23 красавiка 2024, aўторак, 11:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Гомелі знайшлі ўнікальны трохметровы абраз

10
У Гомелі знайшлі ўнікальны трохметровы абраз

Абраз належыць пэндзлю вялікага беларускага мастака Яна Дамеля, а знайшоў яго вернік гомельскага касцёла.

У рэстаўрацыйнай майстэрні Гомельскага палацава-паркавага ансамбля вядзецца рэстаўрацыя карціны памерамі два на тры метры беларуска-польска-літоўскага мастака пачатку ХІХ стагоддзя, прадстаўніка класіцызму, прафесара жывапісу Яна Кшыштафа Дамеля. Унікальны абраз Святога Язэпа з Дзіцяткам Ісусам сюды даставіў вернік гомельскай рымска-каталіцкай царквы Анатоль Шчучко з вёскі Вішнева Смаргонскага раёна. Вернік родам з гэтай вёскі, у мясцовым касцёле ён знайшоў карціну і наважыў арганізаваць яе рэстаўрацыю, піша gomel.catholic.by.

- Абраз стаяў у далёкім куце, цалкам пацямнелы, ніхто ўжо не ведаў, адкуль ён тут узяўся. Але, вывучаючы архіўныя дакументы, я даведаўся гісторыю абраза, - распавядае вернік Анатоль Шчучко. - Выявілася, што ў касцёле ў пачатку 19 стагоддзя было два абразы: Святога Тадэвуша і Святога Язэпа з Дзіцяткам Ісусам. Ян Дамель напісаў іх на замову ў Вільні ў 1811 годзе. Пасля паўстання Кастуся Каліноўскага храм аддалі праваслаўным. А каталікі пабудавалі побач драўляны касцёл. Туды аддалі абраз Святога Тадэвуша. Але ў Першую сусветную вайну ён загінуў разам з храмам. Святы Язэп у гэты час быў недзе ў будынку ранейшага касцёла. Ужо за польскай уладай храм вярнулі каталікам і абраз Святога Язэпа з Дзіцяткам Ісусам павесілі над алтаром. Але з часам абраз пачаў цямнець, старэць, яго знялі, і шмат год ён проста пыліўся. Падумаўшы, чаму не я, узяўся арганізаваць рэстаўрацыю абраза. І тут, пры дапамозе розных дзівосных выпадкаў, мне дапамагаў Бог. Бо, як вядома, выпадак - гэта Ягоны псеўданім. Да прыкладу, аўтамабіль для перавозкі карціны ў Гомель я знайшоў, але яшчэ для транспартавання абразу абавязкова трэба было загарнуць яго ў пухірыстую паперу. Аб'ездзіў усе крамы - нідзе такой няма! Адна фірма прадавала гэтую паперу, але толькі за безнаяўны разлік. А я мог заплаціць толькі гатоўкай. Тады працаўнікі фірмы, зусім незнаёмыя мне людзі, проста далі бясплатна столькі матэрыялу, колькі было патрэбна.

Рэстаўратара давялося Анатолю таксама пашукаць. У Менску гэтая паслуга каштавала б вельмі дорага. І зноў выпадкова вернік знайшоў спецыяліста ў Гомелі - тут пагадзіліся выканаць працы за такі кошт, які касцёл здолее заплаціць. Займаецца абразом прафесійны мастак, рэстаўратар Яўген Фей:

- Карціну трэба праклеіць, цалкам выдаліць аўтарскі лак, бо праз перапад тэмператур і дрэнныя варункі захоўвання шмат якіх дэталяў на абразе наогул не было відаць, канчаткова ачысціць і старанна заштукаваць апалыя фрагменты, пакрыць рэстаўрацыйным лакам.

Скончыць усе працы плануюць у траўні. Тады, у Ноч музеяў, карціну выставяць у Гомельскім палацава-паркавым ансамблі, а потым абраз адправіцца назад у вясковы касцёл і зойме там пачэснае месца над галоўным алтаром.

Знаходка карціны - гэта вялікая падзея ў духоўным і культурным жыцці Беларусі. Творы Яна Дамеля захоўваюцца ў нацыянальных мастацкіх музеях Літвы і Польшчы. Да гэтага часу было вядома, што ў Беларусі ёсць толькі адна праца Дамеля - абраз Святой Канстанцыі, які знаходзіцца ў Нацыянальным мастацкім музеі ў Менску.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках