19 красавiка 2024, Пятніца, 20:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мамы другога гатунку

94
Мамы другога гатунку

Пасля прынятых беларускімі ўладамі навацый, сума дзіцячых дапамог для маці, якія займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасцю, не павялічылася, а зменшылася.

Згодна з новай рэдакцыяй закона «Аб дзяржаўных дапамогах сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей», якая ўвайшла ў дзеянне, цяпер пры налічэнні дапамог для догляду дзіцяці ва ўзросце да 3-х гадоў будзе брацца ў разлік не бюджэт пражытковага мінімуму, а сярэдні заробак у краіне. Цяпер 35% ад гэтага заробку дзяржава штомесяц выдаткоўвае на ўтрыманне першага дзіцяці, 40% - на другога і наступных дзяцей і 45% - на дзяцей-інвалідаў (незалежна ад чарговасці нараджэння дзяцей у сям'і).

Калі ўзяць у рукі калькулятар і палічыць, то выгады відавочныя: на першае дзіцё маладая мама ў студзені атрымала 1 413 190 рублёў (замест ранейшых 880 030 рублёў), а пасля пераразліку - з лютага да красавіка - будзе атрымліваць 1 542 140 рублёў. Змены закранулі і самотных маці - ім будуць разлічваць дапамогу на агульных падставах.

Аднак абнядоленымі сталіся маладыя мамы, якія занятыя прадпрымальніцтвам. Вось што распавяла карэспандэнту charter97.org адна з іх - Данута Палюшык, якая жыве ў Жабінкаўскім раёне Берасцейскай вобласці:

- Будучы індывідуальным прадпрымальнікам і выхоўваючы дзіцё 10 месяцаў ад нараджэння, я са здзіўленнем даведалася, што са студзеня гэтага года дапамога на яго не толькі не павялічыцца, але і зменшыцца! Як жа такое можа быць?

Згодна з літарай новага закона, «у выпадку выхаду маці на працу на ўмовах, якія прадугледжваюць яе занятасць на працягу больш за палову месячнай нормы», жанчыны, якія выхоўваюць дзіця да трох гадоў, будуць атрымліваць толькі палову належнай ім грашовай дапамогі. Да прыкладу, калі працягваюць працу ІП, у якіх зазвычай ненармаваны працоўны дзень - з раніцы да вечара (а гэта прадаўцы-рэалізатары на рынках, швачкі прыватных фірмаў, натарыусы, адвакаты прыватных кантор ды іншыя катэгорыі), то замест учорашніх 880 030 рублёў самыя актыўныя і прадпрымальныя мамы сваёй краіны атрымаюць толькі па 706 540 рублёў!

Якое ж выйсце з сітуацыі прапануюць нам чыноўнікі? Калі мама-прадпрымальніца захоча атрымліваць дапамогу ў поўным суме, яна павінна часова - на тры гады - спыніць сваю справу. Маўляў, распачаць можна ў кожны момант!.. А ці ўяўляюць гэтыя дараднікі, што значыць закрыць бізнэс на такі тэрмін? Бо ІП - гэта не толькі пасведчанне аб рэгістрацыі і пячатка. Гэта - напрацаваная гадамі кліентура, справовая рэпутацыя, заробак урэшце!

Сёння ў мяне як у індывідуальнага прадпрымальніка працуе адзін найманы работнік - мой муж, а заўтра я, магчыма, адкрыю ПУП з дзясяткам новых працоўных месцаў, з выплатай прыстойных падаткаў і адлічэннямі ў фонд сацыяльнай абароны.

Гаворка не толькі пра грошы, хоць лішнія 8,5 мільёнаў рублёў у год, якія нам не даплацяць, на дарозе не ляжаць. Калі стала вядома, што новы закон усё ж такі ўвайшоў у дзеянне, стала неяк крыўдна і брыдка. Крыўдна за сваё дзіця, а брыдка за сябе. Як перадаць свае хваляванні, калі да цябе на дзявятым месяцы цяжарнасці збіраюцца з праверкай супрацоўнікі Камітэта дзяржкантролю, і ты з малым у жываце млееш ад страху? А сама ў гэты час ляжыш ў шпіталі на захаванні і благаеш лекара цябе адпусціць на дзянёк, бо ў цябе праверка. І адпрошваешся, і ідзеш... Бо ты маеш сваю Справа, у якую ўклала не толькі грошы, але і душу, і яе трэба пакінуць свайму дзіцяці. А чыноўнікі абыякава раяць: «Зліквідуй ІП»!

Але «найвясёлы» час надыходзіць тады, калі ты з дзіцем вяртаешся з радзільні і далей працуеш. Як вы мяркуеце, прадукцыйнасць працы мамы-прадпрымальніцы з немаўлём на руках застанецца ранейшай ці спадзе? І наколькі знізяцца ейныя прыбыткі? А што, дзіцяці трэба менш есці, яго трэба горш адзяваць і абуваць, калі атрымліваеш толькі палову дапамогі? А калі дзіця захварэла? Адказы відавочныя. Тут галоўнае, каб было каму з родзічаў даглядаць малечу, калі ты працуеш.

З нагоды ўсяго гэтага ўзнікае некалькі пытанняў. Няўжо наша дзяржава настолькі бедная і ў краіне такі лішак мам-прадпрымальніц, што выплата іх дзецям паўнавартаснай дапамогі можа прабіць велізарную зеўру у дзяржбюджэце? І як у такіх варунках павялічыць нараджальнасць і ў цэлым палепшыць дэмаграфічную сітуацыю ў Беларусі, як да таго заклікае Лукашэнка?

Напісаць каментар 94

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках