28 сакавiка 2024, Чацвер, 12:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

За «бясплатную» медыцыну даводзіцца плаціць усё больш

73
За «бясплатную» медыцыну даводзіцца плаціць усё больш

Усё больш відавочна, што сістэма аховы здароўя, заснаваная яшчэ на савецкім падмурку, не адпавядае сучасным нормам і патрабаванням.

Сустракаючыся ў пачатку лютага з міністрам аховы здароўя Васілём Жарко, Лукашэнка заявіў, што дзяржаўныя выдаткі на медыцыну трэба аптымізаваць, і падказаў, што ад бясплатнай медыцыны калісьці трэба будзе адыходзіць, пішуць «Беларускія навіны».

Лукашэнка, які звычайна выхваляецца поспехамі беларускай медыцыны, на гэты раз выказаў незадаволенасць яе станам і запатрабаваў забяспечваць якасць медыцынскага абслугоўвання.

Яшчэ да сустрэчы з міністрам, наведваючы 28 студзеня РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі ў Менску, правадыр заявіў, што да 2015 года трэба скончыць аптымізацыю аховы здароўя: «Трэба ліквідаваць усё і аптымізаваць, каб быў парадак у клініках. А то мы стварылі гэтыя палацы, але калі не будзе лекара, душы, то навошта гэтыя палацы?».

Як правіла, дзяржаўныя СМІ акцэнтуюць увагу на поспехах і дасягненнях беларускай медыцыны: укараненні новых метадаў лячэння, пабудове новых клінік і даступнасці паслуг.

Аднак у рэальнасці ўсё не так гладка: прыёму спецыяліста можна чакаць да двух месяцаў, недахоп месцаў у палатах, праз што хворых вымушаныя размяшчаць і ў калідорах, ды і з новымі клінікамі ёсць пытанні, у прыватнасці, што да якасці будаўніцтва саміх будынкаў.

Усё больш відавочна, што сістэма аховы здароўя, заснаваная яшчэ на савецкім падмурку, не адпавядае сучасным нормам і патрабаванням.

Такое становішча рэчаў пацвярджаецца і міжнароднымі рэйтынгамі. У жніўні 2012 года агенцтва Blumberg апублікавала рэйтынг краін паводле стану здароўя іх жыхароў. Сярод 145 краін Беларусь апынулася на 91-м месцы, з дзяржаў былога СССР выперадзіла толькі Расею (97-е месца).

Несуцяшальныя і звесткі беларускай статыстыкі,што да дэмаграфіі. Так, з 2001 да 2011 год насельніцтва краіны зменшылася на 475,5 тысяч чалавек, што параўнальна з насельніцтвам Гомеля.

Праблемы беларускай медыцыны таксама адлюстраваныя ў рэйтынгу Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у якім Беларусь выявілася на 72-м месцы.

На развязанне праблем медыцыны патрэбныя грошы. Аднак у гэтым пытанні інтарэсы ўладаў і сістэмы аховы здароўя разыходзяцца. Так, калі дзяржаўных кіраўнікоў цікавіць працэс аптымізацыі выдаткаў дзеля эканоміі, то для развіцця медыцыны патрэбныя дадатковыя сродкі.

Паводле дадзеных Агенцтва палітычнай экспертызы, за апошнія пяць гадоў дзяржава выдавала на ахову здароўя блізу 5% ад ВУП, у грашовым эквіваленце гэта склала прыкладна 320 даляраў на душу насельніцтва ў 2012 годзе, а ў 2011 годзе і таго менш - 225 даляраў. Варта адзначыць, што гэтая сума ўтрая меншая, чым у суседняй Польшчы, і ў 14 з гакам разоў - чым у Нямеччыне.

Згодна з рэспубліканскім бюджэтам у 2013 годзе на ахову здароўя будзе накіравана блізу 2,9 млрд. даляраў. Для параўнання: у 2012 і 2011 гадах было накіравана 2,5 млрд. і 2,25 млрд. даляраў адпаведна.

Такім чынам, дзяржаўная падтрымка медыцыны павялічаная, але, кажучы аб патрэбе аптымізаваць выдаткі, прэзідэнт даў зразумець, што на вялікую суму дзяржаўны бюджэт расшчодрыцца ўжо не ў стане.

Пры гэтым застаецца сур'ёзнай праблема заробкаў у гэтай галіне. Паводле звестак Белстата, заробак работнікаў аховы здароўя ў снежні 2012 года склаў 3,75 млн. рублёў. Сярэдні заробак лекараў - 6 млн. 27,5 тыс. рублёў, сярэдняга медыцынскага персаналу - 3 млн. 594,7 тыс. рублёў.

Аднак трэба ўлічваць, што ў снежаньскі заробак уключаная гадавая прэмія, напраўду ж заробак у ахове здароўя ніжэйшы. Так, у лістападзе 2012 года заробак лекараў склаў 5,3 млн. рублёў, а сярэдняга медыцынскага персаналу - 3,17 млн. рублёў. Акрамя таго, заробак медыкаў залежыць ад узроўню падпарадкавання ўстановы і колькасці платных паслуг. Заробак у медыцынскім цэнтры рэспубліканскага значэння будзе вышэйшы, чым у звычайнай паліклініцы.

Няпростая сітуацыя з аплатай працы прывяла да нястачы медыцынскага персаналу, прычым калі буйныя медцэнтры пакутуюць ад гэтага менш, то многія паліклінікі і шпіталі на перыферыі адчуваюць сур'ёзную нястачу кадраў. Паводле афіцыйных звестак, на сённяшні дзень медустановы краіны ўкамплектаваныя на 95,9%.

Паводле слоў намесніка прэм'ер-міністра Анатоля Тозіка, штогод 1100-1200 лекараў сыходзяць з сістэмы аховы здароўя, яшчэ 140-160 з'язджаюць за мяжу, а Беларусь ператварылася ў пастаўніка медыцынскіх кадраў для суседніх дзяржаў.

Але, прызнаючы праблему, улады альбо перакладаюць яе развязанне на саміх лекараў, альбо прапаноўваюць загадзя няўдалыя захады, не жадаючы сур'ёзна рэфармаваць сістэму для падвышэння яе эфектыўнасці. Так, Анатоль Тозік прапанаваў увесці плату за наведванне паліклінікі ў суме 5000 рублёў, а таксама скараціць набор у медыцынскія ВНУ.

Наведваючы РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі, Лукашэнка паабяцаў падвысіць заробкі лекараў, але за кошт аптымізацыі. Гэта азначае, што фонд заробку будзе павялічвацца за кошт змяншэння іншых артыкулаў медыцынскага бюджэту. Таксама прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што заробкі беларускім медыкам могуць быць узнятыя за кошт экспарту медыцынскіх паслуг.

Аднак гэта малаверагодна. У 2012 годзе экспарт медыцынскіх паслуг склаў усяго 22 млн. даляраў, у 2011-м - і зусім 18,5 млн. Такім чынам, план медыцынскага турызму на 2011-2015 гады ў 200 млн. даляраў ужо можна цяпер разглядаць як недарчны, такім чынам, падвышэнне заробку за гэты кошт лекарам чакаць не варта.

Хутчэй за ўсё, у пошуках выхаду з сітуацыі ўлады пойдуць па той схеме, што ўжо ўжываецца ў сістэме адукацыі, гэта значыць стануць скарачаць аб'ём бюджэтных медыцынскіх паслуг і пашыраць аб'ём платных, а дэ-юрэ сістэма аховы здароўя застанецца бясплатнай.

Карані праблем у медыцыне - тыя ж, што і ва ўсіх галінах эканомікі Беларусі. Так, ахова здароўя пакутуе ад залішняй зарэгуляванасць і жорсткай сістэмы планавання.

На сённяшні дзень шпіталі і медыцынскія цэнтры не могуць самастойна выбіраць прыярытэты ў правядзенні медыцынскіх паслуг. Для ўвядзення новых відаў лячэння трэба чакаць дазволу зверху. У дадатак да гэтага, ахова здароўя функцыянуе паводле жорсткага плану: колькасць бюджэтных, пазабюджэтных і замежных пацыентаў, сума валютнай выручкі.

Такім чынам, улады, імкнучыся захаваць савецкую па сутнасці медыцыну, проста страцілі час: існая сістэма не працуе, рэформы пераспелі, а палітычнай волі для карэнных змен у галіне (як і ў цэлым у краіне) няма.

Напісаць каментар 73

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках