16 красавiка 2024, aўторак, 15:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прафсаюзныя лідэры звярнуліся да Пуціна і Лукашэнкі

27
Прафсаюзныя лідэры звярнуліся да Пуціна і Лукашэнкі

Лідэры найбуйнейшых прафсаюзных аб'яднанняў Расеі і Беларусі падпісалі зварот да правіцеляў дзвюх дзяржаў Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі.

Ліст тычыцца падпісанага Лукашэнкам у снежні мінулага года дэкрэта № 9 «Аб дадатковых мерах па развіццю дрэваапрацоўчай прамысловасці», які фактычна забараняе звальненне па ўласным жаданні па ініцыятыве работнікаў.

Як адзначаецца ў прафсаюзным звароце, у адпаведнасці з гэтым дэкрэтам «адмяняецца права работнікаў галіны на звальненне, што фактычна ўводзіць у адной з частак «саюзнай дзяржавы» прымусовую працу», паведамляе сайт bkdp.org.

Зварот да правіцеляў Расеі і Беларусі падпісалі прэзідэнт Канфедэрацыі працы Расеі Барыс Краўчанка, старшыня Федэрацыі незалежных прафсаюзаў Расеі Міхаіл Шмакаў і старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук. Прафсаюзныя лідэры дзвюх дзяржаў нагадваюць, што з дапамогай прымусу работнікаў «немагчыма вырашыць праблему павышэння эфектыўнасці і прадукцыйнасці працы, хутчэй наадварот - можна атрымаць прама супрацьлеглы вынік».

«Упэўненыя, што шляхі вырашэння праблемы ляжаць зусім у іншай плоскасці, - адзначаецца ў звароце прафсаюзных лідэраў Расеі і Беларусі. - На наш погляд, у свеце не існуе іншага сродку павышэння адказнасці работнікаў, чым эканамічная зацікаўленасць, стымуляванне працаваць эфектыўна і высокапрадукцыйна. Пры гэтым павінна няўхільна забяспечвацца выкананне Канстытуцыі і нацыянальных законаў аб працы, Канвенцый Міжнароднай арганізацыі працы».

«Такі падыход з'яўляецца адзіна правільным, разумным і апраўданым як з сацыяльна-эканамічнага, так і з маральнага пункту гледжання, паколькі фармуе ў працоўнага чалавека пачуццё ўласнай годнасці і самапавагі, а таксама павагі да вынікаў сваёй працы», - падкрэсліваецца ў тэксце звароту . У сувязі з гэтым у адрас кіраўнікоў Расеі і Беларусі гучыць заклік ацаніць наступствы рэалізацыі Дэкрэта № 9 для рабочых і грамадскасці абедзвюх краін.

На думку прафсаюзных лідэраў, адмена гэтага дэкрэта не толькі дазволіць ліквідаваць небяспечны прэцэдэнт працоўных адносін, заснаваных на прымусе, але і дасць магчымасць у далейшым фармаваць заканадаўчую базу ў Расеі і Беларусі на аснове строгага захавання правоў і інтарэсаў работнікаў наёмнай працы.

«Такі крок, несумненна, будзе толькі спрыяць працэсам інтэграцыі, развіццю і росквіту Расеі і Беларусі, дасягненню высакароднай задачы - забеспячэнню годнага жыцця народаў нашых брацкіх краін», - гаворыцца ў тэксце звароту.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках