20 красавiка 2024, Субота, 18:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскія знішчальнікі ляцяць у Беларусь

174
Расейскія знішчальнікі ляцяць у Беларусь

Дзяжурнае звяно расейскіх знішчальнікаў Су-27 сядзе на аэрадроме ў Баранавічах у бліжэйшыя дні.

Паводле звестак БелаПАН, дзяжурнае звяно з чатырох расейскіх знішчальнікаў Су-27 плануе сесці на аэрадроме 61-й знішчальнай авіябазы ў Баранавічах (Брэсцкая вобласць) у бліжэйшыя дні. Разам са знішчальнікамі ў Баранавічы з Расеі перабазуецца і тэхнічны персанал. Калі гэта адбудзецца дакладна, залежыць у тым ліку і ад умоваў надвор'я.

Нагадаем, 23 красавіка гэтага года міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу, знаходзячыся з візітам у Менску, паведаміў пра планы Расеі размясціць на тэрыторыі Беларусі да 2015 года знішчальны авіяполк. Тады ён заявіў, што ўжо ў гэтым годзе ў Беларусі мяркуецца стварыць авіяцыйную камендатуру і паставіць першае дзяжурнае звяно знішчальнікаў.

26 чэрвеня галоўнакамандуючы ВПС РФ генерал-лейтэнант Віктар Бондараў паведаміў, што расейская авіябаза будзе дыслакавацца ў Лідзе (Гродзенская вобласць) і пачне функцыянаваць ужо ў 2013 годзе. На ёй будуць размешчаныя мадыфікаваныя знішчальнікі Су-27СМ3.

Затым з'явілася інфармацыя аб размяшчэнні па меншай меры дзяжурных знішчальнікаў у Баранавічах.

«Стварэнне расейскай авіябазы ў Беларусі - гэта вынік выканання міжурадавага пагаднення аб умацаванні ваеннага складніка «саюзнай дзяржавы». Як удзельніца «саюзнай дзяржавы», Расея абавязаная сфармаваць і мець там сваю авіябазу», - заявіў Бондараў. Ён таксама паведаміў, што на першапачатковым этапе база будзе расейскай, потым - будзе бачна. Уладкуе базу беларускі бок, Расея будзе ў гэтым дапамагаць. «Авіябаза стане важным элементам першага стратэгічнага эшалона абароны Саюзнай дзяржавы, забяспечваючы прыкрыццё паветранай прасторы Беларусі», - падкрэсліў Бондараў.

На нарадзе па пытаннях будаўніцтва і развіцця Узброеных сіл Беларусі 20 жніўня Лукашэнка даручыў пачаць практычную рэалізацыю дамоўленасцяў з Расеяй па авіяцыі і СПА. «Міністэрству абароны стаўлю задачу прыступіць да практычнай рэалізацыі дасягнутых з Расейскай Федэрацыяй дамоўленасцяў па авіяцыі і сістэмах супрацьпаветранай абароны», - сказаў ён.

29 кастрычніка ў Маскве кіраўнік Мінабароны РФ Сяргей Шайгу паведаміў, што падрыхтоўка пагаднення аб размяшчэнні на тэрыторыі Беларусі расейскай авіяцыйнай базы завяршаецца. «Бакі завяршаюць падрыхтоўку міждзяржаўнага пагаднення аб размяшчэнні расейскай авіяцыйнай базы на тэрыторыі Беларусі, - сказаў ён. - Мы разгледзелі вынікі працы рабочай групы ваенна-паветраных сіл Беларусі і Расеі па вызначэнні аэрадрома для гэтай базы».

Першапачаткова, мяркуючы па словах Шайгу, у Беларусі плануецца размясціць дзяжурнае звяно знішчальнай авіяцыі Расеі. «Мы прыступілі да практычнай прапрацоўкі пытання размяшчэння на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь дзяжурнага звяна знішчальнай авіяцыі Расеі, - сказаў міністр. - Распрацоўваецца неабходная дакументацыя».

Варта адзначыць, што планы па размяшчэнні расейскай авіябазы ў Беларусі выклікалі негатыўны рэзананс сярод апазіцыі і часткі беларускага грамадства.

Фота: Аляксандр Пак

Напісаць каментар 174

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках