24 красавiка 2024, Серада, 16:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Сёння ты інвестар - заўтра ў цябе забіраюць бізнес»

99
«Сёння ты інвестар - заўтра ў цябе забіраюць бізнес»

Мясцовыя ўлады шантажуюць паспяховага бізнесмена.

«Салiдарнасць» паспрабавала разабрацца ў канфлікце, які разгарэўся паміж інвестарам і Слуцкім райвыканкамам.

Перадгісторыя такая: у 2011 годзе Слуцкі райвыканкам перадаў навукова-вытворчаму ўнітарнаму прадпрыемству «АНВІ» два будынкі, размешчаныя на ўскраіне горада. Да закрыцця ваеннага шпіталя там былі паліклініка і фізіятэрапеўтычнае аддзяленне.

Згодна з умовамі дамовы, будынкі падаваліся ў часовае бязвыплатнае карыстанне пад інвестыцыйны праект «Стварэнне навукова-вытворчага цэнтра па распрацоўцы і ўкараненню прыродаахоўных і энергазберагальных тэхналогій, вытворчасці абсталявання і расходных матэрыялаў».

У дакуменце было пазначана, што маёмасць перадаецца ва ўласнасць прадпрыемства, калі яно выконвала ўсе ўмовы дамовы. Тэрмін дзеяння дамовы скончыўся 1 снежня 2013-га. Аднак Слуцкі райвыканкам так і не аддаў будынкі ва ўласнасць прыватнага прадпрыемства.

Будынкі былога шпіталя, у якіх арганізаваная вытворчасць імпартазамяшчальнай прадукцыі.

Дырэктар «АНВІ» Уладзімір Яўдонка сцвярджае, што выканаў усе ўмовы дамовы, а цяпер па рашэнні мясцовых уладаў можа пазбавіцца аднаго будынка.

«Калі б вы бачылі, у якім стане былі гэтыя будынкі! Там нават батарэй не было. Мы ўклалі 427 мільёнаў рублёў у іх бягучы рамонт і закупку абсталявання. І гэта не лічачы грошай па абслугоўванню тэрыторыі, па навядзенні добраўпарадкавання. Такім чынам, мы перавысілі памер інвестыцый, прадугледжаны дамовай, больш чым на 100 мільёнаў рублёў. На прадпрыемстве створана 13 працоўных месцаў (у дамове паказана 12)».

Пра вытворчасць прадпрыемства АНВІ варта распавесці асобна. Пакуль беларускія ўлады аб'яўлялі курс на імпартазамяшчэнне, бізнесмен са Слуцка рэалізаваў гэтую праграму ў асобна ўзятай сферы. Ён адкрыў вытворчасць сродкаў абароны ад накіпу газавых катлоў і аўтаматычных пральных машын. Па сутнасці, таблеткі АнціНАК для машын-аўтаматаў - гэта беларуская альтэрнатыва Калгону.

«Больш за 80 кацельняў у Беларусі працуюць па нашай тэхналогіі. З вадкімі рэагентамі для ачысткі і абароны сістэм ацяплення мы пачалі асвойваць расейскі рынак, - распавядае Уладзімір Яўдонка. - Мне задаюць пытанне: колькі навуковых супрацоўнікаў у вас працуе? Ды ніводнага! Я іх прыцягваю па дамовах».

Прадпрыемства з'яўляецца прыбытковым. Мы вырабляем прадукцыю імпартазамяшчальную і энергазберагальную. Вы ўявіце: адзін міліметр накіпу ўтвораны ў катле - гэта перарасход 7-10% паліва...

У пачатку лістапада дырэктар прадпрыемства падаў Слуцкаму райвыканкаму справаздачу аб рэалізацыі інвестпраекта.

«Праз дзень камісія з райвыканкама прыехала на пяці уазіках. Выказалі нам у вуснай форме заўвагі. 25 лістапада мы, ліквідаваўшы недахопы, падаем новую справаздачу, каб нам перадалі будынак ва ўласнасць, як і было абумоўлена дамовай. У адказ на гэта атрымліваем ліст за подпісам намесніка старшыні Слуцкага райвыканкама, у якім гаворыцца, што прадпрыемства не прадаставіла на ўзгадненне ў райвыканкам інвестпраект з унесенымі зменамі. І ведаеце, што гэта за змены? Нам прапануюць перапісаць праект у сувязі з рэалізацыяй яго на базе аднаго будынка замест двух! А калі мы гэтага не зробім, то страцім і другі будынак».

Па словах Уладзіміра Яўдонкі, райвыканкам не патлумачыў яму прычыну такога рашэння.

«Знаёмыя работнікі выканкама казалі мне: другі будынак вы купіце на аўкцыёне. Але з якой нагоды? Я пафарбаваў фасад, часткова зрабіў рамонт унутры, а сёння павінен адмовіцца ад будынка, а потым купляць яго на аўкцыёне на агульных падставах»,- кажа ён.

Уладзімір балюча ўспрыняў вестку пра тое, што можа страціць праект, у які ўклаў нямала сіл і сродкаў:

«Прыхапіла сэрца. Хацелі шпіталізаваць, але ў кардыялагічным аддзяленні няма месцаў. Пайшоў на бальнічны».

Тым часам прадпрыемства «АНВІ» працягвае працаваць, хоць і не ў поўную сілу.

«Частка работнікаў зразумелі, што прадпрыемства хочуць задушыць і сышлі ў адпачынак за свой кошт. Пакуль выканкам прымае рашэнне, мы нясем выдаткі. Мы не можам выконваць дамоўныя абавязацельствы па рэалізацыі тавараў у Беларусі і Расеі. Фактычна ў нас забралі памяшканне.

Але і гэта яшчэ не ўсё! Гарвыканкам пачаў абтэлефаноўваць фірмы, з якімі мы працуем, з мэтай высветліць, ці не вінныя мы ім.

...Ведаеце, я ўпэўнены, чым менш людзей будзе працаваць у кантралюючых органах, тым лепш будзе жыць краіна. Вось у Слуцкім раёне паўгода няма старшыні выканкама - і раён працуе», - кажа інвестар.

Намеснік старшыні Слуцкага райвыканкама: «У мяне ўсё па законе. Мне ў бюджэт грошы патрэбныя».

Мясцовыя ўлады тлумачаць сваю пазіцыю тым, што кіраўнік прадпрыемства выканаў ўмовы інвестыцыйнага праекта не ў поўным аб'ёме.

Намеснік старшыні Слуцкага райвыканкама Ала Русак у тэлефоннай размове заявіла, што вытворчасць на прадпрыемстве «АНВІ» не працуе.

- Камісія ад райвыканкама некалькі разоў выязджала на месца. Там няма масавай вытворчасці. Калі чалавек прыняты на працу, ён павінен кожны дзень, як мы з вамі, хадзіць на працу, правільна? Сёння ён не працаваў, учора не працаваў. Мы нават фатаграфіі зрабілі. Мне сёння патрэбная вытворчасць, а не паказуха. Ёсць указ прэзідэнта. Ён не выканаў ўмовы. Гэта ж не Ала Іванаўна адна вырашала. У нас усе службы прысутнічалі. Людзі ў яго не прайшлі медыцынскі агляд. Мы прымусілі іх гэта зрабіць. А гэты парашок - анты-накіп - ён шкодны для здароўя. І па ахове працы ёсць пытанні, і па МНС - кацёл паставіў, ніхто яго не атэставаў.

Па натуры ён чалавек дзіўны. Мы яму кажам: «На працягу паўгоддзя праінвестуеш, ліквідуеш усе недахопы. Абавязуйся!». А ён гэтага не робіць і паехаў да вас скардзіцца. Я ў дзяржапараце працую. Я не магу аддаць будынак, каб там невядома што было. Калі выканае ўмовы - калі ласка, няма пытанняў, забірай будынак. Я запрашу пракурора і пакажу, што ён не мае рацыю. Я не проста так тут працую!

- Вы хочаце сказаць, што на прадпрыемстве не створаныя 12 рабочых месцаў?

- Ён быццам бы заключыў працоўныя дамовы, так людзі ж не працуюць... Мы прыязджаем і бачым зачыненыя дзверы. У адным будынку ён планаваў вытворчасць парашка, а ў іншым лабараторыю. Але нічога гэтага няма! Гэта называецца навукова-практычны цэнтр. Дзе ж той цэнтр? Ён нават на дыялог не ідзе, пайшоў на бальнічны і не адказвае нам.

Што гэта за праца? Што гэта за стварэнне вытворчасці? Вы павінны зарабляць грошы, працаваць, ствараць прадукт? Мы ж не забараняем працаваць - у нас будынкаў дастаткова. Толькі фасад будынка адрамантаваў, трошкі вокны памяняў, нават не заплаціў падрадным арганізацыям. Ён лічыць, што ўклаў грошы. А мне сёння тэлефануюць падрадчыкі і кажуць: 100 мільёнаў вінны. А што мне рабіць? У суд на яго пададуць.

- А якія планы ў райвыканкама адносна другога памяшкання, якое забіраюць у прадпрыемства «АНВІ»?

- Планы - выставіць на аўкцыён. У мяне ўсё па законе. Мне ў бюджэт грошы патрэбныя. А гэты не выканаў - яшчэ будзе скардзіцца на мяне і на выканкам - смех!

Бізнесмен: «Калі спатрэбіцца - дайду да суда»

Карэспандэнт пабывала на вытворчасці прадпрыемства «АНВІ» і пераканалася, што яно працуе.

Ва Уладзіміра Яўдонкі шмат планаў па развіцці вытворчасці.

«Мы хочам вырабляць мікраарганізмы, якія руйнуюць глей у выграбных ямах. Гэта на самой справе вялікая праблема для ўладальнікаў прыватных дамоў.

Акрамя таго, нядаўна мы правялі анкетаванне ў некалькіх раёнах на поўдні Менскай вобласці і высветлілі, што людзям няма каму чысціць коміны. У свеце даўно ўжо прыдумалі, як вырашаць гэтую праблему. Напрыклад, чэхі выпускаюць таблеткі, якія кідаюць на падпаленыя дровы, і комін прачышчаецца. А ў Беларусі вы нават у інтэрнэт-крамах такіх сродкаў не знойдзеце. Мы разлічвалі прыцягнуць інвестараў, каб наладзіць такую вытворчасць», - кажа ён.

А цяпер увесь бізнес пад пагрозай. Калі дырэктар прадпрыемства не пойдзе на ўмовы райвыканкама і не перапіша інвестпраект пад вытворчасць у адным будынку, ён пазбавіцца абодвух памяшканняў.

«Такі вось бізнес па-беларуску: сёння ты інвестар, а заўтра ўлады забіраюць у цябе будынкі, - падводзіць вынік Уладзімір Яўдонка. - Але я збіраюся змагацца да канца. Калі спатрэбіцца, дайду да суда».

Фота: kurjer.info

Напісаць каментар 99

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках