь час казалі, што не трэба даваць пустых грошай на таннае жыллё. Таму я лічу, што тут дасягнулі поспехаў нашы намаганні з Леанідам Канстанцінавічам Злотнікавым і многімі прадстаўнікамі сучаснай беларускай навукі», - з іроніяй адзначыў эксперт.

Эканаміст падкрэсліў, што ў часы Кебіча 85% грошай, якія ішлі на будаўніцтва жылля, складалі назапашванні насельніцтва, а крэдыты толькі 15%.

«Пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі і раённай наменклатуры ў Менск хлынула вялікая маса мігрантаў з сельскай мясцовасці, і, вядома, усе яны не мелі кватэр. І тады ўрад, які быў такім жа рабоча-сялянскім, стаў маляваць гэтыя грошы на паперы і выдаваць ужо ў такой прапорцыі - 15% уласныя назапашванні, а 85% крэдыты. І гэтыя крэдыты прывялі да таго, што краіна напаўнялася пустымі грашыма, праходзілі дэвальвацыі і дэнамінацыі. Такім чынам працавала машына падтрымкі ўлівання ў гарадскую сераду неадаптаваных сельскіх мігрантаў. Я нават цяпер звяртаю ўвагу на тое, колькі бескультур'я ў грамадскім транспарце і крамах, нейкія вытарашчаныя вочы і крыкі: «А хто лепш, чым Лукашэнка?!» - дадаў Леанід Заіка.

Па словах эканаміста, галоўная прычына адмовы банкаў ад выдачы гэтых крэдытаў у тым, што «чарговая дэвальвацыя, якая будзе звязаная з тым, што грошы друкуюцца і выдаюцца, можа апынуцца апошняй».

«Аляксандр Лукашэнка сказаў, што яго здымуць з-за нейкай дэвальвацыі. Вы ж разумееце, які фрэйдызм закладзены ў тым, што хтосьці яго можа зняць з-за нейкай дэвальвацыі. Ні апазіцыя, ні дэмакратыя, ні правы чалавека, а нейкая дэвальвацыя стане прычынай гэтага. Можна, вядома, працягнуць друкаваць грошы і раздаваць іх направа і налева, але тады ж здымуць за дэвальвацыю», - перакананы эксперт.

Леанід Заіка лічыць, што калі хтосьці прыходзіць па крэдыт на куплю жылля, то гэта на 90% будзе спекулятыўнай здзелкай.

«Чалавек арыентуецца на тое, што ён возьме 100 мільёнаў, купіць сабе кватэру і будзе чакаць пакуль рубель абваліцца. Як толькі рубель абваліцца, гэтая кватэра будзе каштаваць ужо 130 мільёнаў, і ён скажа: «Глядзі, якія мы разумныя і якія дурныя Мясніковіч і Ермакова - яны нам далі грошы, а мы ўсіх абвялі». Такое ўжо было ў 2009 і ў 2011 гадах. Я ведаю бізнесменаў, якія бралі крэдыты на куплю дарагіх машын, куплялі іх, а праз тры чатыры месяцы адбываўся абвал, і 80 мільёнаў, якія былі ўзятыя на машыну, ператварыліся з 20 тысяч даляраў, скажам, у 10. Нават самі банкіры бралі такія крэдыты. Але, у рэшце рэшт, гэтая гульня скончылася», - падсумаваў навуковец.

Нагадаем, апошні дзяржаўны банк - Парытэтбанк спыніў прыём дакументаў на выдачу крэдытаў на набыццё жылля. Зараз крэдыт на куплю жылля можна атрымаць толькі ў адным камерцыйным банку.

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках