19 красавiка 2024, Пятніца, 9:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхары вёсак пад Менскам пратэстуюць супраць хімзаводу

19
Жыхары вёсак пад Менскам пратэстуюць супраць хімзаводу

Жыхары вёсак Менскага раёна пратэстуюць супраць адкрыцця завода для вырабу антыфрызаў.

Як паведаміла мясцовая жыхарка, юрыст Вольга Бяляўцова, жыхары вёсак Малінаўка і Драздова Менскага раёна выступаюць супраць адкрыцця ля іх дамоў завода для вырабу антыфрызаў, паведамляе БелаПАН.

15 лютага павінна было адбыцца судовае паседжанне паводле пазову прыкладна 500 мясцовых жыхароў да прадстаўнікоў мясцовай улады і СТАА «М-Стандарт», якое збіраецца адкрыць завод для вырабу ахаладжальных рэчываў і рэагентаў для аўтамабіляў у непасрэднай блізкасці ад дамоў жыхароў вёсак Малінаўка і Драздова. Аднак адказнікі на паседжанне не з’явіліся, і яно перанесенае на 25 сакавіка.

Са слоў Баляўцовай, кампанію супраць адкрыцця хімічнага завода мясцовыя жыхары распачалі яшчэ год таму, суды праходзяць з лета, была арганізавана грамадская экалагічная экспертыза праекта завода. У выніку мясцовым жыхарам удалося дамагчыся прызнання аб'екта экалагічна небяспечным. Так, пры вырабе антыфрызаў выкарыстоўваецца этыленгліколь - таксічнае лёгка запальнае рэчыва, а рэагенты для аўтамабіляў выпускаюцца на аснове мачавіны, якая належыць да чацвёртага класу экалагічнай небяспекі.

Як паведаміла юрыст, цяпер мясцовыя жыхары маюць намер дамагчыся прызнання нядзейнай выдачу зямельных участкаў СТАА «М-Стандарт» і перапрафілявання прадпрыемства ў экалагічна бяспечнае. Паводле горадабудаўнічых дакументаў будаўніцтва экалагічна небяспечнага прадпрыемства не дапускаецца ў тым месцы, дзе пабудаваны будынак завода. СТАА «М-Стандарт» не ўзгадніла з кампетэнтнымі органамі яго месцазнаходжанне. Акрамя таго, праектная дакументацыя сведчыць, што забудоўшчык няправільна разлічыў санітарна-ахоўную зону завода, якая складае толькі 50 м. У адпаведнасці з існымі нарматывамі санітарна-ахоўная зона экалагічна небяспечнага прадпрыемства павінна складаць 300 м, а ў гэтую тэрыторыю трапляе частка жылой забудовы. Нарэшце, у праектнай дакументацыі ўказаная толькі частка крыніц шкоднага ўздзеяння.

У сувязі са шматлікімі парушэннямі завод не прымаецца ў эксплуатацыю, і мясцовыя жыхары маюць намер дамагчыся, каб хімічнае прадпрыемства каля іх дамоў ніколі не запрацавала, заявіла Баляўцова.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках