18 красавiка 2024, Чацвер, 20:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы ўсё роўна паўстануць

158

Сёння - трэцяя гадавіна беларускай Плошчы.

19 снежня 2010 у Беларусі прайшлі прэзідэнцкія выбары. Пасля закрыцця выбарчых участкаў дзесяткі тысяч чалавек выйшлі на дэманстрацыю супраць фальсіфікацый вынікаў выбараў. Яна стала самай масавай акцыяй пратэсту ў Беларусі за апошнія гады. Але мірны пратэст быў жорстка падаўлены міліцыяй і ўнутранымі войскамі, перадае карэспандэнт charter97.org.

Затрыманні, допыты і арышты актывістаў апазіцыі працягнуліся некалькі месяцаў. Больш за 700 чалавек былі кінутыя за краты, дзесяткі збітых патрапілі ў бальніцы. У дачыненні да 46 лідараў і актывістаў апазіцыі, у тым ліку супраць кандыдатаў у прэзідэнты распачалі крымінальныя справы, многія з іх трапілі ў турмы на тэрмін ад двух да шасці гадоў. Тысячы беларусаў былі вымушаныя пакінуць радзіму, баючыся крымінальнага пераследу.

Падзеям 19 снежня 2010 года ў Менску была прысвечаная канферэнцыя «Ці памятае Еўропа пра Беларусь?», якая прайшла напярэдадні ў Варшаўскім універсітэце. У ёй узялі ўдзел кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года і лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, галоўны рэдактар сайта charter97.org Наталля Радзіна, дэпутат Еўрапарламента і намеснік кіраўніка дэлегацыі па сувязях з Беларуссю Марэк Мігальскі. Канферэнцыя выклікала вялікую цікавасць сярод студэнтаў - уся аўдыторыя, у якой яна праходзіла, была запоўненая людзьмі - палякамі, беларусамі, украінцамі.

Канферэнцыя праходзіла на фоне падзей ва Украіне і, натуральна, удзельнікі мерапрыемства правялі паралелі паміж падзеямі ў Кіеве і Менску.

Былы кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў заявіў, што Плошча ў Менску аказала велізарны ўплыў на пратэсты як у Маскве 2011-2012 гадоў, так і ў Кіеве сёння.

«Цяпер усе параўноўваюць Плошчу 2010 года і Еўрамайдан. Узнікаюць аб'ектыўныя пытанні. Чаму ў Кіеве людзі змаглі стаяць амаль месяц, а ў Менску гэта аказалася немагчымым? Што трэба для таго, каб адбыліся працяглыя пратэсты ў Беларусі? Я ўпэўнены, што гэта звёны аднаго ланцуга. Без Плошчы 2010 года не было б Майдана сёння. І не толькі Плошчы, але і ўсіх акцый, якія праходзілі ў Беларусі раней. Наша краіна пратэстуе супраць дыктатара з 1995 года. Большая частка актывістаў прайшлі праз турмы. Лідары апазіцыі былі забітыя ў 1999 годзе, які стаў самым трагічным для нашай краіны. Увесь гэты час працягваліся пратэсты», - сказаў ён.

Андрэй Саннікаў падкрэсліў, што беларускія дэмакраты разлічвалі на падтрымку Еўропы, але не заўсёды яе атрымлівалі. Замест гэтага Захад аказваў дапамогу Лукашэнку. Тую ж самую памылку ЕЗ робіць сёння ў дачыненні да Украіны.

«Калі параўноўваць Еўрамайдан і Плошчу 2010 года, то я мару пра тое, каб Еўропа прыняла актыўны ўдзел у абароне людзей, у падтрымцы іх права на змену ўлады, у руху нашых краін насустрач Еўропе. У 2010 годзе гэтага не атрымалася. Уся дапамога, у тым ліку эканамічная, ішла рэжыму Лукашэнкі. У той час на Захадзе не разлічвалі, што ў Беларусі будзе такі народны ўздым. Еўропа была гатовая працягваць весці справы з Лукашэнкам.

Тое ж самае рабілася ў дачыненні да Украіны. Спадзявацца на тое, што можна наблізіць краіну да еўрапейскіх стандартаў праз дыялог з дыктатарам ці аўтакратам - наіўна, калі не сказаць больш», - перакананы Саннікаў.

Лідар «Еўрапейскай Беларусі» адзначыў, што сёння неабходная новая еўрапейская стратэгія, заснаваная на прынцыпах, у дачыненні да Беларусі і ўсяго рэгіёну.

«Некаторыя кажуць, што прэзідэнцкая кампанія 2010 года была ліберальнай. Для мяне яна такой не была. Як толькі я заявіў пра намер удзельнічаць у выбарах, адразу пачаліся ператрусы ў мяне і ў сяброў маёй каманды, сталі паступаць пагрозы ў дачыненні да маёй сям'і, а за некалькі дзён да пачатку выбарчай кампаніі быў забіты ключавы сябра майго штаба Алег Бябенін.

Сёння мы маем найбольш складаную сітуацыю за ўсю гісторыю Беларусі. У той час, як з Брусэля мы чуем пра нейкія надзеі на дыялог, на тое, што Лукашэнка нечакана перастане быць дыктатарам, у Беларусі ўзмацняюцца рэпрэсіі. Апазіцыя і грамадзянская супольнасць пазбаўленыя ўсіх магчымасцяў легальнай ці нават паўлегальнай дзейнасці. Але беларусы ўсё роўна працягваюць змагацца. Ці гатовы Еўрапейскі Звяз зрабіць для Беларусі тое ж самае, што цывілізаваны свет зрабіў у свой час для Польшчы?», - задаў пытанне палітык.

Галоўны рэдактар сайта charter97.org Наталля Радзіна нагадала прысутным пра падзеі польскай гісторыі і параўнала іх з тым, што сёння адбываецца ў Беларусі.

«Нядаўна Польшча адзначала гадавіну ўвядзення ваеннага становішча. Вы ўсе - маладыя людзі і таксама не шмат ведаеце пра тыя падзеі, але яго добра памятаюць вашыя бацькі. Беларусь ужо трэці год жыве ва ўмовах надзвычайнага становішча. 20 гадоў наша краіна - апошняя дыктатура Еўропы. Але 19 снежня 2010 года дыктатура стала нашмат больш цвёрдай. Гэтая дата моцна змяніла наша жыццё. Ніхто з нас не хацеў з'язджаць з Беларусі. Мы змагаліся, рабілі сваю справу і хацелі заставацца ў краіне і перамагчы. Так, мы праходзілі праз турмы, было вельмі складана працаваць, але магчымасць працы была. Сёння легальнай апазіцыйнай дзейнасцю ў краіне займацца фактычна немагчыма.

19 снежня 2010 года не проста была разагнаная вялікая масавая акцыя пратэсту супраць фальсіфікацый выбараў. Амаль уся палітычная эліта краіны апынулася за кратамі. Лідары і актывісты апазіцыі атрымалі доўгія турэмныя тэрміны. Мне, як журналісту пагражала да 15 гадоў турмы. Тады на самой справе было ўведзена надзвычайнае становішча, і яно застаецца да гэтага часу», - сказала Наталля Радзіна.

Галоўны рэдактар сайта charter97.org адзначыла, што нягледзячы на тое, што апазіцыю загналі ў падполле, а незалежныя СМІ ліквідаваныя альбо падвяргаюцца цэнзуры, сітуацыя можа змяніцца ў любы момант.

«Эканамічнае становішча Беларусі вельмі складанае. Утрыманне сілавікоў і апарата спецслужбаў патрабуе велізарных сродкаў. Я думаю, што ў бліжэйшы час мы ўбачым новыя пратэсты. Самае важнае - калі беларусы паўстануць (а я ўпэўненая, што гэта адбудзецца), нам будзе вельмі патрэбная міжнародная салідарнасць», - сказала яна.

Еўрадэпутат Марэк Мігальскі адразу адзначыў, што будзе казаць недыпламатычна і «брутальна». Ён падкрэсліў, што сітуацыя ў Беларусі сёння вельмі складаная, у тым ліку і з-за палітыкі еўрапейскіх чыноўнікаў.

«Я не падзяляю пункт гледжання Наталлі Радзінай з нагоды таго, што ў Беларусі магчымыя пратэсты. Сітуацыя не паляпшаецца па некалькіх прычынах. Па-першае, гэта вельмі прадуманая, складаная гульня Лукашэнкі. Амаль усе лічаць яго крэтынам, пацешным калгаснікам, маўляў, ён не ведае, пра што кажа. Але гэта дыктатар які добра разумее міжнароднае становішча. Другі фактар - гэта вялікая значнасць Беларусі для Расеі. Яна прыкладае шмат намаганняў, каб у Беларусі было так, як ёсць цяпер. І трэцім элементам з'яўляецца адсутнасць паспяховай, стабільнай і доўгатэрміновай палітыкі Еўразвяза. Бо не было еўрапейскай палітыкі ў дачыненні да Беларусі, якая доўжылася б даўжэй 12 месяцаў. Напрыклад, былі ўведзеныя санкцыі, а потым Макея раптам вырашылі запрасіць у Вільню», - заявіў Марэк Мігальскі.

Тым не менш, еўрадэпутат заклікаў Еўропу быць прынцыповай ў дачыненні да Беларусі. Паводле яго слоў, «нельга супрацоўнічаць з дыктатарам, які трымае ў закладніках сваіх грамадзян».

Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка распавёў, чаму самі жыхары еўрапейскіх краін павінны быць зацікаўленыя ў дэмакратычных пераменах у суседніх дзяржавах. Ён звярнуўся да польскіх студэнтаў як грамадзянаў Еўрапейскага звяза.

«Паглядзіце на сітуацыю вачыма вашых суседзяў. ЕЗ хацеў стварыць зону стабільнасці на сваіх межах. Еўрабюракраты у Брусэлі дамаўляліся з дыктатарам Кадафі, падпісвалі з ім прыкладна такое ж пагадненне аб добрасуседстве, як сёння з Януковічам. Тое ж самае было падпісана з дыктатарам Бэн Алі з Туніса. Мубарак наогул быў лепшым сябрам ЕЗ - шмат палякаў і расейцаў адпачываюць у Егіпце. Януковіч - партнёр Еўразвяза. Дыктатары Асад - што сын, што бацька - былі шматгадовымі сябрамі Францыі і Еўропы. І апынулася, што еўрапейскія грошы пайшлі на распальванне агню ў гэтым рэгіёне. Глядзіце: у Лівіі, Тунісе, Егіпце, Сірыі - вайна ці ваеннае становішча. Прэм'ер-міністр Турцыі ўтрымаўся толькі цудам. Сёння - Майдан ва Украіне. У Калінінградскай вобласці супраць Еўрапейскага звяза размешчаныя расейскія ракеты сярэдняй далёкасці.

Можаце не сумнявацца - успыхне і Беларусь, таму што людзі не хочуць жыць пры дыктатуры. Хто-небудзь думае, што Лукашэнка папулярны? Яго ўсе ненавідзяць.

Не думайце, што нехта ў Брусэлі прыме рашэнне за вас. Сёння па ўсёй мяжы ЕЗ - дуга нестабільнасці. У 1938 годзе ў Мюнхене таксама думалі, што стабільнасць важней, што Гітлера трэба падтрымаць, што ён цывілізаваны. Не верце бюракратам, з-за іх памылковай палітыкі Еўрапейскі звяз знаходзіцца ў вялікай небяспецы. Адкрыйце вочы.

Нядаўна ў Варшаве праходзіла канферэнцыя па прасоўванні дэмакратыі ў краінах-суседзях ЕЗ. Там былі сірыйцы, егіпцяне, тунісцы, украінцы, беларусы, туркі. Былі людзі, якія рабілі рэвалюцыі ў сваіх краінах. З трыбуны яны казалі адно: «Не працуйце з дыктатарамі, хопіць іх падтрымліваць, вы давалі грошы гэтым ублюдкам, а яны нас забівалі. Мы паўсталі супраць дыктатараў, якіх вы падкормлівалі».

Беларусы не спадзяюцца на еўрапейскія ўрады. Нашы праблемы - не іх праблемы. Толькі Марэка Мігальскага хвалюе лёс беларускіх палітвязняў. Мы спадзяемся на звычайных людзей - студэнтаў, журналістаў, акцёраў. Сёння на многіх хмарачосах Варшавы я бачу знаёмы твар. Гэта Кевін Спэйсі, які рэкламуе адзін з польскіх банкаў. Для мяне ён родны чалавек. Калі я быў у турме, ён стаяў з маім партрэтам, патрабуючы вызвалення беларускіх палітвязняў. Знакаміты галівудскі акцёр Джуд Лоў стаяў з партрэтам Наталлі Радзінай.

Сёння многія палякі едуць на Майдан, і гэта правільна. Вы - такія ж гульцы ў гістарычнай барацьбе за свабоду, як беларусы, украінцы і сірыйцы. Слоганам кампаніі Андрэя Саннікава былі словы «Гісторыя робіцца сёння, гісторыю робім мы, і разам мы пераможам», - сказаў Зміцер Бандарэнка.

Выступы выклікалі шквал пытанняў ад прысутных у зале. Беларусы пыталіся аб далейшых планах і стратэгіі апазіцыі, выказвалі свае прапановы. Адзін са студэнтаў заклікаў нашых суайчыннікаў за мяжой больш актыўна ўдзельнічаць у палітычным жыцці, праводзіць акцыі салідарнасці і распаўсюджваць інфармацыю аб тым, што адбываецца ў краіне.

Украінцы параўноўвалі Еўрамайдан і беларускія пратэсты трохгадовай даўніны, выказвалі здагадку, што пратэсты ў Кіеве могуць выклікаць ланцуговую рэакцыю ў Беларусі.

Студэнты з Польшчы пыталіся пра тое, што можа зрабіць Еўрапейскі Звяз і, у прыватнасці, іх краіна для хуткіх перамен ва Украіне і Беларусі.

«На Польшчы ляжыць велізарная адказнасць, таму што яна лічыцца спецыялістам па Беларусі. Менавіта Польшча можа вызначыць стратэгію па Беларусі ў ЕЗ. Яшчэ раз падкрэслю, што гэта вялікая адказнасць, таму што цяпер стратэгіі няма. Яна павінна з'явіцца, таму што тое, што зараз адбываецца ў Беларусі, Расеі, Украіне патрабуе больш сур'ёзных падыходаў да ўсяго рэгіёну. Пагаджуся з Марэкам Мігальскім у тым, што робіцца няшмат. Але рабіць трэба, таму што сітуацыя крытычная - і для нас, і для вас.

Еўрапейскі Звяз павінен быць прынцыповым і стаяць на сваіх умовах. Змяненне стаўлення да дыктатуры магчыма толькі пасля вызвалення і рэабілітацыі палітвязняў. Пры гэтым трэба памятаць: дыктатар ва ўладзе ў Беларусі ўжо амаль 20 гадоў. Разлічваць, што ён зараз пачне нейкія рэформы - проста наіўна. Лукашэнка сам вызначыў палітыку ў адносінах да сябе. З ім нельга дамовіцца. Ён ніколі не трымаў слова. Я лічу, што Лукашэнка не зменіцца, ніякіх рэформаў - палітычных ці эканамічных не будзе. Трэба зыходзіць менавіта з гэтага, а не з наіўных ілюзій», - сказаў Андрэй Саннікаў.

Напісаць каментар 158

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках