20 красавiка 2024, Субота, 11:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэвальвацыя рубля паскорылася ў два разы

120
Дэвальвацыя рубля паскорылася ў два разы

Беларусам прапаноўваюць адсвяткаваць тое, што яны дажылі да Новага года.

Да канца гэтага года ўлады не змаглі ўтрымаць золатавалютныя рэзервы на прагназаваным узроўні, у наступным годзе, без знешняй падтрымкі яны могуць знізіцца да крытычных 5 мільярдаў даляраў, піша «Салiдарнасць».

«Беларускі рубель у адносінах да даляра пераацэнены, - лічыць кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка. - На сёння ён пераацэнены прыкладна на 30%. Беларусы думаюць, што зарабляюць 500 даляраў, а на самой справе гаворка ідзе пра суму ў 350. Эканоміку не падманеш (што б не рабіў урад), і яна праз рост коштаў кампенсуе гэтыя 30%», - кажа ён.

На думку суразмоўцы, для выпраўлення сітуацыі неабходна звярнуцца да даволі радыкальных мер.

«Сітуацыю можна паправіць, калі з 1 студзеня ўрад знізіць зарплату міністраў на 20%, перастане субсідаваць сельскую гаспадарку і не стане ўкладваць запланаваныя на 2014 год 13 мільярдаў даляраў у мадэрнізацыю. А пакуль беларускі рубель будзе дэвальвавацца», - лічыць Леанід Заіка.

Эканаміст рэкамендуе беларусам адсвяткаваць той факт, што ўсе дажылі да Новага года.

«Прапаную сфатаграфаваць усё тое, што будзе на святочным стале. Таму што ў наступным годзе пры росце зарплаты ў 3-4% такога багацця на стале, як пад канец 2013-га, ужо не будзе. Няхай гэты стол будзе эталонным», - кажа ён.

Доктар эканамічных навук Барыс Жэліба мяркуе, што да Новага года беларускі рубель будзе абясцэньвацца і тэмпы гэтага працэсу паскорацца.

«Статыстыка кажа, што калі раней рубель дэвальваваўся на 100 рублёў у месяц, то цяпер у два разы хутчэй - на 100 рублёў за два тыдні, і тэмп дэвальвацыі можа паскорыцца яшчэ больш», - лічыць ён.

Суразмоўца рэкамендуе рыхтавацца да навагодніх святаў спакойна, без фанатызму і панікі.

«Хоць перспектывы, мякка кажучы, туманныя. Наша эканоміка не можа існаваць без знешняй падтрымкі. Да канца гэтага года мы не змаглі ўтрымаць золатавалютныя рэзервы на прагназаваным узроўні, і ў наступным годзе, без знешняй падтрымкі яны могуць знізіцца да крытычных 5 мільярдаў даляраў. Выхадам можа быць буйная прыватызацыя.

Калі не будзе знешняй падтрымкі ці прыватызацыі, то ў наступным годзе паўторыцца сцэнар 2011 года», - падсумаваў Барыс Жэліба.

Напісаць каментар 120

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках